Усмешкі дзяцей — лепшы вынік работы дзяржавы

- 11:49Нашы дзеці

Лепш за ўсё аб шчырым клопаце дзяржавы аб дзецях-сіротах сведчаць іх усмешкі. Такое меркаванне выказаў 26 снежня старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў у Ждановіцкім дзіцячым доме, які ён наведаў у час рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Кіраўнік КДК расказаў, што ехаў на чарговую сустрэчу ў падшэфны дзіцячы дом з дваякім пачуццём. “З аднаго боку, пачуццё горычы, што ад нейкіх дзяцей адмовіліся бацькі, нейкіх давялося забраць з сям’і. Але таксама перапаўняе радасць, што гэтыя дзеці не выкінуты з жыцця: у гэтым дзіцячым доме ім падарылі душэўнае цяпло, — адзначыў Леанід Анфімаў. — Немагчыма прымусіць дзіця ўсміхацца проста таму, што прыехалі госці. Яны ўсміхаюцца, паколькі акружаны шчырай любоўю і клопатам, таму што ім тут доба, яны шчаслівыя”.

Таксама ён падкрэсліў, што асаблівы кантынгент дзяцей, якія па волі лёсу апынуліся ў Ждановіцкім дзіцячым доме, прымушае яго заставацца верным гэтай установе. “Калі я ўпершыню тут пабываў, зразумеў, што заўсёды сюды буду прыязджаць. Вы бачылі адносіны гэтых дзяцей да дарослых — гэта выключная шчырасць і непадробная радасць. Гэта прымушае вяртацца, цягнуцца да такіх дзяцей, якія даросламу чалавеку інстынктыўна давяраюць і імкнуцца пад яго абарону”.

Госці, а гэта не толькі кіраўніцтва КДК, але і прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама, пераступіўшы парог дзіцячых пакояў, адчулі прыхільнасць дзяцей. Зазірнуўшы ў кожны куток дзіцячага дома, яны пераканаліся, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак тут ёсць усё неабходнае для гарманічнага развіцця. У іх распараджэнні — сенсорны пакой, пакой сацыяльнай адаптацыі, кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў, фізкультурная зала.

Леанід Анфімаў падзякаваў работнікам Ждановіцкага дзіцячага дома за іх вельмі няпростую і высакародную працу і падарыў машыну па ачыстцы агародніны. А выхаванцы дзіцячага дома атрымалі наборы ласункаў і мяккія цацкі.

Абмен падарункамі стаў кульмінацыяй чароўнай казкі, якую падрыхтавалі разам педагогі і дзеці. Яны з гасцямі вадзілі карагоды вакол ёлкі. Радасныя твары і непасрэднасць дзяцей прымусілі дарослых на час забыць аб клопатах і паверыць у цуды. Паколькі і тыя, і другія могуць адно для аднаго стаць сапраўднымі чараўнікамі, падарыўшы ўсмешкі, любоў і сям’ю. Дарэчы, яе за 2017 год знайшлі тры хлопчыкі: аднаго ўсынавілі, яшчэ двух забралі ў апякунскую і прыёмную сем’і.

Цяпер у Ждановіцкім дзіцячым доме знайшлі цяпло і ўтульнасць 24 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзросце з 3 да 7 гадоў (4 сіраты і 20 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў). Як адзначыла дырэктар установы Тамара Красоўская, з моманту адкрыцця дашкольнай установы (у 1981 годзе) 51 выхаванец быў уладкаваны ў сем’і.

Удзел работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стаў добрай традыцыяй. За гэтыя гады, зыходзячы з пажаданняў падшэфных, для ўстановы за кошт асабістых сродкаў работнікаў Камітэта дзяржкантролю былі куплены дываны, тэлевізар, пральная машына, пыласосы. І гэта не лічачы салодкіх падарункаў.