Універсітэт для ўсёй краіны

- 11:04Выбар прафесіі

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання — адзіная ў краіне профільная ўстанова вышэйшай адукацыі, дзе рыхтуюць поўны спектр спецыялістаў для харчовай, перапрацоўчай і хімічнай прамысловасці. Гэта буйны адукацыйны і даследчы цэнтр рэгіёна, які дынамічна развіваецца. Прычым тут скіраваны не толькі на падрыхтоўку кадраў для эканомікі, але і на развіццё навуковай дзейнасці. Больш падрабязна аб жыцці ўніверсітэта расказаў рэктар Максім КІРКОР.

— Максім Аляксандравіч, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання ніколі не ўзнікае асаблівых праблем з выкананнем плана набору. З чым звязваеце такую зацікаўленасць абітурыентаў?

— Мы ўдзяляем вялікую ўвагу прафарыентацыйнай рабоце. Гэта настолькі значны момант у функцыянаванні ўніверсітэта, што звычайна ў ёй задзейнічаны і студэнты, і выкладчыкі.

Прафарыентацыйная работа праводзіцца на пастаяннай аснове і па некалькіх напрамках. Гэта выязныя сустрэчы з патэнцыяльнымі абітурыентамі, удзел у разнастайных прафесійных кірмашах, правя­дзенне дзён адкрытых дзвярэй. Зрэшты, сёлета з улікам ня­простай эпідэмічнай сітуацыі ад некаторых мерапрыемстваў давялося адмовіцца. Большая частка прафарыентацыйнай работы цяпер праводзіцца ў сацыяльных сетках і ў сусветнай павуціне. У прыватнасці, на сайце ўніверсітэта для зручнасці абітурыентаў побач з інфармацыяй аб рэгістрацыі і правядзенні ЦТ створана ўкладка “Дзень адкрытых дзвярэй — 2020”, дзе размешчаны відэаролікі пра ўніверсітэт у цэлым і пра асобныя спецыяльнасці ў прыватнасці. Праз сайт універсітэта кожны жадаючы можа задаць пытанне наконт паступлення.

— Наколькі запатрабаваныя ў абітурыентаў існуючыя спецыяльнасці, як часта ўніверсітэт іх актуалізуе?

— Пра запатрабаванасць нашых спецыяльнасцей яскрава сведчыць колькасць абітурыентаў. Калі казаць пра самыя запатрабаваныя, то традыцыйна гэта спецыяльнасці хіміка-тэхналагічнага факультэта: “Тэхналогія прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Тэхналогія малака і малочных прадуктаў”, “Тэхналогія мяса і мясапрадуктаў”. Летась таксама актыўна падаваліся дакументы на напрамак спецыяльнасці “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў харчовай прамысловасці”.

Спецыяльнасці і спецыялізацыі актуалізуюцца пастаянна. Нават іх назвы павінны адпавядаць сучасным рэаліям і быць прывабнымі для абітурыентаў. Нядаўна мы правялі, як цяпер модна казаць, рэбрэндынг спецыялізацый. Калі раней спецыялізацыя называлася “абсталяванне прадпрыем­стваў хар­човых вытворчасцей”, то цяпер — “тэхналагічнае і цеплаэнергетычнае абсталяванне харчовых вытворчасцей”, была “тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі збожжа”, цяпер — “тэхналогія мукамольнай, крупяной, камбікормавай вытворчасці”, была “тэхналогія кансервавання”, цяпер — “тэхналогія харчовых прадуктаў працяглага захоўвання”.

Асобна варта адзначыць, што для рэалізацыі комплексу мер па павелічэнні аб’ёмаў перапрацоўкі айчыннай гарбарнай сыравіны і рэалізацыі гатовых скураных тавараў сёлета ўніверсітэт будзе ажыццяў­ляць набор на абноўленую спецыя­лізацыю “тэхналогія кудзелістых і плёначных матэрыялаў і вырабаў”. Гэта дазволіць істотна пашырыць сферу прафесійнай дзейнасці выпускнікоў і рыхтаваць інжынераў-хімікаў-тэхнолагаў для працы на прадпрыемствах, якія вырабляюць і перапрацоўваюць футравую і скураную сыравіну.

Аднак актуалізацыя заключаецца не толькі ў змене назвы. Без карэкціроўкі адукацыйнага працэсу і вучэбных праграм гэта нічога не дасць. Усё робіцца ў адпаведнасці з пажаданнямі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і ўзмацненнем практыка-арыентаванай падрыхтоўкі.

— Ці адкрывае сёлета ўніверсітэт новыя спецыяльнасці?

