У цэнтры ўвагі — якасць дапаможнікаў

- 16:10Актуально, На парадку дня

Стратэгію ўдасканалення вучэбных дапаможнікаў і праграм абмеркавалі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пра дарожную карту гаварылі падчас выніковай нарады па пытаннях павышэння якасці вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Ключавы аспект

У зале музея вучэбнай кнігі АПА сабраліся аўтары вучэбных дапаможнікаў, члены і старшыні прадметных камісій, кіраўніцтва Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Нарада прайшла пад старшынствам міністра адукацыі Андрэя Іванца.

Міністр падкрэсліў, што якасць падручнікаў — ключавы аспект забеспячэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі, таму гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі дзяржавы. 

Па выніках праверкі, праве­дзенай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у лютым — сакавіку 2022 года, быў выяўлены шэраг недахопаў школьных вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў. Сярод іх: перагружанасць навуковай інфармацыяй, складанымі для разумення навучэнцаў тэрмінамі, азначэннямі; неадпаведнасць аб’ёму вучэбнага матэрыялу часу, адведзенага на яго вывучэнне; неадпаведнасць зместу вучэбных дапаможнікаў прынцыпам дыдактыкі, у першую чаргу прынцыпам даступнасці, сістэматычнасці і паслядоўнасці выкладання вучэбнага матэрыялу.

Конкурс  на стварэнне вучэбных дапаможнікаў, арганізацыя шматступеньчатай экспертызы аўтарскага арыгінала, арганізацыя рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі, выданне тыражу — абавязковыя ўмовы атрымання якаснага падручніка.

Такія высновы грунтуюцца ў тым ліку на выніках доследных праверак вучэбных дапаможнікаў, праведзеных Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Для шырокага абмеркавання абноўленых вучэбных дапаможнікаў, вызначэння мер, якія паспрыяюць ліквідацыі выяўленых праблем і павышэнню якасці вучэбных дапаможнікаў, былі праведзены дыялогавыя пляцоўкі на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі, у рабоце якіх удзельнічалі аўтары вучэбных дапаможнікаў, рэцэнзенты, настаўнікі, метадысты.

На фінальным абмеркаванні якасці вучэбных дапаможнікаў падвялі вынікі праведзеных дыялогавых пляцовак і агучылі прапановы па ўдасканаленні вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў, якія паступілі ад настаўнікаў:  

забяспечыць адпаведнасць патрабаванняў вучэбнай праграмы часу, вызначанаму на вывучэнне вучэбнага прадмета; 

адкарэкціраваць вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах з улікам міжпрадметных сувязей; 

пераразмеркаваць вучэбны матэрыял паміж класамі; 

пачынаць вывучэнне хіміі з 8 класа;

чарчэнне вывучаць у 9 класе;

павялічыць аб’ём вучэбных дапаможнікаў;

упарадкаваць структуру ву­чэбных дапаможнікаў;

размясціць дапаможны ма­тэрыял да падручнікаў на электронным адукацыйным рэсурсе (з доступам па QR-кодзе);

выдаць вучэбныя матэрыялы для павышанага ўзроўню вывучэння вучэбнага прадмета на друкаванай аснове.

Акрамя таго, на ўсіх дыялогавых пляцоўках гаварылі пра метадычную падтрымку педагогаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі.

Прадмет аналізу

На пасяджэнні ў АПА яшчэ раз было падкрэслена, што выказаныя прапановы і заўвагі стануць прадметам аналізу спецыялістаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтарскіх калектываў, прадметных секцый навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі, секцый Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі.

У працяг гаворкі пра ўдасканаленне вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў міністр адукацыі адзначыў: “Мы павінны правесці дапрацоўку вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў, прывесці іх у адпаведнасць з узроставымі, пазнавальнымі асаблівасцямі навучэнцаў, забяспечыўшы даступную падачу вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым павінны быць улічаны вынікі дыялогавых пляцовак, доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў, вынікі анкетавання навучэнцаў і педагогаў, заўвагі, якія паступілі на інфалінію нацыянальнага адукацыйнага партала, вынікі праведзеных рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах.

Да таго ж работа па ўдасканаленні вучэбных дапаможнікаў павінна мець комплексны характар. Па выніках праведзенага аналізу вучэбных дапаможнікаў неабходна вызначыць тыя, што трэба старанна перапрацаваць. У нас ёсць план выдання і перавыдання вучэбных дапаможні­каў. Падыход вельмі просты: калі дапаможнік добры, то няма неабходнасці яго перавыдаваць. Калі ж падручнік мае шмат недахопаў, а ў плане стаіць на перавыданне праз 5 гадоў, то яго трэба перавыдаць цяпер”.

