Сваімі меркаваннямі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася Ульяна Жандарава-Лявонава з Гарадка Віцебскай вобласці, якая стала дырэктарам школы ў 25 гадоў і ўваходзіць у склад Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
— На мінулым тыдні пачалася работа новага склікання Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Для вас гэта не першы вопыт парламенцкай дзейнасці. З якім настроем вярнуліся дадому са сталіцы?
— З рабочым. Першае пасяджэнне прайшло ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на вельмі высокім узроўні. У ім прымала ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая курыруе нашу работу, заўсёды адгукаецца на нашы ідэі і дапамагае іх ажыццявіць, запрашае да ўдзелу ў розных мерапрыемствах, дзе мы можам пераняць каштоўны вопыт. Для мяне вялікія гонар і адказнасць — быць сярод васьмі парламентарыяў, перавыбраных са складу другога склікання. Працягваю работу ў камісіі па пытаннях навукі і адукацыі, на сёння мы ўжо акрэслілі шэраг прыярытэтных задач па сваім напрамку і пачалі працаваць над іх рашэннем. У цэлым перад Маладзёжным парламентам задачы пастаўлены маштабныя і планка высокая, бо мы ў мінулым скліканні насамрэч многае зрабілі. Цяпер трэба дасягнуты вынік прымножыць, у тым ліку рэалізаваць новыя ініцыятывы і праекты, нацэленыя на карысць краіны і грамадства.
Для моладзі ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця, самарэалізацыі, асобаснага і прафесійнага росту. Кіраўніком дзяржавы вызначаны ключавыя напрамкі маладзёжнай палітыкі, закладзены прававыя асновы.
Па ініцыятыве Савета Рэспублікі абноўленая Канстытуцыя дапоўнена артыкулам, дзе зацверджана, што “дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці”. У святле такой значнай падзеі, як выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нам неабходна яшчэ больш згуртавацца, каб сваім прыкладам паказваць равеснікам: абавязак кожнага грамадзяніна і патрыёта — зрабіць у студзені наступнага года правільны выбар.
— Напярэдадні паездкі ў Мінск вы ўзначалілі калектыў Вышадскай сярэдняй школы імя М.І.Гапяёнка. Што паспрыяла прафесійнаму росту самага маладога дырэктара ў Гарадоцкім раёне?
— Магчыма, галоўным рухавіком служыць мая актыўная жыццёвая і грамадзянская пазіцыя, неабыякавасць да людзей і таго, што адбываецца навокал. У маёй роднай сярэдняй школе № 2 Гарадка мне прывілі любоў да вучобы і грамадскай дзейнасці.
Надзвычай важна для нашай агульнай будучыні, што мы з дзіцячага сада і школы развіваем у дзецях патрыятызм. Для мяне любоў да роднага краю і Радзімы заўсёды не на словах, а ў сэрцы і канкрэтных учынках. Зацікавіла цябе справа, бачыш, што яна карысная для людзей, — не праходзь міма, бярыся і зрабі добрасумленна.
Аднаму не пад сілу — знайдзі аднадумцаў, зрабіце разам. У прафесійным аспекце гэта тое галоўнае, што кожны настаўнік абавязаны перадаць вучням, найперш на ўласным прыкладзе. Некалі ўслед за маці, якая ўсё жыццё прысвяціла рабоце ў сельскай школе, я выбрала педагагічную спецыяльнасць, а месцам вучобы менавіта рэгіянальны ўніверсітэт, ВДУ імя П.М.Машэрава, прычым паступіла туды па мэтавым накіраванні. У студэнцкі час уладкавалася выхавальнікам у цэнтр дашкольнага развіцця дзіцяці № 2 Віцебска. Летам да таго ж працавала ў Гарадку ў дзіцячым садзе, які некалі сама наведвала. Потым вярнулася ў родны раён, чатыры гады выкладала хімію і біялогію ў Бычыхінскай сярэдняй школе імя І.М.Антонава. На працягу двух гадоў была начальнікам нашага загараднага аздараўленчага лагера “Арыён”. Яшчэ набыла працоўны вопыт настаўніка-дэфектолага-лагапеда, паспела атрымаць у ВДУ другую вышэйшую адукацыю. Зараз там жа набываю трэцюю — вучуся на псіхолага. Бачыце: калі ёсць дастойная мэта і ты гатовы прыкласці ўсе сілы для яе дасягнення, то ў цябе абавязкова атрымаецца і падтрымка будзе сур’ёзная. Гэта аснова асноў дзяржаўнай палітыкі. Са школы я з’яўляюся актывістам БРСМ, з нядаўняга часу да гэтага дабавіліся яшчэ “Патрыёты Беларусі”, “Белая Русь” як партыя і грамадская арганізацыя. У школьныя гады была намеснікам старшыні раённай маладзёжнай палаты, цяпер яе ўзначальваю. У раёне фактычна няма ніводнай значнай падзеі або калектыўнай ініцыятывы, у рэалізацыі якой не было б нашага ўкладу. Прыемна бачыць плён гэтай працы. Напрыклад, да Тыдня бацькоўскай любові сумесна з кіраўнікамі раёна мы высадзілі алею дэкаратыўных дрэў на ўездзе ў горад. Ужо ў якасці дырэктара разам з педагогамі і вучнямі школы, прадстаўнікамі Гарадоцкага лясгаса я далучылася да рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”. У выніку лясны фонд папоўніўся на тысячу саджанцаў. Гэтая справа дастойная і карысная ў плане прафарыентацыі, бо на базе нашай установы дзейнічае школьнае лясніцтва, і сёння думаем над адкрыццём дашкольнага.
— Плён працы педагога бачны ў яго вучнях. Ці многа іх сярод вашых сённяшніх паплечнікаў і аднадумцаў?
— У Бычыхінскай школе я курыравала работу педагагічнага класа. Амаль палова выпускнікоў паступіла на профільныя спецыяльнасці, двое — студэнты ВДУ імя П.М.Машэрава. З адным з іх, Русланам Стэльмахам, нас аб’ядноўвае не толькі зацікаўленасць хіміяй, але і пытанні, звязаныя з захаваннем гістарычнай праўды. Гэты мой выпускнік з’яўляецца членам гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Полымя”, займаецца раскопкамі, збіраецца ўступіць у шэрагі “Патрыётаў Беларусі”. Нядаўна ў раёне ён знайшоў занядбаную крыніцу, сам добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол яе, запрасіў свяшчэнніка асвяціць тое месца. Варта дадаць, што ва ўніверсітэце хлопец вучыцца па мэтавым накіраванні і, як некалі я, вернецца працаваць на малую радзіму. Падобныя прыклады не адзінкавыя, і вельмі радасна, што з кожным разам іх становіцца больш.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара