Узровень даверу насельніцтва да работы міліцыі высокі

Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў даследаванне, вынікі якога сведчаць аб даволі высокім узроўні даверу насельніцтва да работы міліцыі. Аб гэтым паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.

Міністр растлумачыў, што раней у МУС існавала ўласная структура, якая вывучала грамадскае меркаванне, аднак падраздзяленне было ліквідавана. Каб ведаць, як грамадзяне ставяцца да работы міліцыі, міністэрства заключыла дагавор з Інстытутам сацыялогіі. Нядаўна ўстанова правяла такое даследаванне.

“Яно сведчыць аб тым, што мы не значна разыходзіліся ў вывадах, калі самі праводзілі ацэнку. Хоць, прызнаюся, яна больш сціплая, чым наша, у асобных напрамках службовай дзейнасці. Але ў цэлым (тое, што мяне цалкам сёння задавольвае) незалежным органам канстатаваны даволі высокі ўзровень даверу насельніцтва да работы органаў унутраных спраў”, — адзначыў Ігар Шуневіч.

Ён заўважыў, што праблемы ў рабоце беларускай міліцыі ёсць, аднак яны заснаваны на суб’ектыўных фактарах — стаўленні канкрэтных супрацоўнікаў да сваёй работы. “Сістэмных памылак, якія дазволілі б гаварыць аб тым, што мы пралічыліся ў нейкіх напрамках дзейнасці, мы не назіраем, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Насельніцтва краіны ў асноўнай сваёй масе давярае супрацоўнікам органаў унутраных спраў”.