“Універсітэт” Смаргонскага раёна

- 12:14Выхаванне

Крэва, Светач, Смаргонь, Жодзішкі, дзіцячы летнік “Арляня”… Два гады назад па гэтым маршруце адправіліся сямёра студэнтаў-журфакаўцаў. Іх вяло жаданне стаць важатымі на апошняй летняй змене. І хоць прайшоў час, дух у смаргонскім “Арляняці” ўсё той жа — родны.

Штогод па іх слядах кро­чаць новыя хлопцы і дзяўчаты з падобнай мэтай. Такіх маладых і рашучых спецыялістаў летнік сустрэў нямала: яго гісторыя бярэ пачатак з 1989 года. Сярод іх былі не толькі педагогі і журналісты, але і біёлагі, і харэографы. Праўда, адрозненняў паміж работнікамі ў “Арляняці” няма — незалежна ад будучай прафесіі ты важаты. Так тут павялося здаўна, прынамсі за 16 гадоў кіравання дырэктара летніка Алега Стрыгі такія парадкі не мяняліся. Для кожнага госця знаёмства з “Арлянём” пачынаецца з сустрэчы менавіта з гэтым чалавекам.

За сёлетні аздараўленчы сезон летнік сустракаў маленькіх гасцей на 5 зменах: чатырох “васямнаццацідзёнках” і турыстычна-краязнаўчай “дзевяцідзёнцы” летніка “Родник”. За гэты час “Арляня” наведала каля 800 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Маладым людзям хапае толькі адной змены, каб зразумець, што атрыманы тут вопыт і ўменне брац­ь адказнасць за іншых за плячыма не насіць. Студэнты расказваюць, як у летніку мяняецца іх светапогляд, адносіны да навакольнага. Педагогі жартуюць, што зараз іх лад жыцця можна ахарактарызаваць назвай кнігі М.Астроўскага “Як гартавалася сталь”. Але паспрабуй цяпер адцягнуць іх ад дзяцей!

Кожная змена ў “Арляняці” прымеркавана да пэўнай тэмы і мае сваю назву. На мінулай дзеці і важатыя адпраўляліся ў “Турнэ ў лета”, дзе педагог-арганізатар паспрабаваў сябе ў ролі дыспетчара палётаў, доктар — менеджара па чысціні, выхавальнік — штурмана, камандзіры атрадаў — першых пілотаў. А зараз усе “арляняты” знаходзяцца на “Шляху да Алімпа”. Усе насельнікі 5-й змены ператварыліся ў жыхароў спартыўнай вёскі, атрады — у алімпійскія зборныя. Падкарэкціраваліся і службовыя абавязкі дарослых: дырэктар летніка стаў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта,  выхавальнікі — трэнерамі “алімпійцаў”,  “арлушкі” відазмяніліся ў медалі.

“Самае прыемнае ў нашай рабоце — бачыць задаволеныя вочы дзяцей і чуць словы падзякі ад іх бацькоў”, — лагаднее Алег Аляксандравіч, са смехам дадаючы: “А каб апісаць самае складанае і трох лістоў не хопіць”.

Нягледзячы на цяжкасці, летнік не саступае падобным установам Мінскай вобласці. Амаль штогод “Арляня” атрымлівае ўзнагароды як пераможца ў рэспубліканскіх конкурсах розных кірункаў. І гэта падаецца своеасаблівым цудам, бо ў пастаянным штаце працуюць толькі дырэктар, загадчык гаспадаркі і чатыры вартаўнікі.

“Вы не падумайце, што ўсім займаюся выключна я, — сціпла даводзіць кіраўнік. — Вялікую работу па падрыхтоўцы летніка — забеспячэнне кадрамі, размеркаванне пуцёвак — праводзяць супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі. Парадак у доміках забяспечваецца школамі. Поспех “Арляняці” — гэта заслуга ўсяго раёна. Мы працуем у адной звязцы”.

У гэтай дзіцячай дзяржаве існуе і свая валюта — “арлушкі”, якія дзеці зарабляюць на працягу змены, прымаючы ўдзел у гульнях, спаборніцтвах, перамагаючы. Такія бонусы ад летніка дапамагаюць дзецям зрэдку ўносіць карэктывы ў расклад дня: “праспаць”  зарадку, прадоўжыць дыскатэку, вярнуць згублены спартыўны інвентар ці абмяняць на каштоўныя прызы ад “Арляняці”.

