“Удзел у пошукавым руху — гэта заўсёды эмоцыі, дотык да жывой гісторыі, знаёмства з чалавечымі лёсамі”

- 11:51Краязнаўства

У 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пошукавая работа па ўстанаўленні імён чырвонаармейцаў, якія загінулі і прапалі без вестак, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, пашпартызацыя мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, набываюць асаблівую значнасць, прычым не толькі ў юбілейны год. Памяць пра подзвіг народа, пра свайго бацьку, дзеда, прадзеда патрэбна кожнаму з нас і ў першую чаргу будучым ваенным, сённяшнім кадэтам. Пра асаблівасці пошукавай работы, пра тое, як далучаць да яе моладзь, дзеліцца кіраўнік клуба “Пунсовыя пагоны” настаўнік гісторыі Гомельскага кадэцкага вучылішча Павел Уладзіміравіч ДЗЕНІСЕНКА.

П.У.Дзенісенка з рэшткамі радыёстанцыі, знойдзенымі на месцы баёў каля былой вёскі Чырвоная Даліна.

Сярод мноства напрамкаў края­знаўчай работы даследаванні па тэме Вялікай Айчын­най вайны — самыя адказныя, самыя эмацыянальныя, самыя непрадказальныя. І гэта невыпадкова: яшчэ не хутка загояцца раны, якія пакінула вайна ў лёсе нашага народа, не хутка будуць устаноў­лены імёны ўсіх воінаў, якія абаранялі ў 1941-м, змагаліся ў 1942-м, вызвалялі ў 1943-м і 1944 гадах беларускую зямлю ад нацызму. Устанаўленне імёнаў, вывучэнне лёсу герояў з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў работы “Пунсовых пагонаў”.

“Многія не ведаюць, што вялікія пласты гістарычных дакументаў знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце. Дастаткова толькі зрабіць запыт — і можна даведацца пра подзвіг свайго дзеда, прадзеда, убачыць запісы ў журналах баявых дзеянняў, як ён ваяваў”.

Стварэнне клуба ў студзені 2014 года, па словах Паўла Ула­дзіміравіча, справа выпадковая. Ніякіх загадаў не было, ніхто афіцыйных дакументаў не накіроўваў. Штуршком стала наведванне кадэтамі перапахавання ў вёсцы Заспа Рэчыцкага раёна лётчыка Аляксандра Іванавіча Цітаўца. Яго рэшткі прывезлі з Ленінградскай вобласці, дзе ў 1942 годзе самалёт героя быў збіты. Кадэты ўпершыню сутыкнуліся з жывой гісторыяй. Не з фільмамі, не з падручнікамі, не з творамі мастацтва, а ўбачылі рэальныя эмоцыі людзей, якія сустракалі роднага, што вярнуўся да іх больш чым праз 70 гадоў. Гэтае перапахаванне стала зыходным пунктам пошукавай дзейнасці гомельскіх кадэтаў.

Фрагмент экспазіцыі ў штабе клуба.

“Ад чалавека, які знаходзіцца на раскопе, ад яго пільнасці, вопыту залежыць лёс людзей, у першую чаргу родных, якія многія гады, дзесяцігоддзі шукаюць звесткі, жывуць надзеяй убачыць калі не рэшткі таты або дзядулі, то хаця б даведацца пра месца яго гібелі і пахавання”.

— Асабіста мяне да пошукавага руху далучыла журналіст Таццяна Сяргееўна Якіменка. Станаўленне клуба — гэта станаўленне мяне як чалавека, таго, хто імкнецца глыбока вывучаць тэму Вялікай Айчыннай вайны. Толькі сімбіёз зацікаўленасці выкладчыка і навучэнца, іх сумесная работа могуць даць плённы вынік. Напрыклад, 272 асабістыя справы па жыхарах аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна — гэта вынік працы мяне як кіраўніка клуба і Насці Адамавай як кадэта. Мы не першыя даследчыкі ваеннага лёсу гэтага населенага пункта, аднак і на нашу долю прыйшлося 46 імён, не пазначаных ні на помніках, ні ў кнізе “Памяць”. Удзел у пошукавым руху — гэта заў­сёды эмоцыі, дотык да жывой гісторыі, знаёмства з чалавечымі лёсамі. Напрыклад, у Пакалюбічах мы прынеслі дакументы на Івана Захаравіча Барабанава яго сыну, якому было ўсяго 9 месяцаў, калі тата пайшоў на фронт. Ён яго не памятае, толькі чуў пра бацьку ад родных, але усё сваё жыццё захоўваў партрэт таты, марыў, што калі-небудзь знойдзе яго. Нам удалося прайсці шлях ад моманту знаходжання астанкаў Івана Захаравіча да таго моманту, калі яго сын прыехаў у Смаленскую вобласць і пабываў на месцы пахавання таты, — падзяліўся Павел Уладзіміравіч.

Пошукавая работа складаная і адказная, асабліва нясенне Вахты памяці. Ад чалавека, які знаходзіцца на раскопе, ад яго пільнасці, вопыту залежыць лёс людзей, у першую чаргу родных, якія многія гады, дзесяцігоддзі шукаюць звесткі, жывуць надзеяй убачыць калі не рэшткі таты або дзядулі, то хаця б даведацца пра месца яго гібелі і пахавання. За час нясення чатырох вахт памяці гомельскія кадэты пад кіраўніцтвам Паўла Уладзіміравіча знайшлі рэшткі 213 чырвонаармейцаў, якія былі эксгумаваны і перапахаваны, і 643 чырвонаармейцы, чые імёны былі адноўлены па дакументах.

Настасся Адамава дзеліцца вынікамі пошукаў.

“Галоўнае — вынік пошукаў. Шмат кадэтаў запісваюцца ў клуб, і калі пасля першага задання ім не ўдаецца знайсці звесткі пра родных, іх цікавасць згасае. Калі вынік ёсць, то будзе далейшае развіццё”.

Пры стварэнні клуба была пастаўлена мэта ўвекавечання памяці чырвонаармейцаў, а задачы, формы і метады дасягнення мэты мяняюцца ў працэсе работы. Першы напрамак дзейнасці — пошук звестак пра родных саміх кадэтаў. Першакурснікам прапаноўваецца знайсці звесткі пра сваіх сваякоў. Нехта гаворыць, што яго родныя не ваявалі, іншыя — што ўсё ўжо ведаюць. Як потым аказваецца, абодва гэтыя меркаванні памылковыя. Напрыклад, кадэт Іван Бронаў знайшоў 9 сваіх родных, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Пачынаў пошукі з прадзеда, а потым паступова знайшоў і астатніх родзічаў. Значную работу (5 своеасаблівых тамоў), прысвечаную сваім пра­дзедам і жыхарам Пакалюбіч, правяла Настасся Адамава.

— Галоўнае — вынік пошукаў. Шмат кадэтаў запісваюцца ў клуб, і калі пасля першага задання ім не ўдаецца знайсці звесткі пра родных, іх цікавасць згасае. Калі вынік ёсць, то будзе далейшае развіццё. Калі седзячы за камп’ютарам і перабіраючы дзясяткі, сотні дакументаў кадэт адшуквае тое, што яму неабходна, у падлетка пачына­юць літаральна гарэць вочы! Калі кадэт знайшоў звесткі пра родных, то гэта ўжо палова поспеху. Калі кадэты пабывалі на мерапрыемствах клуба — гэта яшчэ пэўны працэнт поспеху. Калі кадэт на Вахце памяці, непасрэдна на саміх раскопках, то можна гаварыць, што ён будзе з клубам на працягу ўсяго перыяду навучання ў вучылішчы. Прыемна, што і пасля завяршэння навучання нашы выпускнікі не забываюць тое, чым займаліся, — падзяліўся кіраўнік “Пунсовых пагон”.

Яшчэ адзін напрамак работы клуба — верыфікацыя пахаванняў (зверка спісаў пахаваных) на тэрыторыі Гомеля і Гомельскага раёна. Тут супрацоўніцтва наладжана і з гарвыканкамам, і з райвыканкамам. “Многія не ведаюць, што вялікія пласты гістарычных дакументаў знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце. Дастаткова толькі зрабіць запыт — і можна даведацца пра подзвіг свайго дзеда, прадзеда, убачыць запісы ў журналах баявых дзеянняў, як ён ваяваў, — гаворыць Павел Уладзіміравіч. — Пра гэта трэба ведаць, пра гэта трэба гаварыць. Гэта цікава моладзі, таму што яны ў гаджэтах, у інтэрнэце, але часта выкарыстоўваюць іх для забавы, а не для атрымання ведаў. Тут жа ёсць магчымасць набыць веды пра сваю малую радзіму, пра свой радавод. Мая задача як кіраўніка клуба — прывіць кадэтам цікавасць да гісторыі сваёй сям’і, свайго горада, вёскі, Радзімы”, — адзначыў Павел Уладзіміравіч.

Яшчэ адзін напрамак работы — супрацоўніцтва з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам. Тое, што напрацоўваецца за зіму ў архівах, потым пацвярджаецца або абвяргаецца практычна, падчас правядзення раскопак разам з ваеннаслужачымі. Адначасова з пошукамі ідзе вывучэнне мясцовай гісторыі. Мы ведаем агульныя гістарычныя факты пра Вялікую Айчынную вайну, аднак часта тое, што адбывалася ў родным горадзе, вёсцы, што калісьці характарызавалася як “баі мясцовага значэння”, нам малавядома. А за гэтымі баямі часта прыхаваны эпізоды, дастойныя напісання кнігі і здымкаў фільма.

Кадэты — людзі адказныя, уважлівыя, сур’ёзныя.

Пра плённыя вынікі дзейнасці клуба сведчаць шматлікія прадметы, знойдзеныя падчас раскопак і якія цяпер захоўваюцца ў кабінеце гісторыі — своеасаблівым штабе “Пунсовых пагонаў”. Рэчы розныя, і кожная яскрава сведчыць пра вайну. Напрыклад, іржавыя каскі былі прывезены гомельскімі кадэтамі са Смаленшчыны, дзе загінуў Іван Захаравіч Барабанаў. Металічнае кола — ад англійскага танка Mk.III Valentine, на якім ваяваў Сярге­й Леанідавіч Гампер. Ён быў вучоным-фізікам, меў бронь, мог на вайну не ісці, але прыняў рашэнне паступіць у танкавае вучылішча і восенню 1943-га апынуўся пад Гомелем. Падчас фарсіравання Сожа яго танк падарваўся на міне (кадэтам удалося знайсці кола, вызначыць дакладнае месца бою). Экіпаж выжыў і перасеў на Т-34, аднак літаральна праз паўтара кіламетра, каля вёскі Старыя Дзятлавічы Гомельскага раёна, байцы трапілі пад масіраваны артылерыйскі аб­стрэл і загінулі.

— Прадметы, якія для аднаго чалавека не ўяўляюць каштоўнасці, у іншага выклікаюць шмат эмоцый. Прыязджала да нас аднойчы нямецкая дэлегацыя па лініі дабрачыннасці і завітала ў вучылішча, — расказвае Павел Ула­дзіміравіч. — Вось на гэтым нямецкім кацялку напісана імя і прозвішча салдата. Імя Віктар чытаецца, а прозві­шча — не: надпіс прабіты асколкам. Адна з пажылых немак плакала, бо недзе тут загінуў яе бацька Віктар, аднак знайсці месца яго гібелі ёй не ўдалося. Напрыклад, гэтая ікона была знойдзена ў 2018 годзе ў вёсцы Новыя Дзятлавічы. Там мы сталі сведкамі кранальнай гісторыі. Бабуля, якой было далёка за 80, усё жыццё даглядала магілу, на якой знаходзіўся крыж і гэтая ікона. У 2016 годзе жанчына памерла, а ў 2018 го­дзе падчас раскопак высветлілася, што магіла пустая. Жанчына ўсё жыццё даглядала пахаванне, якога не было. І падобных гісторый вялікае мноства.

У клуба ўжо шмат традыцый. Адна з іх — палявыя выезды на тэрыторыю 65-га Мазырскага ўмацаванага раёна, часцей за ўсё на чыгуначную станцыю Пціч Петрыкаўскага раёна, дзе знаходзіцца адзін з дотаў з падземнымі хадамі агульнай працягласцю каля 300 м. Кадэтам тут цікава, ім важна расказваць пра ваеннае мінулае не толькі традыцыйнымі мерапрыемствамі, а непасрэдна праз дотык да жывой гісторыі. Так лічыць Павел Уладзіміравіч Дзенісенка — прыклад для сваіх выхаванцаў, і, безумоўна, прыклад для калег як кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі і як сапраўднага краязнаўца-пошукавіка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.