Украіна: мінадукацыі і навукі зменіць сістэму фінансавання ВНУ

- 11:59Паралелі

Рэфармаванне сістэмы фінансавання вышэйшай адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных заданняў Міністэрства адукацыі і навукі на 2016 год. Пра гэта, як паведаміла Освіта.UA, падчас нарады з кіраўнікамі дэпартаментаў адукацыі і дырэктарамі абласных інстытутаў сказаў міністр адукацыі Сяргей Квіт.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе міністэрства будзе ініцыіраваць унясенне змяненняў у бюджэтны кодэкс з мэтай адмены абавязковага зацвярджэння штатных раскладаў універсітэтаў у міністэрстве.
Акрамя таго, плануецца распрацаваць законапраект аб фінансаванні вышэйшай адукацыі. Міністр адзначыў, што сёння фінансаванне вышэйшых навучальных устаноў ажыццяўляецца праз дзяржаўны заказ.
Сяргей Квіт перакананы, што гэтая сістэма сябе вычарпала, а галоўная ідэя новай сістэмы заключаецца ў тым, што фінансаванне ўніверсітэтаў будзе дзяліцца на базавае і тое, што паступае ад абітурыентаў.
“Будуць высокія патрабаванні да ўніверсітэтаў, каб атрымаць базавае фінансаванне для сваёй жыццядзейнасці. Такім чынам мы падтрымаем лепшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы”, — сказаў міністр.
Разам з тым ён падкрэсліў, што скарачэнне колькасці ВНУ не будзе ўплываць на колькасць выкладчыкаў і студэнтаў.