Улады заявілі, што не спраўляюцца з патокам бежанцаў

- 10:24Інфармацыйная гадзіна

Каралеўства Швецыя ўвяла пашпартны кантроль на мяжы з Даніяй у ноч на 4 студзеня.

Кантроль уведзены для пасажыраў, якія прыбываюць як па мосце праз праліў Эрэсун, так і на паромах. Такія меры звязаны з тым, што колькасць бежанцаў з Блізкага Усходу, якія імкнуцца трапіць у Швецыю, не змяншаецца. У мінулым годзе агульная колькасць вымушаных мігрантаў перавысіла 160 тысяч. Як правіла, гэта бежанцы з Афганістана, Ірака і Сірыі.
Прадстаўнікі шведскіх улад заявілі, што не спраўляюцца з патокам бежанцаў, і вырашылі, што аддадуць прыярытэт сем’ям з дзецьмі. Раней, у лістападзе 2015 года, Швецыя ўжо ўводзіла пашпартны кантроль. Гэтыя меры, з аднаго боку, дазваляюць абмяжоўваць патокі нелегальных мігрантаў, з другога — выклікаюць нязручнасці для прыкладна 70 тысяч чалавек, якія штодзень пераязджаюць па Эрэсунскім мосце з Капенгагена ў Мальмё і наадварот. У асноўным гэта тыя, хто жыве ў Даніі, але працуе ў Швецыі. Больш за тое, гэты мост з’яўляецца важнай транспартнай артэрыяй, якая злучае Данію з іншымі скандынаўскімі дзяржавамі. Зараз з-за пашпартнага кантролю схема руху цягнікоў, якія ідуць праз гэты мост, зменена.