— Так, мы адкрываем набор на новую для нашага ўніверсітэта спецыяльнасць “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў” з прафілізацыяй “харчовая прамысловасць”. Выпускнікам будзе прысвойвацца кваліфікацыя “праект-менеджар. Эканаміст”.

Неабходнасць падрыхтоўкі такіх спецыялістаў абумоўлена патрэбамі прамысловасці ў высокакваліфікаваных кадрах, якія ведаюць прынцыпы работы ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі. Пасля заканчэння навучання выпускнікі ўніверсітэта змогуць праца­ваць у арганізацыях харчовай і перапрацоўчай прамысловасці ўсіх форм уласнасці, а таксама ў іншых прамысловых арганізацыях машынабудаўнічай і будаўнічай сфер, сельскагаспадарчых і гандлёвых арганізацыях, установах адукацыі. Прафесійная дзейнасць спецыяліста будзе накіравана на інавацыйныя, інжынерна-арганізацыйныя, эканамічныя, кіраўнічыя працэсы ў арганізацыях прамысловасці, інжынірынгавых кампаніях, тэхнапарках, інкубатарах малога і сярэдняга бізнесу, а таксама на навуковую і вучэбную дзейнасць. Базамі вытворчых практык для студэнтаў стануць арганізацыі харчовай, пера­працоўчай і іншых галін прамысловасці Магілёўскай вобласці і суседніх рэгіёнаў.

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання — адзіная профільная ўстанова, якая рыхтуе інжынераў-тэхнолагаў, механікаў, эканамістаў, эколагаў для харчовай і хімічнай прамысловасцей, а таксама сферы грамадскага харчавання. За больш чым 45-гадовую гісторыю ўніверсітэта пуцёўку ў жыццё атрымалі звыш 30 тысяч выпускнікоў, некаторыя з іх займаюць кіруючыя пасады на вядучых прадпрыемствах краіны.

— Дарэчы, а як універсітэт супрацоўнічае з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў?

— Цеснае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі заўсёды было адным з прыярытэтаў дзейнасці нашага ўніверсітэта. Функцыянаванне 15 філіялаў кафедраў на перадавых прамысловых прадпрыемствах і ў арганізацыях дазваляе наблізіць адукацыйны працэс да вытворчасці, палепшыць я­асць падрыхтоўкі спецыялістаў. Асноўныя нашы партнёры — гэта вядучыя прадпрыемствы Магілёва і вобласці. Зрэшты, узаемадзеянне з прамысловасцю не абмяжоўваецца філіяламі. Для правядзення выязных заняткаў і розных відаў практык заключаны дагаворы аб су­працоўніцтве з больш чым 580 прадпрыемствамі і арганізацыямі ўсіх рэгіёнаў краіны. Вядучыя спецыялісты прад­прыемстваў часта з’яўляюцца старшынямі дзяржаўных экзаменацыйных камісій, рэцэнзентамі вучэбных праграм па адпаведных дысцыплінах.

З іншага боку, не ўсё так добра. Многія прадпрыемствы ўспа­мінаюць пра ўніверсітэт толькі на заключнай стадыі, калі ідзе размеркаванне выпускнікоў. Вядома, застаюцца незадаволенымі. Але ад прад­прыемстваў павінна быць зваротная сувязь, пачынаючы з удзелу ў фарміраванні заявак для зацвярджэння кантрольных лічбаў прыёму. На этапе навучання таксама павінен не ажыццяўляцца фармальны падыход, а праяўляцца сапраўдная зацікаўленасць канкрэтнага прадпрыемства ў канкрэтным студэнце.

Варта адзначыць станоў­чы вопыт узаемадзеяння з ка­мпаніяй Itransition, якая з’яўляецца рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій. На аснове дагавора аб узаемадзеянні пры яе садзейнічанні ва ўніверсітэце створана сумесная лабараторыя камп’ютарнай тэхнікі. Супрацоўнікі кампаніі будуць праводзіць заняткі. Адпаведна, кіраўніцтва Itransition зможа разлічваць на найбольш падрыхтаваных выпускнікоў.

— Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання — гэта буйны навукова-даследчы цэнтр рэгіёна. Якімі навуковымі распрацоўкамі займаюцца вашы супрацоўнікі?

— Універсітэт мае сертыфікаты адпаведнасці патрабаванням СТБ ISO 9001-2015 і DIN EN ISO 9001:2015 і акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі. У нас створаны Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Акрамя гэтага, дзейнічае адзіная ў Беларусі галіновая лабараторыя збожжавых прадуктаў, аснашчаная самым сучасным абсталяваннем. Функцыянуюць таксама навукова-практычная лабараторыя па праблемах харчавання ва ўстановах адукацыі, аналітычная харчовая лабараторыя, навукова-тэхналагічны цэнтр “Тэхнастарт”, цэнтр прафесійнага майстэрства “Кулінарны трэнд”.

