“Ушанаваць імя кожнага славутага земляка”

- 13:38Краязнаўства

Краязнаўцы рэгулярна знаходзяць новыя факты з жыцця знакамітых землякоў, адкрываюць імёны выдатных асоб, памяць пра якіх была страчана ў віхуры часу. У гэтай пачэснай справе настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Хойнікаў Уладзімір Міхайлавіч СМОЛЬСКІ не абмяжоўваецца толькі працай з архіўным матэрыялам. Напрыклад, дзякуючы яго намаганням, у вёсцы Стралічава ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, а ў планах — адкрыццё памятных знакаў у гістарычных мясцінах райцэнтра.

За кожнай мемарыяльнай дошкай, помнікам або бюстам, устаноўленымі ў гонар выдатнага вучонага, артыста, пісьменніка, ваеннага, нярэдка стаіць ініцыятыўнасц­ь педагогаў-краязнаўцаў. Гэта яны дапаўняюць біяграфіі землякоў цікавымі звесткамі, расказваюць вучням пра пакручастыя лёсы, поўныя гераізму і трагічных старонак, выступаюц­ь з ініцыятывай увекавечыць імя.

“Сёння можна знайсці дастаткова інфармацыі пра знакамітых асоб, — падзяліўся настаўнік. — На жаль, памятныя знакі ў гонар гэтых людзей устанаўліваюцца значна радзей, чым на прасторах інтэрнэту з’яўляюцца артыкулы з апісаннем іх біяграфій. Гэта няправільна. Трэба ўшанаваць імя кожнага славутага земляка хаця б мемарыяльнай дошкай або музейнай экспазіцыяй. А яшчэ лепш — помнікам ці бюстам. Гэта было б сведчаннем нашай павагі да чалавека, яго выдатных спраў, подзвігаў”.

“Сёння можна знайсці дастаткова інфармацыі пра знакамітых асоб. На жаль, памятныя знакі ў гонар гэтых людзей устанаўліваюцца значна ра­дзей, чым на прасторах інтэрнэту з’яўляюцца артыкулы з апісаннем іх біяграфій”.

Уладзімір Міхайлавіч Смольскі сваю павагу і пашану выказаў знакамітаму лінгвісту, усходазнаўцу, дыпламату, які жыў у ХІХ стагоддзі, Іосіфу Антонавічу Гашкевічу. Так сталася, што памяць пра І.А.Гашкевіча была ўвекавечана на Астравеччыне, дзе ён памёр у маёнтку Малі, а ў самім Астраўцы ўстаноўлены бюст выдатнага вучонага. Мінск таксама не застаўся ў баку ад добрай традыцыі: адна са сталічных вуліц носіць імя Гашкевіча. Вось толькі на Хойніччыне, малой радзіме Іосіфа Антонавіча, да нядаўняга часу не было ні бюста, ні вуліцы, ні мемарыяльнай дошкі, ні нават невялічкай экспазіцыі. Ды і імя Гашкевіча было вядома толькі вузкаму колу мясцовых краязнаўцаў. Малады ініцыятыўны настаўнік разам з калегамі, а таксама былой супрацоўніцай Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталляй Іванаўнай Обухавай вырашылі выправіць гэтую акалічнасць.

Пачалося ўсё ў снежні 2018 года з раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Іосіф Антонавіч Гашкевіч — гордасць нашай малой радзімы”. Ініцыятарам правядзення канферэнцыі стала раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў гісторыі. Менавіта тады для многіх жыхароў Хойніччыны і было адкрыта імя іх славутага земляка. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі мясцовыя педагогі, музейшчыкі, святары, а таксама прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і Гомельскага каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.

Не будзем падрабязна спыняцца на біяграфіі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, прачытаць яе можна ў адпаведным артыкуле Вікіпедыі, тым больш, што адным з аўтараў гэтага артыкула з’яўляецца калега нашага сённяшняга героя рубрыкі “Педагогі ў края­знаўстве” настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Хойнікаў Сяргей Валянцінавіч Бельскі. Адзначым толькі, што І.А.Гашкевіч вядомы як аўтар японска-рускага, карэйска-рускага і мангольска-рускага слоўнікаў, філантроп і мецэнат, лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі за выдатны ўклад у развіццё навукі, першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай імперыі ў Японіі.

Удзельнікі канферэнцыі не толькі разглядалі на базе Хойніцкага раённага края­знаўчага музея розныя аспекты жыцця І.А.Гашкевіча, але і наведалі вёску Стралічава, дзе ў 1814 годзе нарадзіўся Іосіф Антонавіч. “Мае продкі па бацькавай лініі родам з гэтай вёскі. Памятаю, як дзядуля паказваў мне месца, дзе калісьці стаяў дом бацькоў вучонага, узгадваў, як каля гэтага дома была царква і як з храма ў гады ваяўнічага атэізму знімалі крыжы. У тым доме потым знахо­дзіўся клуб, магазін. Перабудавалі і Свята-Міхайлаўскую царкву, настаяцелем якой быў Антон Іванавіч Гашкевіч. У пачатку 2000-х мясцовыя жыхары каля таго месца, дзе стая­ў храм, знайшлі чалавечыя астанкі і нацельны крыж-машчавік. Па традыцыі, святароў хавалі каля будынка храма. Магчыма, знойдзеныя астанкі належаць бацьку Іосіфа Антонавіча”.

