Ушанавалі лепшых

- 9:40Адукацыйная прастора

З нагоды Дня настаўніка старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка сустрэўся з лепшымі педагогамі вобласці, павіншаваў іх з прафесійным святам і адзначыў узнагародамі.

— Вы ўкладваеце душу, вопыт і талент у навучанне і выхаванне маладога пакалення, — звярнуўся да педагогаў кіраўнік Брэстчыны. — Настаўнікі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры грамадскага жыцця краіны і з’яўляюцца надзейнай апорай дзяржавы. Мясцовыя органы ўлады робяць шмат для падтрымкі і развіцця адукацыйнай галіны рэгіёна. Будуюцца новыя аб’екты, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў, ствараюцца сучасныя ўмовы для арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу.  

Сёння на Брэстчыне працуюць больш за 32 тысячы педагогаў. Высокія вынікі іх работы пацвярджаюцца вучнёўскімі дасягненнямі на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Так, сёлета 9 школьнікаў вобласці заваявалі 12 медалёў на міжнародных алімпіядах і конкурсах. Сярод выпускнікоў павялічылася колькасць стабальнікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні (53). Больш за 100 настаўнікаў удзельнічалі ў распрацоўцы вучэбных курсаў для дыстанцыйнага навучання. Ёсць чым ганарыцца і сістэме прафесійнай адукацыі Брэстчыны. Амаль у кожнай галіне эканомікі і сацыяльнай сферы вобласці працуюць выпускнікі ПТНУ і ССНУ рэгіёна. 

Лепшыя педагогі атрымалі з рук Ю.В.Шулейкі граматы і падзячныя пісьмы Брэсцкага аблвыканкама, ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі”. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Паўла БОГУША.