Фундаментальныя даследаванні, якія вядуцца нашымі выкладчыкамі і студэнтамі, уваходзяць у план найважнейшых навуковых работ Нацыянальнай акадэміі навук. Супрацоўнікі ўніверсітэта плённа працуюць у розных кірунках, а іх даследаванні арыентаваны на інтэграцыю адукацыі, навукі і вытворчасці. Удзел універсітэцкіх выкладчыкаў у даследаваннях і распрацоўках дазваляе ім знаходзіцца ў трэндзе развіцця сусветнай навукі і тэхнікі, што станоўча адбіваецца на якасці падрыхтоўкі кадраў. Прыцягненне да гэтага працэсу студэнтаў фарміруе ў іх імкненне праца­ваць у інавацыйным рэжыме.

Усё гэта значна, але, на мой погляд, універсітэт зараз не можа быць толькі адукацыйнай і навуковай установай. Адной з найважнейшых яго функцый з’яўляецца выхаваўчая. У нас створаны добрыя ўмовы для развіцця творчых, спартыўных здольнасцей студэнтаў, перыядычна арганізоўваюцца розныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Так, у мінулым годзе праводзіўся рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў “Шчаслівыя разам”, які атрымаў станоўчую ацэнку. У нашых планах зрабіць яго традыцыйным. На жаль, сёлета конкурс давялося перанесці на больш позні тэрмін.

Зараз на пяці факультэтах вучацца каля 3500 студэнтаў па 20 спецыяльнасцях і спецыялізацыях першай ступені адукацыі. Акрамя гэтага, універсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку па 10 спецыяльнасцях магістратуры, 12 спецыяльнасцях аспірантуры і 2 спецыяльнасцях дактарантуры. Прафесарска-выкладчыцкі склад налічвае каля 200 чалавек, большасць з якіх маюць вучоныя ступені і званні.

— Якія магчымасці ўніверсітэт прапаноўвае для атрымання дадатковай адукацыі?

— Наш інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ажыццяўляе навучанне па разнастайных праграмах дадатковай адукацыі дарослых, арганізоўвае навучальныя курсы, семінары, трэнінгі, майстар-класы. Улічваючы развіццё нашай краіны па мадэлі лічбавай трансфармацыі эканомікі, плануем адкрыць спецыяльнасць перападрыхтоўкі “Праектаванне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм”. Апошнім часам набірае абароты дыстанцыйнае навучанне, якое становіцца альтэрнатывай традыцыйным лекцыям у аўдыторыі.

Добра ўплывае на якасць падрыхтоўкі нашых студэнтаў і міжнароднае супрацоўніцтва. У нас заключана звыш 60 дагавораў аб узаемадзеянні з замежнымі ўніверсітэтамі і навуковымі арганізацыямі Балгарыі, Польшчы, Украіны, Румынii, Арменii, Азербайджана, Казахстана, Расіі, Узбекiстана, Таджыкiстана i Кыргызстана.

— Максім Аляксандравіч, падводзячы вынік, скажыце, якія наступныя крокі плануюцца ў развіцці Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання?

— Я не магу вылу­чыць які-небудзь адзін напрамак развіцця, бо ўсе яны важныя. Безумоўна, мы нацэлены на адкрыццё новых спецыяльнасцей, якія бу­дуць карыстацца попытам у абітурыентаў. У прыярытэце таксама ўкараненне ў вучэбны працэс сучасных камп’ютарных тэхналогій, тым больш што сучасныя рэаліі ўносяць свае карэктывы. Цяперашні студэнт — гэта не той малады чалавек, які быў 5—10 гадоў назад. Універсітэту, каб быць канкурэнтаздольным, трэба ісці ў нагу з часам. Неабходна пашыраць удзел у міжнародных навуковых і адукацыйных праектах, але пры гэтым не зніжаць узровень навуковых даследаванняў па заказах айчынных прадпрыемстваў. Бу­дзем развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку і за кошт прадпрыемстваў — гэта да пытання аб узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. Для нарошчвання экспартнага патэнцыялу неабходна пашыраць пералік адукацыйных праграм на англійскай мове. Усё гэта толькі частка кірункаў развіцця нашай установы. Думаю, што ўзмоцненая праца па ўсіх напрамках дасць плён і наш універсітэт зойме дастойнае месца ў міжнародных рэйтынгах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.