Усё пачынаецца з Радзімы. Пра насычаныя будні ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь»

- 12:43Уроки мужества

У 4 класе Уладзімір Матусевіч упершыню прыйшоў на школьны вечар у роднай вёсцы Некрашэвічы ў сапраўднай салдацкай гімнасцёрцы… У наступных класах ужываўся ў вобраз пагранічніка, партызана і нават камандзіра. Сёння гімнасцёрка разам з іншымі шматлікімі мундзірамі розных ваенных гадоў займае пачэснае месца ў пакоі баявой славы Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Менавіта тут вядзе заняткі са школьнікамі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч, які на ўласным прыкладзе ўжо больш за 30 гадоў выхоўвае годных грамадзян сваёй краіны. А створаны ім ваенна-патрыятычны клуб “Віцязь” стаў візітнай карткай не толькі школы, але і ўсяго раёна.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае форма вайскоўцаў розных перыядаў. Уладзімір Матусевіч збірае яе амаль усё жыццё. З найбольш каштоўных экспанатаў адзначае афіцэрскую форму ўзору 1955 года

Уражвае не толькі багатая калекцыя ваеннай формы, збі­раць якую Уладзімір Матусевіч пачаў яшчэ школьнікам, але і каштоўны гістарычны матэрыял, сабраны падчас пошукавай работы школьнікаў на чале з педагогам, экспанаты часоў Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай, Афган­скай войнаў. За кожным прадметам у пакоі баявой славы — цэлая гісторыя. Пра іх Ула­дзімір Ула­дзіміравіч можа расказваць га­дзінамі.

Жыццё Уладзіміра Матусевіча звязана з роднай карэ­ліцкай зямлёй. Адсюль пасля заканчэння Лукскай сярэдняй школы адправіўся на службу ва Узброеныя Сілы. Адслужыўшы, прыслухаўся да парады раённага ваенкама і паступіў на ваенна-спартыўны факультэт Магілёўскага педінстытута. Атрымаў спецыяль­насць настаўніка пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і зноў вярнуўся на радзіму. З 1989 года нязменна працуе ў Лукскай сярэдняй школе. Пачынаў лейтэнантам, цяпер падпалкоўнік.

23 лютага 2015 года быў адкрыты пакой баявой славы, дзе сабраны вынікі шматгадовай карпатлівай работы.

— Кожны экспанат сапраўды прайшоў праз мае рукі, — расказ­вае, праводзячы экскурсію, Ула­дзімір Уладзіміравіч. — Калі зай­маешся пошукавай дзейнасцю, то сустракаешся з людзьмі з падобнымі інтарэсамі. Пачыналі мы з невялікага кабінета каля спартыўнай залы. З дому туды прыносіў мундзіры, шматлікія сабраныя экспанаты. Там жа праводзіў экскурсіі. Неяк адна з наведвальніц кажа: “Вашы экспанаты ўжо вас адсюль высяляюць”. Ідэю адкрыць пакой баявой славы падтрымала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. Былі выдзелены грошы і абсталяваны добры музейны пакой. Цяпер тут вельмі зручна праводзіць не толькі экскурсіі, але і заняткі для дзяцей.

Экскурс у гісторыю роднага краю Уладзімір Матусевіч пачынае з часоў Першай сусветнай вайны. Гэтая тэма яго зацікавіла, бо вайна пакінула крывавы след на тэрыторыі Карэ­ліччыны. Менавіта тут у верасні 1915 года спыніўся фронт, калі на адным беразе ракі былі рускія вой­скі, а на процілеглым — нямецкія. Сабрана шмат фота­здымкаў, зробленых у той час на тэрыторыі сельскага Савета. Тут фатаграфіі і экспанаты, якія знайшлі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” і сам У.У.Матусевіч. З найбольш каштоўных — палкавы знак першай батарэі 7-й Сібірскай стралкова-артылерыйскай брыгады. Ёсць яшчэ адзін палкавы знак, бляхі і жэтоны салдат, дакументы.

— Калі займаешся тым, што падабаецца, тады ўсё атрымліваецца. Я захоплены пошукавай работай і гісторыяй наогул. Заўсёды збіраў усё, што тычылася нашай мясцовасці. Знайшоў у інтэрнэце кнігу А.Крылова “29-ы і 67-ы Сібірскія стралковыя палкі на Германскім фронце 1914—1918 гадоў”. Хацеў набыць яе, але не змог. А тут тэлефануе вайсковы камісар і кажа, што да нас у школу хоча прыехаць прафесар з Масквы Аляксандр Крылоў. Ён не толькі прыехаў, але і прывёз сваю кнігу, шмат фатаграфій. Яго пра­дзед быў поўным георгіеўскім кавалерам і ваяваў на нашай зямлі. Потым А.Крылоў выдаў кнігу “Гістарычны шлях і дыялог пакаленняў у постсавецкай прасторы”, дзе ёсць артыкул пра Карэліцкі раён у гады Першай сусветнай вайны, здымкі з нашай школы. З падмаскоўнага Каралёва прыяз­джаў да нас праўнук Міхаіла Яфімава, які ваяваў у складзе 9-га грэнадзёрскага палка і загінуў каля мястэчка Цырын. Праўнук прывёз паштоўку, якую прадзед адпраўляў адсюль сваёй жонцы ў Омск, — расказаў У.У.Матусевіч.

