Ва ўборачную кампанію ўцягнуліся ўсе, але тэмпы неабходна паскорыць

- 12:33Інфармацыйная гадзіна

Беларусь разлічвае сабраць амаль 10 млн т збожжавых. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі 10 жніўня ў Брэсцкую вобласць.

“Мы пад 10 млнт збожжавых можам сабраць разам з рапсам і кукурузай. Сёння да вечара мы палову збожжа ўбяром”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, да 20 жніўня завяршыць уборку павінны ўсе вобласці, за выключэннем Віцебскай.

“Па Віцебскай вобласці дамовімся так: трэба перастаць слухаць заспакойванні кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны. Калі мы бачым, што там добрае збожжа, яго трэба ўбіраць, перакідваць туды тэхніку. Узнікне праблема з сушылкамі. Таму мы адразу з поля забіраем збожжа, вязём на элеватары, перапрацоўваем, не крыўдзячы вяскоўцаў. Збожжа з палёў трэба ўбраць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту было даложана, што дзяржаўны заказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб’ёме. “Мы 860 тысяч т хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да 1 млнт, можа, крыху больш. Але добрае збожжа, калі ёсць жаданне прадаць, трэба забраць і зрабіць абмен старых рэзерваў — мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае ў гэтым годзе”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў актывізацыю ходу ўборачнай кампаніі.

“Адчуваю, што ва ўборку моцна ўсе ўцягнуліся, нікога папракаць не трэба, але 10—15 працэнтаў скорасці трэба дабавіць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц звярнуў увагу на перабоі з адгрузкай у гаспадарках грануляваных угнаенняў. “Ва ўрадзе няхай неадкладна прымуць рашэнне. Просьбу па ўгнаеннях трэба задаволіць”, — даручыў прэзідэнт.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на забеспячэнні гаспадарак палівам. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантраляваць яго эфектыўнае выкарыстанне.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць будаўніцтва малочнатаварных ферм у краіне за 2017—2018 гады.

“У нас іх няшмат засталося, трэба прыкладна $80 млн, але гэта па падліках. А пачнём будаваць, дык і ў $50 млн укладзёмся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтыя фермы мы павінны пабудаваць у бягучым і будучым годзе. За паўтара года гэтыя пытанні трэба зняць”.

Пры гэтым прэзідэнт звярнуў увагу, што неабходна дазволіць гаспадаркам будаваць фермы зручнымі для іх метадамі. Галоўнае, каб гэта не патрабавала вялікіх укладанняў, а вынік быў якасны. “Хоча гаспадарчым спосабам (гэта значна танней) — трэба яму дазволіць. Не можа гаспадарчым спосабам — ПМК у кожным раёне”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пабудаваныя фермы павінны быць запоўнены высокаўдойнай жывёлай. Важна таксама займацца пытаннямі захаванасці кармоў.

У час рабочай паездкі ў паўднёвы рэгіён краіны кіраўнік дзяржавы наведаў рэканструяваную малочнатаварную ферму “Квасевічы” ў Івацэвіцкім раёне. Яму далажылі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых ферм, вытворчасці экспартна арыентаванай прадукцыі.

Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, усяго ў краіне дзейнічае больш як 4,1 тысячы малочнатаварных ферм, з іх 1181 рэканструявана і мадэрнізавана. У высокай ступені гатоўнасці больш за 120 ферм. Прадугледжваецца, што дзяржава дапаможа гаспадаркам завяршыць іх будаўніцтва.

Пасля азнаямлення з малочнатаварнай фермай “Квасевічы” прэзідэнт вырашыў змяніць запланаваны маршрут і наведаць праблемнае сельгаспрадпрыемства раёна ААТ “Косава”. Першы прыпынак быў зроблены ім на адным з палёў гаспадаркі. Там Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам уборкі збожжа і пагутарыў з экіпажам камбайнераў — сям’ёй Харужых. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ўдасца ім паўтарыць мінулагодні намалот 1 тысячут. Мікалай Харужы адказаў, што гэта рэальна. Аляксандр Лукашэнка падарыў Ірыне Харужай букет кветак і пажадаў сям’і поспехаў.

Затым прэзідэнт накіраваўся на малочнатаварную ферму “Старажоўшчына”, якая ўжо два гады знаходзіцца на фінансавым аздараўленні. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду адшукаць 200 тысяч рублёў для прывядзення фермы ў ідэальны стан. Зрабіць гэта неабходна да лістапада бягучага года, падкрэсліў ён. Акрамя таго, была пастаўлена задача павялічыць практычна ў два разы колькасць дойнай жывёлы — да 1 тысячы галоў.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў вярнуцца ў ААТ “Косава” ў лістападзе і праверыць выкананне дадзеных ім даручэнняў.