Умацоўваць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню сумлення

- 10:38Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ўручыў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”.

Высокай узнагародай адзна­чаны заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль “Дударыкі” гімназіі № 14 Мінска.

Цырымонія адбылася ў Палацы Рэспублікі. У гэты вечар тут разгарнулася выстава-прэзентацыя дасягненняў і творчых работ лаўрэатаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўручэнне прэміі “За духоўнае адраджэнне” — гэта цудоўная традыцыя, якая надае калядным святам асаблівы сэнс. “Гэты вечар мы прысвячаем нашым суайчыннікам — тым, хто захоўвае і ўзбагачае нацыянальную культуру Беларусі, кожны год здзіўляе нас неверагоднымі дасягненнямі”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, высокія памкненні людзей, адзначаных прэміямі, не ўпісваюцца ў каноны сучаснага прагматычнага свету, дзе ўсё прадаецца і купляецца, а мараль і справядлівасць абясцэньваюцца. “Вялікую ідэю служэння грамадству і дзяржаве намінанты прэміі ставяць вышэй за матэрыяльную выгаду, сваімі справамі і ўчынкамі ўмацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню сумлення”, — заявіў Аляксандр
Лукашэнка.

Такі прыклад, падкрэсліў ён, выклікае пачуццё гордасці за беларускі народ, які захаваў лепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працаві­тасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм. “Дзякуючы героям гэтага святочнага вечара, цеплыню і клопат адчулі многія беларускія дзеці, якія засталіся без бацькоўскай любові. Знайшлі разуменне і падтрымку людзі, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў сімвалічным тое, што сярод уладальнікаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” ў гэтым годзе Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. “Адзначым іх уклад у захаванне памяці пра по­дзвіг народа і актыўную гуманітарную дзей­насць”, — сказаў ён.

А традыцыйная прэмія “Беларускі спартыўны Алімп”, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, павінна натхніць спартсменаў на новыя здзяйсненні на маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях у Токіа.

“Вы, напэўна, заўважылі, што ў сваіх выступленнях (і нават вельмі афіцыйных, у навагоднім віншаванні) я часта гавару пра суверэнітэт і незалежнасць. Паверце, гэта ад душы. Тут няма ніякай хлусні, тут няма нейкага майго ўчынку, каб дагадзіць камусьці. Я сапраўды прыхільнік гэтай ідэі. І не проста прыхільнік — давайце без лішняй сціпласці”, — адзначыў у час цырымоніі Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў гісторыю Беларусі, народу якой ніколі не давалася магчымасці без крыві пабудаваць суверэнную і незалежную дзяржаву. “Мы не маем права не скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. І мы будзем, як гэта было заўсёды, спатыкацца аб уласнае ныццё, разглагольстваванні і пажаданні. А потым будзем тлумачыць астатняму народу на гэтай зямлі, чаму ў нас не атрымалася. Гэтую дзяржаву мы сапраўды будуем, стварыўшы трывалую аснову. І давайце без пафасу: мы будуем не толькі для сябе — для самага каштоўнага і дарагога, што ў нас у кожнага ёсць, — сваіх дзяцей”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Мне пашанцавала быць першым прэзідэнтам гэтай суверэннай і незалежнай дзяржавы і (выбачайце за нясціпласць) сыграць галоўную ролю ў яе будаўніцтве”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што не апраўдваецца і нікога не баіцца, проста хоча ўсіх папярэдзіць аб вострым перыя­дзе ў існаванні Беларусі. “Мы ідзё­м не проста па тонкім лёдзе або лязе. Мы ідзё­м і хістаемся ўлева і ўправа. Не дай бог, недакладны, няправільны крок — мы страцім усё. Трэба спыніць усялякія бадзянні па мірных, спакойных, чыстых вуліцах. Трэба спыніць усялякія размовы аб суверэнітэце і незалежнасці, аб тым, што нехта хоча здрадзiць і здаць Беларусь. Можа, нехта і хоча… Але не першы прэзідэнт, які гэтую краіну будаваў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Па выніках 2019 года прысуджаны пяць прэмій “За духоўнае адраджэнне”. Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод іх — настаяцель прыхода храма Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны Мін­ска протаіерэй Іаан (Іван) Харашэвіч, Беларускае грамад­скае аб’яднанне ветэранаў, калектывы Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў і археалагічнага музея “Бярэсце”, аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені, галоўнага рэдактара прадпрыемства “Белкартаграфія” Галіны Ляхавай, дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслава Насевіча.

За выдатныя дасягненні ў сферах прафесійнага мастацтва, народнай і аматар­скай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

Сярод удастоеных гэтай узнагароды — заслужаны аматарскі калектыў Беларусі сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага — за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі, у рэалізацыю культурных праектаў “Міжнародны сімфанічны форум-конкурс маладых кампазітараў краін СНД імя М.К.Агінскага”, “Масты дружбы: Беларусь — Расія”, “Духоўная старонка малой радзімы”; ваенна-патрыятычны цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі для дапрызыўнай моладзі “Скіф” удастоены спецпрэміі за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, рэалізацыю культурных праектаў па фарміраванні экспазіцыі Музея гісторыі паветрана-дэсантных войскаў і спецназа імя В.П.Маргелава і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам і памятным датам; заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль “Дударыкі” гімназіі № 14 Мінска адзначаны высокай узна­гародай за выдатныя дасягненні ў галіне аматарскага ма­стацтва, паспяховае прадстаўленне Беларусі ў праграмах міжнароднага фестывалю “Гармонь збірае сяброў”, Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і іншых праектаў; за мазаічнае афармленне алтарнай часткі храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, спе­цыяльнай прэміі ўдастоены аўтарскі калектыў у скла­дзе дацэнта кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дзяніса Чубукова, майстра вытворчага навучання гэтай кафедры Кірыла Орсіка, індывідуальнага прадпрымальніка, члена Беларускага саюза мастакоў Аляўціны Башкатавай.

Спецыяльнай прэміі прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп” 2019 года ўда­стоены галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 5” Павел Булацкі, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў, старшы трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор’і Васіль Гулевіч. Узнагарода ім прысуджана за актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы.

(Па інфармацыі БелТА.)
Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА.