Устаноўлены ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы ўрада

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

Ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы на 2019 год зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 29 снежня 2018 года № 989, паведамляе сайт урада.

У прыватнасці, устаноўлены ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы ўрада на 2019 год. Сярод іх: ВУП — 104 працэнты да 2018 года, экспарт тавараў і паслуг — 105,4 працэнта, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — 103,4 працэнта, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове — $1,6 млрд. Задача ў гэтым годзе для Нацбанка і ўрада — інфляцыя не больш як 5 працэнтаў.

Устаноўлены таксама ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, а таксама аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму рэкамендуюць таксама ўстанавіць для кіраўнікоў райвыканкамаў, гарвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Мінска паквартальныя значэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы на 2019 год. У якасці такіх паказчыкаў вызначаны экспарт тавараў, экспарт паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове.

Акрамя таго, вызначаны шэраг мер для дасягнення ключавых паказчыкаў. Так, зацікаўленым дзяржорганам даручана прыняць меры па ліквідацыі бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі ў ЕАЭС і Саюзнай дзяржаве, больш актыўна задзейнічаць механізмы дарожных карт ЕАЭС з узмацненнем узаемадзеяння расійска-беларускіх рабочых груп па асноўных напрамках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Мінэканомікі разам з іншымі дзяржорганамі і бізнесам трэба распрацаваць і ўнесці ў Саўмін да 1 красавіка дарожную карту па рэалізацыі першага этапу стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва “Беларусь — краіна паспяховага прадпрымальніцтва”, а да 1 чэрвеня — канцэпцыю ўдасканалення сістэмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму трэба да 15 студзеня зацвердзіць планы развіцця абласцей і Мінска на 2019 год. Іх распрацуюць з улікам палажэнняў Мэт устойлівага развіцця.