На стэндзе, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, ён звяртае ўвагу на фотаздымак Івана Ануфрыевіча Тананкі, былога настаўніка школы. Захоўваюцца тут узнагароды, дакументы і рэчы дзядоў і прадзедаў былых і цяперашніх школьнікаў. Адны экспанаты перададзены ў школу роднымі, другія знойдзены падчас пошукавай работы.

— Калі на тэрыторыі раёна адбываліся нейкія падзеі, мы стараемся сабраць пра гэта больш інфармацыі, дапамагае інтэрнэт, — працягвае аповед Ула­дзімір Уладзіміравіч. — Яшчэ ў дзяцінстве чуў, што немцы ў 1944 годзе збілі самалёт. Хацелася знайсці месца, і мы яго знайшлі ў пушчы, па астанках вызначылі марку самалёта. На жаль, пяцёра членаў экіпажа загінулі, у жывых застаўся толькі Сяргей Васільевіч Шчарбакоў, потым ён стаў Героем Савецкага Саюза. Удалося адшукаць месца, дзе ў ліпені 1943 года партызанамі быў збіты нямецкі самалёт. Дзякуючы пошукавай дзейнасці, высветлілі, што каля вёскі Жухавічы ў ліпені 1941 года загінуў камандзір 29-й танкавай дывізіі Мікалай Пятровіч Студнеў. Але на брацкай магіле яго прозвішча не было. Звярнуліся ў райвыканкам, каб усталяваць памятны знак на меркаваным месцы яго гібелі. І 2 ліпеня 2020 года ўрачыста быў адкрыты памятны знак каля вёскі Вялікія Жухавічы. І гэта толькі некаторыя прыклады пошукавай работы школьнікаў на чале з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Выхоўвае “Віцязь”

Уладзімір Матусевіч у 2001 годзе выступіў ініцыя­тарам стварэння ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”, на той час ваенна-спартыўнага. Ён стаў першым у раёне і адразу прадставіў Карэліччыну на абласным злёце ваенна-патрыятычных клубаў, заняўшы 4-е месца. У 2008 годзе “Віцязь” атрымаў перамогу на першай абласной гульні “Зарніца”, а на рэспубліканскім этапе стаў другім. Чатыры разы школьнікі выйгравалі абласную “Зарніцу”, тры разы займалі 2-е месца і раз — 3-е. Шматлікія кубкі сведчаць аб перамогах на розных спаборніцтвах.

Сёння ў клубе 13 чалавек. Нядаўна ў яго рады прынялі другакласніка Арцёма Вінаградава. Звычайна сюды бяруць пачынаючы з 5 класа, але для хлопца зрабілі выключэнне, бо ён вельмі адказна ставіцца да заняткаў, не прапусціў ні адных, марыў стаць членам клуба. Некаторыя прыязджаюць на заняткі ў Лукскую школу з Карэліч. Страявая падрыхтоўка, стральба, разборка-зборка аўтамата — будні выхаванцаў клуба. А вось на свята яны паказваюць свой каронны нумар — пляц-парад, які перанялі ў роты Ганаровай варты. На выступленні стараюцца трапіць бацькі, бо ганарацца сваімі дзецьмі. Дарэчы, прыгожую форму дзецям пашыла мясцовае сельгаспрадпрыемства “Лукі-Агра”. А падчас канікул педагог ра­зам са сваімі выхаванцамі адпраўляецца ў паходы. І, безумоўна, яны не мінаюць помнікі.

— Больш за 30 выхаванцаў клуба сталі афіцэрамі, — з гордасцю канстатуе У.У.Матусевіч. — Як толькі ўтварыўся “Віцязь”, вельмі часта нашы выпускнікі сталі выбіраць прафесію ваеннага. Яны сур’ёзна займаюцца страявой падрыхтоўкай, вывучаюць зброю, добра страляюць. Да таго ж мы бываем у вайсковых часцях, яны бачаць побыт салдат. Вядома, прысутнічае і рамантыка, але ўсё роўна стараюся падрыхтаваць навучэнцаў псіхалагічна, знаёмлю з асаблівасцямі вайсковай службы.

Страявая падрыхтоўка, стральба, разборка-зборка аўтамата — будні выхаванцаў клуба. А вось на свята яны паказваюць свой каронны нумар — пляц-парад, які перанялі ў роты Ганаровай варты.

Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама І.В.Асташэвіч лічыць, што без Уладзіміра Матусевіча “Віцязь” не быў бы тым клубам, якім ён з’яўляецца сёння.

— Уладзімір Уладзіміравіч — ініцыятар і натхняльнік розных добрых спраў, сам займае актыўную грамадзянскую пазіцыю і вядзе за сабой дзяцей, — падкрэ­сліла І.В.Асташэвіч. — Таксама ён перадае свой вопыт калегам, узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Лукская школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па ваенна-патрыятычным выхаванні.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара