Урад бачыць рэзервы росту

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” сказаў, што для прыросту ВУП у 2019 годзе на 4 працэнты ёсць рэзервы.

“Думаю, што лічба па росце ВУП у памеры 4 працэнтаў — гэта якраз крыху вышэй за тэмпы росту су­светнага ВУП, але дасягальная. Мы бачым, што рэзервы для росту ВУП ёсць і немалыя. Нам трэба зрабіць рашучыя крокі ў розных напрамках, каб гэта ажыццявілася”, — праінфармаваў першы віцэ-прэм’ер. Паводле яго слоў, першы крок для павышэння эфектыўнасці — нармальнае карпаратыўнае кіраванне. Неабходна выбудаваць эфектыўнае кіраванне, каб надаць імпульс развіццю прадпрыемстваў.

“Мы ўнеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта праект указа па шэрагу прадпрыемстваў, наглядальны савет якіх павінны ўзначаліць вышэйшыя службовыя асобы, плюс топ-100 акцыянерных таварыстваў нашай краіны, на якіх мы выбудуем нармальную эфектыўную сістэму карпаратыўнага кіравання”, — прадоўжыў Аляксандр Турчын, дадаўшы пры гэтым, што не толькі чыноўнікі будуць узначальваць наглядальныя саветы.

Першы намеснік прэм’ер-міністра расказаў, што Міністэрства эканомікі праводзіла разлікі, які памер ВУП можа быць у нашай краіне пры рознай прадукцыйнасці працы. “Калі б мы дасягнулі вынікаў па гэтых прадпрыемствах-лідарах, то ў прынцыпе Br150 млрд (ВУП) мы мелі б”, — заўважыў ён.