Устаноўлены надбаўкі настаўнікам з улікам складанасці і выніковасці работы

- 12:09Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі з 1 студзеня ўстаноўлены надбаўкі педагагічным работнікам, што ўлічваюць галіновыя асаблівасці педагагічнай дзейнасці. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства адукацыі ад 22.01.2019 № 10 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб памерах, парадку і ўмовах устанаўлення надбавак педагагічным работнікам бюджэтных арганізацый”.

Пастанова змяшчае пералік відаў работ (функцый), за выкананне якіх устанаўліваюцца надбаўкі: за забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, за сістэмную работу па арганізацыі харчавання, аздараўлення навучэнцаў, за работу з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі, за ўдзел у дзейнасці вучэбна-метадычных аб’яднанняў і інш.

Названыя надбаўкі ўстанаўліваюцца ў працэнтах ад тарыфнай стаўкі першага разраду. Максімальны памер надбаўкі можа скласці Br142. Пры выкананні педагогам некалькіх відаў работ (функцый) надбаўкі могуць устанаўлівацца па некалькіх падставах.

“Такая мера дасць магчымасць павысіць заработную плату, а таксама забяспечыць дыферэнцыраваны падыход да аплаты працы педагагічных работнікаў з улікам аб’ёму, складанасці і выніковасці іх работы”, — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

З тэкстам пастановы можна будзе азнаёміцца ў чарговым дадатку “Адукацыя: дакументы і каментарыі” да “Настаўніцкай газеты”.