У цэнтры ўвагі — падрыхтоўка кадраў

- 11:16Якасць адукацыі

Семінар-нарада для кіраўнікоў профільных устаноў прафесійнай адукацыі і прадпрыемстваў вобласці прайшоў у рэсурсным цэнтры Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.

Прапанова аб правядзенні сустрэчы была выказана 5 лістапада падчас адкрыцця рэсурснага цэнтра старшынёй Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў Уладзімірам Туравінавым і падтрымана начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыем Хомам. Удзельнікі семінара-нарады азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічным і вучэбна-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу, пагутарылі з навучэнцамі, выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання. На нарадзе быў абмеркаваны шэраг праблемных момантаў узаемадзеяння адукацыі, навукі і вытворчасці па напрамках развіцця машынабудавання, фарміравання заказу і падрыхтоўкі кадраў для галіновых прадпрыемстваў, павышэння кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў, неабходнасці змяненняў у пераліку спецыяльнасцей і спецыялізацый, арганізацыі практычнага навучання, прафарыентацыі моладзі, прафесійнай перападрыхтоўкі дарослага насельніцтва, заахвочвання і замацавання маладых спецыялістаў у рэгіёне.

У той жа дзень на Аршанскім ільнокамбінаце Дзмітрый Хома правёў рабочую сустрэчу з генеральным дырэктарам прадпрыемства Уладзімірам Несцярэнкам па пытаннях падрыхтоўкі кадраў, па выніках якой адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва і вядучых спецыялістаў ільнокамбіната, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і Аршанскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава — галоўнага пастаўшчыка кадраў для прамысловага гіганта. Аршанскі льнокамбінат не мае аналагаў у свеце па канцэнтрацыі льноапрацоўчых вытворчасцей на адной тэхналагічнай пляцоўцы з магчымасцю апрацоўкі льновалакна любой даўжыні і выпуску шырокага спектра прадукцыі. Так, адзін з тэхналагічных ланцугоў дазваляе вырабляць беларускі батыст — тканіну, адзін квадратны метр якой лёгка праходзіць праз заручальны пярсцёнак. Камбінат — самае вялікае ў Еўропе галіновае прадпрыемства з адпаведным аб’ёмам вытворчасці, якое выпускае каля 8 працэнтаў сусветнага тэкстылю. Пасля праведзенай мадэрнізацыі ўмовы працы тут наблізіліся да сучасных стандартаў. На дадзены момант на вытворчасці працуе каля 180 рабочых з вышэйшай няпрофільнай адукацыяй, пераважна эканамісты і менеджары. Разам з тым нават пры высокай сярэдняй заработнай плаце (па некаторых спецыяльнасцях — каля 1500 рублёў) назіраецца пэўны дэфіцыт рабочых кадраў. На нарадзе была выпрацавана агульная стратэгія ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых бакоў у вырашэнні праблемных пытанняў і каардынацыі далейшага супрацоўніцтва ў адзначаным напрамку. У прыватнасці, унесены прапановы аб павелічэнні ў вучэбных планах гадзін, адведзеных на практычнае навучанне, пашырэнні набору на запатрабаваныя спецыяльнасці і ўвядзенні стыпендый ад прадпрыемства навучэнцам ліцэя — будучым работнікам ільнокамбіната.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.