Улаховіч: кожны грамадзянін павінен ісці на выбары

- 11:19Выбары 2015

У Беларусі неабходна сумясціць бясплатную медыцыну з платнай, заявіў кандыдат у Прэзідэнты Мікалай Улаховіч у сваім радыёзвароце да выбаршчыкаў.

“Мы заўсёды заўважаем, што ў нас бясплатная ахова здароўя і пачынаем наводзіць свае парадкі. На самай справе я хачу сказаць, што, можа, тут трэба сумясціць платную і бясплатную медыцыну”, – сказаў кандыдат.
Мікалай Улаховіч дадаў: “Хто, магчыма, сам асабіста зможа плаціць за сваё лячэнне, той будзе дапамагаць астатнім – менш сацыяльна забяспечаным слаям. Гэта дало б магчымасць павысіць і зарплату ўрачам”. Пры гэтым ён лічыць, што павелічэнне зарплаты – не адзіны напрамак, які зможа зрабіць сістэму аховы здароўя больш эфектыўнай. “Толькі адна зарплата не вырашае гэтых пытанняў. Па-першае, трэба будаваць добрыя лячэбныя цэнтры. Асобныя такія ўжо існуюць”, – сказаў кандыдат.
Ён падкрэсліў, што гэтыя цэнтры трэба аснашчаць сучасным абсталяваннем, і на такой базе можна будзе падрыхтаваць кваліфікаваных урачоў.
Акрамя таго, у звароце Улаховіч адзначыў, што краіне патрэбны рэформы, але прадуманыя і паступовыя.
Кандыдат у Прэзідэнты Мікалай Улаховіч у сваім радыёзвароце адзначыў, што кожны грамадзянін Беларусі павінен ісці на выбары.
“Кожны грамадзянін, які пойдзе цяпер на выбары, павінен разумець, што выконвае свой канстытуцыйны абавязак. Ён абавязаны пайсці. Няхай ён выкажа свой пункт гледжання: “за” або “супраць”. На выбары ён пайсці павінен”, – сказаў Мікалай Улаховіч.
Кандыдат дадаў, што, калі выбаршчык не ідзе на выбары, то размова ідзе аб вяласці, якая не мае ніякага дачынення да талерантнасці. “Наогул нейкае ўяіўленне аб самім беларусе, якое складваецца, мяркую, і на Захадзе, і ў Расіі… Вось ён такі талерантны, вялы, неактыўны. Лічу, што гэта далёка не так. Я бачыў нашых, маіх саратнікаў – беларусаў, якія працавалі і за межамі нашай Радзімы, у Расіі. Іх заўсёды цанілі як адных з лепшых спецыялістаў, як людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй”, – сказаў ён.
Улаховіч выказаў упэўненасць, што кожны грамадзянін прыйдзе на выбарчы ўчастак. Ён дадаў, што пэўныя сілы спадзяюцца, што гэтага не адбудзецца, і хочуць зрабіць з гэтых выбараў “зусім іншую карцінку”. Кандыдат раскрытыкаваў такія апазіцыйныя сілы. Ён адзначыў, што тыя, хто гавораць, што ў Беларусі няма выбараў, глыбока памыляюцца. Палітык дадаў, што “беларуская апазіцыя – гэта нацпатрыёты, за якімі няма народа”. “У іх няма канструктыўнасці. Яны не могуць да сённяшняга дня выбраць адзінага кандыдата для сябе”, – сказаў ён.