Узнагароды — моладзі

- 9:30Адукацыйная прастора

Урачыстая цырымонія ўручэння моладзі спецыяльных прэмій аблвыканкама за дасягненні ў сацыяльнай сферы адбылася ў Магілёве. 

Лаўрэатамі прэстыжнай прэміі сёлета сталі прадстаўнікі сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры і мастацтва, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, сродкаў масавай інфармацыі. Адметна, што кожны малады чалавек ужо мае даволі значныя дасягненні ў працы. 

Заслужаныя ўзнагароды моладзі ўручаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Вітаючы прысутных, кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што беларускі народ заўсёды адрозніваўся працавітасцю, мужнасцю, гераізмам, адданасцю сваёй Радзіме. 

— У цяжкія часы нашы людзі заўсёды выходзілі пераможцамі, падымаючы эканоміку сваёй дзяржавы. Беларусы адстаялі незалежнасць краіны ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі з руін гарады, паднялі з папялішчаў вёскі. І гэта заслуга многіх пакаленняў. З гонарам трэба дзякаваць залатому фонду вобласці — ветэранам працы, якія сваім розумам, рукамі стварылі і захавалі нацыянальнае багацце Беларусі. 113 ураджэнцаў Магілёўшчыны — Героі Сацыялістычнай Працы, кавалеры ордэна Працоўнай Славы, заслужаныя работнікі розных галін назаўсёды ўпісалі свае прозвішчы ў працоўную гісторыю Прыдняпроўскага краю. Сёння мы ганарымся імі і бяром з іх прыклад, — адзначыў Леанід Канстанцінавіч, падзякаваўшы маладым людзям з ліку лаўрэатаў за іх працу, якую яны таксама выконваюць плённа і сумленна. 

Дыпломы атрымлівала моладзь з усіх кірункаў сацыяльнай сферы рэгіёна, але дамініравалі сярод іх прадстаўнікі сістэмы адукацыі. У намінацыі “Адукацыя” быў адзначаны шэраг школьнікаў і студэнтаў. Узнагародзілі і лепшых выкладчыкаў. А менавіта: педагога дадатковай адукацыі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Яўгена Смірнова, майстра вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Таісію Саранчукову, выкладчыка харэаграфічных дысцыплін Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я.Глебава Васіля Падляцкага, старшага выкладчыка Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіла Пятрэнку, настаўніцу па класе баяна-акардэона дзіцячай школы мастацтваў № 1 Асіповіч Таццяну Нішт, загадчыка аддзялення Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Уладзіміра Мурашкевіча, настаўніка інфарматыкі сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Андрэя Мацюшонка, настаўніцу біялогіі сярэдняй школы № 2 Чавус Кацярыну Малолаву, настаўніцу фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 37 Магілёва Таццяну Лісіну, выкладчыка спецыяльных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Юлію Кашпараву, майстра вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Максіма Капельку, начальніка цэнтра дыстанцыйнага навучання Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Марыну Галдову. 

Ад імя лаўрэатаў да прысутных звярнуўся настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Антон Лабаноўскі, які атрымаў прэмію за дасягненні ў грамадска-палітычнай дзейнасці.

— Дзякуй за высокую адзнаку нашай працы, за тую ўвагу, якая ўдзяляецца моладзі Магілёўшчыны. Званне лаўрэата спецыяльнай прэміі — гэта не проста ўзнагарода. Гэта дадатковы стымул да рэалізацыі новых праектаў і ідэй. Бо нашы асноўныя вынікі, нашы галоўныя перамогі яшчэ наперадзе, — запэўніў Антон Лабаноўскі.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ярка і запамінальна. Пасля заканчэння свята ўсім лаўрэатам пажадалі новых поспехаў, ажыццяўлення самых смелых задум, здзяйснення ўсіх надзей і мар. А завяршылася мерапрыемства выдатнымі канцэртнымі нумарамі ад артыстаў вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.