Умацоўваем масты дружбы

- 14:51Адукацыйная прастора

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама зроблены значныя крокі, накіраваныя на распаўсюджанне ведаў аб кітайскай культуры і папулярызацыі кітайскай мовы. З 2014 года ў сярэдніх школах №№ 16, 3 і гімназіі № 2 Оршы, а з верасня 2018 года ў школах №№ 20 і 13 арганізаваны факультатывы па вывучэнні кітайскай мовы. Валанцёры з Кітая актыўна ўключыліся ў адукацыйны працэс. Сёння кітайскую мову ў Оршы вывучаюць больш за 300 вучняў і каля тысячы навучэнцаў горада задзейнічаны ў мерапрыемствах, прысвечаных вывучэнню культуры гэтай усходняй краіны.

“Навучэнцы нашай школы штогод удзельнічаюць у праектах, якія арганізуюцца Пасольствам Кітая ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свята ліхтароў” і конкурсе-алімпіядзе “Мост кітайскай мовы”, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 16 Оршы Галіна Якаўлеўна Кабешава. — У бягучым навучальным годзе нашы вучні другі раз з поспехам прынялі ўдзел у алімпіядзе па кітайскай мове. Пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітая ў Рэспубліцы Беларусь спадара Цуй Ціміна на прышкольнай тэрыторыі быў адкрыты “Усходні сад камянёў”, а ў знак сяброўства пасаджана дрэва ў школьным парку. Для нас ужо стала традыцыяй праводзіць Тыдзень кітайскай мовы, святы, прысвечаныя сустрэчы кітайскага Новага года “Вясна з вясною сустрэліся”. Удзел у I музычным фестывалі “Кітайская зорка” ў мінулым годзе прынёс танцавальнаму і інструментальнаму калектывам установы два дыпломы. Дыпломам адзначана работа групы вучняў на І Філфаканскім фестывалі кароткаметражных фільмаў “Кітай у Беларусі”, арганізаваным філалагічным факультэтам БДУ. Наша навучэнка 7 класа Настасся Гурчанка атрымала спецыяльную стыпендыю пасла Кітая ў Рэспубліцы Беларусь (у 2017 годзе ўладальнікам такой стыпендыі быў шасцікласнік Ілья Рубанькоў). А дзевяцікласнік Павел Гаравенка ў мінулым годзе прыняў удзел у летнім лінгвістычным лагеры ў кітайскім горадзе Далянь”.

З 2015 года на базе сярэдняй школы № 16 Оршы арганізавана навучанне кітайскай мове педагогаў горада, у асноўным настаўнікаў замежных моў. Чацвёра з іх здалі экзамен на 2 узроўні HSK і працягваюць вывучаць кітайскую мову з перспектывай атрымання стажыроўкі ў Кітаі. Так, выкладчыца англійскай мовы школы Хрысціна Уладзіміраўна Астапенка вывучае мову і самастойна, і пры дапамозе валанцёра — носьбіта мовы Гаа Ваньжоу, якая працуе ва ўстанове ў рамках праграмы дзяржаўнай канцылярыі па міжнародным распаўсюджанні кітайскай мовы (штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя (Ханьбан). Педагогі часта праводзяць сумесныя ўрокі. З верасня Хрысціна Уладзіміраўна праходзіць двухгадовую перападрыхтоўку на базе Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ па спецыяльнасці “Настаўнік кітайскай мовы”.

Паміж сярэдняй школай № 16 Оршы і Інстытутам Канфуцыя БДУ падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве і аб стварэнні на базе ўстановы Цэнтра вывучэння кітайскай мовы і культуры. Інстытутам Канфуцыя ўстанове перададзена вучэбна-метадычная літаратура.