Нядаўна адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе была ўнесена прапанова, каб навучэнцы 10—11 класаў гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю вывучалі як інтэграваную дысцыпліну — “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Такая прапанова звязана з устанаўленнем пераемнасці паміж школьнай і вышэйшай гістарычнай адукацыяй.

“З 1 верасня ва ўсіх універсітэтах краіны будзе ўведзена дысцып­ліна “Гісторыя беларус­кай дзяржаўнасці”. Прыходзячы ў нашы ўстановы вышэйшай адукацыі, школьнікі павінны разу­мець гэты інтэграваны курс. Распрацоўка школьнага інтэграванага курса дазволіць аб’яднаць гадзіны, прадугледжаныя на вывучэнне гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, што ў сваю чаргу дасць магчымасць павялічыць іх колькасць і падрыхтаваць школьнікаў да ўніверсітэцкага курса “Гісторыя беларускай дзяржаў­насці”, — адзначыў міністр.

Ужо з 1 верасня ўступяць у сілу новыя вучэбныя планы. Абнаўленне закране вывучэнне такіх вучэбных прадметаў, як хімія, чарчэнне, астраномія, беларуская, руская мовы, руская і беларуская літаратуры.

У прыватнасці, на вывучэнне рускай мовы і літаратуры, беларус­кай мовы і літаратуры ў 10—11 класах павялічваецца коль­касць гадзін.

Міністр таксама адзначыў, што сур’ёзную работу трэба бу­дзе правесці і ў плане павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у звязцы з АПА, НІА, абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі.

Неабходна трансфармацыя

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук нагадала, што з 2015 па 2021 год у адукацыйную практыку былі паэтапна ўкаранёны 217 новых вучэбных дапаможнікаў для 1—11 класаў. Разам з тым яна адзначыла, што набыты вопыт напісання і выдання падручнікаў патрабуе трансфармацыі. “Цяпер мы робім выснову аб тым, што новыя вучэбныя дапаможнікі (асабліва тыя, што ствараюцца абсалютна новымі аўтарскімі калектывамі) павінны спачатку прайсці апрабацыю на базе некалькіх устаноў адукацыі, а затым ўкараняцца ў масавую практыку”, — сказала яна. 

Якасць падручнікаў — ключавы аспект забеспячэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў да перавыдання будзе весціся работа па ўключэнні ва ўсе аўтарскія калектывы настаўнікаў-практыкаў. У сувязі з гэтым прагучала прапанова стварыць банк рэцэнзентаў і патэнцыяльных аўтараў падручнікаў. З 2022/2023 навучальнага года запрацуе пастаянна дзеючы семінар для рэцэнзентаў, аўтараў вучэбных дапаможнікаў, удзельнікаў доследнай праверкі з мэтай абмеркавання пытанняў, звязаных з распрацоўкай вучэбных дапаможнікаў, прадстаўленнем у іх зместу адукацыі, ацэнкай іх якасці. Дарэчы, гэтую ініцыятыву вельмі ўхвалілі аўтары вучэбных дапаможнікаў, бо ім неабходна пляцоўка для сустрэч з настаўнікамі.

Валянціна Васільеўна нагадала, што на нацыянальным адукацыйным партале дзейнічае рубрыка “Новыя вучэбныя праграмы. Новыя падручнікі”, у якой размяшчаюцца ўсе абноўленыя вучэбныя праграмы і падручнікі. Усе зацікаўленыя ў якасці школьных падручнікаў могуць звярнуцца на інфалінію партала з пытаннямі і прапановамі. Тут жа мож­на задаць пытанне любому аўтару пад­ручніка.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

З пачатку 2017 года гэты раз­дзел партала наведалі 166 125 чалавек, з пытаннямі і прапановамі звярнуліся толькі 192 чалавекі.

Гаворачы пра ўдасканаленне сістэмы вучэбнага кнігавыдання, дырэктар НІА акцэнтавала ўвагу на ключавых момантах: конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў, арганізацыя шматступеньчатай экспертызы аўтарскага арыгінала, арганізацыя рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі, выданне тыражу — абавязковыя ўмовы атрымання якаснага пад­ручніка.

Каб рэалізаваць гэты цыкл, існуючы парадак напісання і выдання вучэбных дапаможнікаў будзе ўдасканалены праз:

правядзенне семінараў для аўтараў, рэцэнзентаў вучэбных дапаможнікаў, удзельнікаў дос­леднай праверкі;

адпрацоўку механізма ўзаемадзеяння аўтарскіх калектываў і рэцэнзентаў (абавязковае сумеснае абмеркаванне дапрацаваных пасля рэцэнзавання вучэбных дапаможнікаў); 

ажыццяўленне рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі вучэбных дапаможнікаў профільнымі рэдактарамі.  

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.