Па словах Уладзіміра Міхайлавіча, канферэнцыя раскрыла шматграннасць асобы І.А.Гашкевіча і маштаб той навуковай і культурнай спадчыны, якую ён пакінуў нашчадкам. Удзельнікі канферэнцыі накіравалі кіраўніцтву Хойніцкага раёна ліст з прапановай надаць адной з вуліц горада, якая вядзе ў напрамку Стралічава, імя І.А.Гашкевіча. Па ініцыятыве Уладзіміра Міхайлавіча ў раённым краязнаўчым музеі быў адкрыты невялікі раздзел экспазіцыі, а на будынку Дома культуры ў Стралічаве была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. “Мы з калегамі заказалі яе ў адной фірмы і гатовы былі аплаціць і работу, і ўстаноўку, аднак супрацоўнікі фірмы, калі даведаліся, што дошка — у гонар знакамітага земляка, вырашылі зрабіць яе бясплатна. 19 мая 2019 года яны была ўстаноўлена”, — адзначыў настаўнік.

Калі ў Астраўцы ўстаноўлены бюст Гашкевіча, а ў Мінску ў яго гонар названа вуліца, то на малой радзіме памяць пра славутага вучонага і дыпламата павінна быць увекавечана не толькі мемарыяльнай дошкай. Магчыма, некалі ў Хойніках таксама з’явіцца вуліца Гашкевіча, бюст, а можа, нават помнік.

Спіс імёнаў выдатных ураджэнцаў Хойніччыны, якія жылі ў мінулыя эпохі і памяць пра якіх, на думку настаўніка, павінна быць абавязкова ўвекавечана памятнымі знакамі, даволі доўгі. Сярод іх асобнае месца займае імя Караля Прозара, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, які называў сябе “графам на Хойніках і Астраглядавічах”. Цікавым з’яўляецца лёс яго жонкі Людвікі. У 1826 годзе муж быў арыштаваны па справе дзекабрыстаў і змешчаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, аднак у 1829 го­дзе вызвалены. Жонка, не ведаючы, дзе знаходзіцца Караль, адправілася на яго пошукі. Падчас гэтых пошукаў у 1828 годзе яна памерла ў Брэсце і была перавезена ва ўніяцкую царкву вёскі Вялікі Бор, што на Хойніччыне.

Пра моцнае каханне Караля да жонкі сведчыць той факт, што ён загадаў перавезці цела Людвікі ў Хойнікі, а на яе магіле насыпац­ь курган. Пасля таго як у 1965 го­дзе курган зруйнавалі, то знайшлі жаночае пахаванне і бутэльку з Урэцкай мануфактуры Радзівілаў. У бутэльцы знаходзіўся пергамент з прысвячэннем нябожчыцы: “Жорст­кі і тыранічны лёс, які трымаў мяне ў няволі за інтарэсы Айчыны, не дазволіў мне раней аддаць табе апошні доўг. Страціўшы цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам…” Жонка і Айчына — вось дзве найважнейшыя каштоўнасці, якія былі ў жыцці Караля Прозара.

“Трэба ўшанаваць імя кожнага славутага земляка хаця б мемарыяльнай дошкай або музейнай экспазіцыяй. А яшчэ лепш — помнікам ці бюстам. Гэта было б сведчаннем нашай павагі да чалавека, яго выдатных спраў, подзвігаў”.

Чаму б на месцы, дзе знаходзіўся курган, не паставіць памятны знак або інфармацыйны стэнд для турыстаў? Чаму б такі ж стэнд не ўстанавіць на месцы былога зам­чышча, якое размяшчаецца за будынкам 2-й школы? Чаму б не ўстанавіць у Хойніках памятную дошку або бюст у гонар знакамітага ўраджэнца гэтага краю, этнографа і фалькларыста Часлава Пяткевіча? Падобных і цалкам справядлівых “чаму” можна задаць яшчэ шмат.

“У савецкі час у нашай школе актыўна працаваў штаб чырвоных следапытаў. Яго ўдзельнікі выступілі з ініцыятывай знайсці родных тых воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Захаваліся лісты перапіскі юных следапытаў з жыхарамі розных куточкаў Савецкага Саюза. Дарэчы, калі ішла падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, які Хойнікі прымалі ў 2010 го­дзе, то матэрыялы, сабраныя чырвонымі следапытамі, былі перададзены ў раённы краязнаўчы музей. Праўда, некаторыя пісьм­ы і фота­здымкі захаваліся. На аснове іх плануецца стварыць у школе музейную экс­пазіцыю. Наогул, Хойніччына — выдатнае месца для края­знаўчай работы. Пакуль мая задача такая: увекавечыць памяць пра найбольш знакамітых землякоў хаця б шляхам размяшчэння мемарыяльных дошак. У планах на будучыню — распрацоўка экскурсій па гора­дзе”, — падзяліўся настаўнік.

Думаецца, што краязнаўчыя планы Ула­дзіміра Міхайлавіча абавязкова ажыццявяцца. Галоўнае — у педагога ёсць жаданне, ініцыятыўнасць, а з боку адміністрацыі школы і мясцовай улады — разуменне і падтрымка.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.