У 2016 годзе ў ходзе візіту прадстаўнікоў Кітая ў Оршу была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні ў школе № 16 кабінета Канфуцыя. Кабінет плануецца адкрыць да 1 верасня 2019 года. Ад Штаб-кватэры Ханьбань у Пекіне ў бібліятэку агульнаадукацыйнай установы ўжо паступіла серыя кітайскай літаратуры “Зорка кітайскай мовы” ў колькасці 1500 экзэмпляраў. Гэта мастацкія кнігі, вучэбна-метадычныя комплексы, аўдыя- і відэадапаможнікі. Такое супрацоўніцтва дазволіць удасканаліць веды кітайскай мовы ў школьнікаў, а таксама задаволіць запыты навучэнцаў педагагічнага каледжа і супрацоўнікаў навучальных устаноў горада, паспрыяе правядзенню міжнародных праектаў, абмену дэлегацыямі.

У 2017 годзе ў школе быў урачыста адкрыты лінгафонны кабінет. Абсталяванне для кабінета і мэбля былі падораны ўстанове Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Рэспубліцы Беларусь. У кабінеце ўстаноўлены камп’ютары і 2 мультымедыйныя ўстаноўкі, мультыборд, інтэрактыўная дошка. З 1 верасня 2018 года ў сярэдняй школе № 16 Оршы 29 навучэнцаў 3-х класаў вывучаюць кітайскую мову як асноўную замежную.


З верасня 2018 года паміж сярэдняй школай № 16 Оршы і сярэдняй школай № 5 Смаленска наладжана міжнароднае супрацоўніцтва, у рамках якога праведзены тэлемост “Давайце пазнаёмімся”. Установы абмяняліся відэаролікамі аб сваіх школах, быў рэалізаваны творчы праект “Паштоўка для новых сяброў” (навучэнцы 1—4 класаў даслалі адно аднаму навагоднія віншаванні). Школьнікі 5—7 класаў дзвюх краін правялі анлайн-размову “Горад, у якім я жыву”, якая дазволіла ім пазнаёміцца са славутасцямі Оршы і Смаленска, даведацца пра людзей, якімі яны ганарацца, расказаць аднагодкам з блізкага замежжа аб гістарычных падзеях, якія адбыліся на землях Аршаншчыны і Смаленшчыны. У далейшым плануецца правесці анлайн-віктарыну “Ці ведаеш ты Беларусь і Расію”, віртуальную канферэнцыю педагогаў і навучэнцаў дзвюх школ, анлайн-турнір знаўцаў вуснай народнай творчасці дзяржаў-суседзяў, культурна-адукацыйную паездку ў Смаленск беларускіх школьнікаў, а ў маі — сустрэчу ў адказ гасцей у Оршы.


Ва ўстанове рэалізуюцца адукацыйныя IEARN-праекты, якія дазваляюць дзецям пашыраць уяўленне пра жыццё іх аднагодкаў ва ўсім свеце, а таксама больш даведацца аб Беларусі, пра родны горад і сваю школу. Гэтыя праекты тычацца абмену каляднымі паштоўкамі (Holidays cards Exchange) з удзелам Беларусі, Расіі, Украіны, Кітая, Японіі, ЗША, Пакістана, Чэхіі, Польшчы) і нацыянальнымі пакетамі (Cultural Package Exchange) са школьнікамі з ЗША. Рэалізуюцца таксама праекты “Падзяліся ўсмешкай са светам” (Smiling World) і “Мой горад” (Myciti) з кітайскай правінцыяй Тайвань.

“Самы яркі праект — “Плюшавы мядзведзь Тэдзі” (The Teddy Bear Project), у рамках якога нашы вучні і аднагодкі з Кітая, ЗША, Арабскіх Эміратаў абменьваюцца плюшавымі мішкамі, — адзначае Галіна Якаўлеўна Кабешава. — Так, беларускі касалапы вывучае славутасці гэтых краін, наведвае кітайскія рысавыя палі, жыве ў сем’ях і дасылае відэасправаздачы ў Беларусь. Замежныя мішкі таксама жывуць у беларускіх сем’ях, здзяйсняюць экскурсіі ў музей Вялікай Айчыннай вайны, наведваюць Хатынь, “частуюцца” стравамі беларускай кухні, ходзяць у лазню і дзеляцца са школьнікамі з розных краін цікавымі назіраннямі пра Аршаншчыну і пра Беларусь”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.