Украіна: стартавала інфакампанія “#СтопБулінг”

- 14:10Паралелі

Міністэрства юстыцыі ў рамках праекта “Я МАЮ ПРАВА!” пры садзейнічанні Нацыянальнай паліцыі Украіны пачынае інфармацыйную кампанію “#СтопБулінг”, арыентаваную на дзяцей і іх бацькоў.

У ведамстве адзначаюць, што булінг — гэта агрэсіўныя і вельмі непрыемныя свядомыя паводзіны аднаго дзіцяці або групы дзяцей адносна іншага дзіцяці, якія суправаджаюцца рэгулярным фізічным і псіхалагічным ціскам, што з’яўляецца вострай праблемай сучаснасці.

Па даных даследавання UNICEF Украіны, за 2017 год 67% дзяцей сутыкаліся з булінгам, а 40% пацярпелых ад ганенняў наогул ні з кім не дзяліліся праблемай і не звярталіся па дапамогу.

Па даных даклада Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2016 годзе Украіна займала 9-е месца сярод 42 даследаваных краін па долі ахвяр булінгу сярод 15-гадовых падлеткаў.

У Міністэрстве юстыцыі падкрэсліваюць, што найбольш распаўсюджаным з’яўляецца псіхалагічны і фізічны булінг.

Аднак як вынік распаўсюджвання ролі камунікацыйных тэхналогій — тэлефоннай сувязі, інтэрнэту і сацыяльных сетак — з’яўляецца новы від цкавання — кібер-булінг. Гэта не проста выхадкі ці грубасць, гэта адмысловая форма ўзаемаадносін паміж дзецьмі, якая пры адсутнасці рэагавання можа перарасці ў гвалт.

“Таму надзвычай важна неабыякавасць бацькоў да свайго дзіцяці і пастаяннае адсочванне сітуацыі — настрою і стану дзіцяці. Акрамя таго, не варта забываць аб цесным кантакце з класным кіраўніком, наладжванні камунікацыі з іншымі бацькамі ў класе”, — падкрэсліваюць у Міністэрстве юстыцыі.

У межах кампаніі “#СтопБулінг” распрацаваны інфармацыйныя матэрыялы, з якіх можна даведацца, якія віды булінгу існуюць і як дзейнічаць у сітуацыі, калі вы сталі сведкам булінгу. У іх таксама ўтрымліваецца інфармацыя для бацькоў, чые дзеці сталі ахвярамі цкавання ці, наадварот, здзяйсняюць гвалт у дачыненні да іншых дзяцей.