Спытайце ў новалукамчаніна Міхаіла Байкова: дзе самыя прыгожыя світанкі і заходы, лясы і лугі, кветкі і травы? Адказ знойдзеце ў работах мастакапедагога. Карціны майстра — пра прыгажосць роднай Чашніччыны.
…Нарадзіўся будучы аўтар цудоўных пейзажаў у пасёлку Румянцава, недалёка ад украінскай Горлаўкі. Там і цяпер жывуць яго родныя. Ціхае хараство беларускай прыроды з-пад пэндзля нашага земляка ўспрымаецца сёння як апафеоз міру і жыцця.
У Беларусь будучы педагог разам з бацькамі прыехаў у сямігадовым узросце. Байковы-старэйшыя перабраліся на радзіму, каб будаваць горад энергетыкаў: на Чашніччыне ўжо грымела Усесаюзная камсамольская будоўля. Міша стаў вучнем першай новалукомскай школы. У адным з першых гарадскіх дамоў сям’я атрымала кватэру. І многае ў жыцці ўпершыню адкрылася Міхаілу менавіта ў гэтым горадзе.
Як індзейцы ў прафесію прывялі
Хлопцаў з пад’езда, дзе жыў Міша, аб’яднала агульнае захапленне: хлопчыкі вучыліся маляваць індзейцаў. Кожны праяўляў шмат фантазіі пры стварэнні “жывапісных” вобразаў. Бліснуць “шэдэўрам” перад сябрамі і ўдастоіцца іх высокай ацэнкі было запаветнай марай кожнага хлопчыка. Мішу гэта ўдавалася. Аднойчы яго індзейцаў убачыў дзядзька, вядомы беларускі мастак Ягор Батальёнак, які і прадказаў пляменніку прафесійную будучыню. Прадказанне спраўдзілася. Індзейцы сталі пуцёўкай у прафесію і для іншых хлопцаў з дваровай кампаніі: ніву мастака выбралі браты Аляксандр і Яўген Вахрамеевы. Старэйшы Аляксандр, які цяпер жыве ў Мінску, пакарыў нямала творчых вяршынь, з’яўляецца членам Парыжскай акадэміі мастацтваў.
Зрэшты, не толькі індзейцы натхнялі хлопчыкаў на творчасць. Будучыя майстры пэндзля гадзінамі праводзілі час на прыродзе. Юныя душы прагна ўбіралі ў сябе прыгажосць роднага краю. Урокі “васільковай сіняй цішыні”, якая ў нашай глыбінцы — за кожнай ваколіцай, не прайшлі дарма для Міхаіла.
Да мары праз церні
Пасля заканчэння школы Міхаіл Байкоў падаў дакументы на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Аднак першая спроба стаць студэнтам скончылася няўдачай. Замест пленэру і вучэбнай аўдыторыі давялося асвойваць слясарнае майстэрства ў падраздзяленні БЭРНа Лукомскай ДРЭС. А далей — ваенныя будні ў Закаўказскай ваеннай акрузе. Служыў картографам у штабе арміі.
Атрымаць студэнцкі білет і месца ў ВНУ атрымалася пасля дэмабілізацыі. Мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя П.М.Машэрава — альма-матар многіх вядомых беларускіх мастакоў — стаў пачаткам для Міхаіла Пятровіча. Пяць гадоў студэнцтва з лекцыямі, семінарамі, экзаменамі, дзе было месца і каханню, расчараванню, сяброўству, праляцелі непрыметна. Перад выпускніком, які абараніў дыпломную работу па жывапісе, адкрывалася шмат перспектыў. Былі прапановы з’ехаць у сталіцу або застацца працаваць у Віцебску. Але ён так і не змог супрацьстаяць прыцягненню чашніцкай глыбінкі, забыць урокі “васільковай сіняй цішыні”.
Ні дня без малюнка
З 1985 года Міхаіл Пятровіч працаваў у сельскіх школах Чашніцкага раёна. Большая частка прафесійнай біяграфіі звязана з Лукомскай школай. Апошнія 11 гадоў аж да закрыцця быў яе дырэктарам. Паспеў падрыхтаваць дастойную змену. Два дзясяткі сельскіх дзетак пайшлі па слядах настаўніка. Сярод іх ёсць школьныя выкладчыкі.
Настаўнік, які ўжо на заслужаным адпачынку, застаецца для былых выхаванцаў прыкладам сапраўднага служэння справе. У яго архіве каля 300 жывапісных работ, узровень якіх высока ацэньваюць спецыялісты. Сёння працоўны дзень Міхаіла Байкова пачынаецца ў дзевяць раніцы. З мальбертам і фарбамі ён адпраўляецца на ўрокі “васільковай сіняй цішыні”. Дадому вяртаецца ўвечары.
Яго прынцып — ні дня без малюнка. Тэматыка аўтарскага жывапісу — пейзаж і нацюрморт. Міхаіл Пятровіч з’яўляецца членам раённага клуба “Майстар” пры Чашніцкім доме рамёстваў. Работы сельскага педагога — у фондах установы.
Персанальныя выставы Міхаіла Байкова прайшлі ў Віцебску, Новалукомлі, Чашніках, Лепелі. Новалукамчанін — неаднаразовы ўдзельнік выстаў у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве. Работы майстра можна ўбачыць у прыватных замежных калекцыях Германіі, ЗША, Латвіі. У 90-я гады 6 работ педагога з Чашніччыны набыло фінскае пасольства.
Сапраўдны майстар ніколі не спыняецца на дасягнутым, працягваючы шукаць, асвойваць новае. Сёння Міхаіл Пятровіч захоплены абстрактным жывапісам і ўжо гатовы прадставіць прыхільнікам новыя творы.
Ірына ТОРБІНА.