Узаемная зацікаўленасць

- 11:16Актуально, Апошнія запісы

У Беларусь прыбыла дэлегацыя з Рэспублікі Зімбабвэ на чале з міністрам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця гэтай краіны Амонам Мурвірам. У склад дэлегацыі ўвайшлі супрацоўнікі гэтага міністэрства, кіраўнікі навучальных устаноў.

Госці з Зімбабвэ пазнаёміліся з сістэмай адукацыі Беларусі, наведалі навучальныя ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі, пабывалі на пляцоўках Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майтэрства WorldSkills Belarus — 2018. 22 мая дэлегацыя з Зімбабвэ наведала Міністэрства адукацыі. Госці сустрэліся з міністрам адукацыі І.В.Карпенкам, супрацоўнікамі галіновага міністэрства. На сустрэчы прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Зімбабвэ ў Расійскай Федэрацыі (і Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве) Майк Нікалас Санга.
Ігар Васільевіч Карпенка шчыра павітаў гасцей і выказаў спадзяванне, што такая сустрэча стане штуршком для развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі не толькі ў адукацыйнай сферы, але і ўвогуле для ўмацавання адносін паміж народамі.

Наша краіна разглядае супрацоўніцтва з Зімбабвэ як важны кірунак знешняй палітыкі на афрыканскім кантыненце, і Беларусь адкрыта для абмеркавання супрацоўніцтва паміж краінамі, адзначыў І.В.Карпенка. Нарматыўная база ў сферы ўзаемадзеяння паміж краінамі знаходзіцца на міжурадавым і міжведамасным узроўні, але хочацца, каб наша супрацоўніцтва было скіравана ў практыка-арыентаваную плынь.Таму мэтазгодна было б пашырыць міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва, ствараць сумесныя праекты ў сферы навукі, наладжваць абмен студэнтамі і выкладчыкамі.

— Мы зацікаўлены, каб вашы грамадзяне маглі атрымаць у нашых установах вышэйшай адукацыі веды па тых спецыяльнасцях, якія неабходны эканоміцы вашай краіны, — адзначыў Ігар Васільевіч.

У сістэме вышэйшай школы Беларусі створаны ўсе магчымасці для навучання замежных студэнтаў, і наша краіна зацікаўлена прымаць на вучобу грамадзян з іншых краін. Цяпер адукацыйныя праграмы вышэйшай адукацыі на англійскай мове рэалізуюць 29 УВА па 73 спецыяльнасцях. Акрамя таго, інтэнсіўна развіваецца дыстанцыйнае навучанне на англійскай мове па спецыяльнасцях у сферы інфармацыйных тэхналогій, эканомікі, кіравання на прадпрыемстве, менеджменту і інш.

Таксама Беларусь мае высокія дасягненні ў развіцці прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў для сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны. Гэтая падрыхтоўка сёння ўзнята на новую вышыню і скіравана на канкурэнтаздольнасць выпускнікоў устаноў ПТА і ССА, на задавальненне тых запытаў, якія прад’яўляюць заказчыкі кадраў. На фарміраванне працоўных рэсурсаў арыентаваны рух WorldSkills, у якім аб’яднаны намаганні адукацыі і вытворчасці ў падрыхтоўцы высакакласных рабочых і спецыялістаў.

Як адзначыў І.В.Карпенка, беларускі бок гатовы аказаць дапамогу калегам з Зімбабвэ ў стварэнні на тэрыторыі гэтай краіны рэсурсных цэнтраў прафесійнай адукацыі, распрацаваць адпаведнае навукова-метадычнае забеспячэнне, ажыццявіць падрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку адпаведных кадраў.

Амон Мурвіра ўсе прапановы беларускага боку падтрымаў і выказаў намер прыступіць да іх рэалізацыі ў найбліжэйшы час.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.