Цалкам Алег Аляксандравіч ажыўляецца, калі расказвае пра свой калектыў. На думку дырэктара, галоўны сакрэт зладжанай працы кожнай змены — надзейны тыл у асобах намесніка дырэктара, педагога-арганізатара, інструктараў фізвыхавання, настаўнікаў, якія часта працуюць у летніку.

“У мяне ёсць каманда, якая заўсёды падстаўляе плячо. Іх работа заўсёды на высокім узроўні, бо якасць яе выканання не выклікае сумненняў. Бывае, і хочаш праверыць іх — больш для парадку —  часу не стае. А яны робяць так, што ведаю: сорамна не будзе. Да маіх калег не страшна стаць спінай. Праўда, прыходзіцца “губляць” некаторых з іх: адпускаць на павышэнне, — дзеліцца Алег Стрыга. — Самае важнае ў нас — пераемнасць: педагогам-арганізатарам не стане чалавек, які не адпрацаваў тут 3—4 змены. Чалавека трэба бачыць з ролі важатага, і такую пасаду прапаноўваць толькі лепшым”.

Трэба сказаць, што і калегі Алега Аляксандравіча адказваюць яму ўзаемнасцю. “Вы ведаеце, які ён у нас? Чалавек-душа”. А “чалавек-душа” перакананы, што лепш пра “Арляня” і работу педагагічнага калектыву раскажуць толькі дзеці. Але дзяцей, як і іх важатых, “выхапіць” ня­проста: у летніку для абодвух бакоў працуе прынцып “Ні адной вольнай хвіліны”. Так узаема­дзеянне дзяцей і іх педагогаў становіцца больш дзейсным.

Для камандзіраў атрадаў дзень пачынаецца з планёркі: тут яны атрымліваюць звесткі аб найбліжэйшых мерапрыемствах. Можна без перапынку назіраць за тым, як дзеці і падлеткі з нататнікамі ў руках засяроджана спяшаюцца на “нараду”. Адзінае, што ў такія моманты адрознівае іх ад дарослых, — шырокая ўсмешка. Дзякуючы такім сходам, моладзь разумее, што ініцыятыва ідзе ад іх, і стараецца праявіць сябе з большым імпэтам.

“Арляня” будаваўся як тыповы праект (падобныя летнікі сустракаюцца ў Расіі) гаспадарчым спосабам: кожны з 12 домікаў фінансаваўся пэўнай арганізацыяй раёна. Такое шэфства 43 устаноў над пабудовамі захоўваецца і сёння, толькі ўжо пры іх рамонце і касметычным доглядзе.

Пасля планёркі дзеці спяшаюцца ў домікі — давесці інфармацыю да сваіх аднагодкаў. Планаў звычайна нямала, а да многіх мера­прыемстваў патрэбна рыхтавацца загадзя. Пачытаць “Нататкі каментатара” (інфармацыйныя лісткі пра беларускіх спартсменаў-алімпійцаў), зрабіць фота­здымак да конкурсу “#ЗЛЖ-сэлфі”, намаляваць плакат, завітаць на пясочнае шоу, у планетарый, схадзіць на фільм… І кожны дзень нешта новае: майстар-класы ад народных майстроў, летні біятлон, “Зарніца”, гульня “Сафары” (тут важатыя ператвараюцца ў жыхароў лесу і стэпаў, а дзеці надзяваюць паляўнічыя шапкі). Пасля — футбол, баскетбол, валейбол, перацягванні каната. А ўвечары — на дыскатэку, адточваць мясцовыя флэш-мобы-хіты “Чыку-рыку” і “Калёсікі”.

Напрыканцы змены насельнікаў летніка чакае квест-гульня “Бізнес па-арляняцку” — свое­асаблівы палігон, дзе можна зарабіць і патраціць “арлушкі”. У гэты дзень летнік ператвараецца ў вялікі кірмаш: у кожным доміку адкрываюцца зоны адпачынку, пакоі смеху і страху, салоны тату і паштовак, паэтычныя і спартыўныя пляцоўкі. 

Але самай доўгачаканай па­дзеяй кожнай змены для дзяцей становіцца дзень самакіравання. У гэты час дзеці і важатыя мяняюцца месцамі: цяпер юным важатым трэба арганізоўваць іх “вялікіх дзяцей” на мерапрыемствы, са­чыць, каб было прыбрана ў пакоях, хадзіць на дарослыя планёркі … і цэлы дзень красавацца з важацкім бэйджам на грудзях! А далей, гля­дзіш — недалёка і жаночы футбол супраць важатых.

“Курс маладога байца” па самастойнасці дзеці праходзяць не толькі ў гэты дзень, а на працягу ўсёй змены. Дысцыпліна ў летніку парушаецца нячаста, але калі такое здараецца, яны ведаюць, што за дрэнныя ўчынкі трэба адказваць. Праўда, і тут “арлянятам” шанцуе: “пакаранне” яны адбываюць разам з Алегам Аляксандравічам. Нездарма пасля летніх канікул, прыязджаючы ў горад, дырэктар ледзь паспявае адказ­ваць на іх бясконцыя “Добры дзень”. Малыя і падлеткі лю­бяць гутарыць з дырэктарам, праўда, нагоды для гэтага выпадаюць нячаста: “на адпрацоўках” і падчас вячэрняга абходу. Так, пад кіраўніцтвам Алега Стрыгі вучацца не толькі педагогі і маладыя спецыялісты, але і дзеці. Такі своеасаблівы ўніверсітэт Смаргонскага раёна.

— Дзеці адчуваюць няшчы­расць, рассакрэчваюць самы маленькі падман. Хлусню яны адчуваюць на генным узроўні, таму з імі трэба быць максімальна адкрытым. Калі дзеці  будуць адмоўна ставіцца да некага, яны ніколі не вернуцца на тое месца, дзе знаходзіцца гэты чалавек, — падкрэслівае кіраўнік. 

Многія з дзяцей прыязджаюць сюды зноў і зноў. Жэня Кабак і Віка Гроздзь гасцююць у “Арляняці” трэці год. Віка паспела ўжо стаць каман­дзірам атрада. Дзяўчынка гаворыць, што найбольш у летніку ёй падабаецца дапамагаць важатым. Жэня падхоплівае размову і расказвае пра конкурсы і сваіх добрых педагогаў. Гарэзы з 6 атрада адзначаюць, што збіраюцца вярнуцца сюды на наступны год.

“Разам з дзецьмі ты адчуваеш сябе камфортна, разумееш, што знаходзішся ў сваёй стыхіі. Бывае, складваецца ўражанне, што мы з імі аднагодкі: разам нешта прыдумваем, калі-нікалі гарэзнічаем”, — дзеліцца педагог дзяўчат Надзея Кастрова. — Я не назаву лепшы дзень тут, бо ўсе асаблівыя, насычаныя, але самы сумны, пераканана, будзе днём ад’езду”.

Мікіта Дзевяцень і яго сябар Арцём Крымоўскі таксама частыя госці ў летніку: гэта заў­важаецца па іх гаспадарлівасці. Хлопцы дапамагаюць “экалагічнаму дэсанту”, які сочыць за парадкам на тэрыторыі, і атрымліваюць за гэта “арлушкі”.

“Мы тут амаль не сядзім ніколі: то адно, то другое”, — кідаюць хлопцы і бягуць па справах.

Шмат асабістага з летнікам звязана і ў педагогаў. Сацыяльны педагог Яніна Ганчарык яшчэ ў 1990 го­дзе пазнаёмілася тут з мужам, а малады спецыяліст Настасся Раткевіч “вырасла” да важатай, прыязджаючы ў “Арляня” 7 гадоў.

Важатыя жартуюць, што ў “Арляняці” яны жывуць па праграме “ўсё ўключана”: штодня іх чакаюць музыка і танцы, усмешкі і дзіцячая гамана, радасныя тварыкі і добры настрой. Такія эмоцыі старэйшых адбіваюцца на іх гадаванцах. І калі нехта гаво­рыць, што панядзелак — дзень цяжкі, то тут дзеці, гледзячы на сваіх важатых, адказваюць: “Не цяжкі, а вясёлы”.

“Кожную змену мы радуемся сваім маленькім перамогам, таму праведзены тут час — незвычайны і незабыўны. Калі дзіця па нейкіх прычынах хоча ад’ехаць, але пасля, дзякуючы нам, перадумвае, і ў яго вачах з’яўляецца бляск цікавасці, паверце, гэта каштуе многага”, — дзеліцца намеснік дырэктара Таццяна Шпаковіч.

Камандны дух у летніку стараюцца выпрацоўваць не толькі ў важатых. Галоўная мэта “Арляняці” — аб’яднаць дзяцей у калектыў. Да канца змены можна з лёгкасцю пазнаваць важатага па дзецях і наадварот. Нездарма неафіцыйным дэвізам летніка стала спартыўная крычалка “Верым у каманду!”.

І пасля працяглай паўзы на пытанне “Што такое “Арляня”?” Таццяна Сяргееўна з Алегам Аляксандравічам знаходзяць толькі адно слова: “Жыццё”.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і з архіва “Арляняці”.