Усе рэзалюцыі, якія прапануе Беларусь, маюць аб’яднальны характар

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Беларусь надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, заявіў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком ПА АБСЕ па Усходняй Еўропе кіраўніком дэлегацыі шведскага парламента і асамблеі Кентам Харстэдам.

“Са свайго боку хачу сказаць, што мы надаём вельмі важнае значэнне супрацоўніцтву з ПА АБСЕ і ў цэлым з АБСЕ. І вы ведаеце, што Рэспубліка Беларусь вельмі адказна да гэтага падыходзіць”, — заўважыў спікер. Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што практычна ўсе сесіі асамблеі праходзяць з разглядам рэзалюцый, падрыхтаваных беларускім бокам. Так, толькі за апошні час прыняты рэзалюцыі па зялёнай эканоміцы, па барацьбе з наркотыкамі, гандлем людзьмі, раней таксама разглядалася рэзалюцыя па чарнобыльскай тэматыцы. “І самае галоўнае, што ўсе рэзалюцыі, якія прапануе Беларусь, маюць аб’яднальны характар, яны не накіраваны супраць кагосьці, яны накіраваны менавіта на ўмацаванне даверу, развіццё шматбаковага дыялогу, і ўсё гэта робіцца ў імя стабільнасці, міру”, — перакананы Уладзімір Андрэйчанка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, што на найбліжэйшых сесіях ПА АБСЕ ў Вене і Берліне беларуская дэлегацыя рыхтуецца прадставіць рэзалюцыі, якія накіраваны на барацьбу з тэрарызмам, а таксама ў сферы кібербяспекі.

Акрамя таго, спікер дадаў, што Беларусь гатова абмяркоўваць на сустрэчы двухбаковыя адносіны са Швецыяй.

Кент Харстэд наведаў Беларусь 21—24 студзеня — гэта яго першы візіт у краіну ў якасці спецпрадстаўніка. Акрамя двухбаковых сустрэч, праграма візіту таксама прадугледжвала наведванне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Парка высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.