Паспяховасць дзіцяці ў жыцці ў многім залежыць ад педагога. Як і 20—30 гадоў назад сучасныя дзеці маюць патрэбу ў чалавечым цяпле, любові і разуменні, пераканана наша гераіня — дырэктар 43-й сталічнай гімназіі Марыя КАВАЛЕЎСКАЯ.
— Марыя Фёдараўна, чаму вы выбралі настаўніцкую прафесію?
— Настаўніцай марыла быць заўсёды. У педагогіцы я ўжо больш за 40 гадоў, доўгі час узначальвала сярэднюю школу № 126 Мінска, а ў 2010 годзе стала дырэктарам новабудоўлі ў Фрунзенскім раёне. Упэўнена, што работа ў школе — гэта маё прызванне. Калі сказаць дакладна, то я жыву гэтай работай, займаюся любімай справай. Работа, звязаная з людзьмі, — асаблівая. Асабліва, калі гэтыя людзі — дзеці.
Мне вельмі падабаецца выказванне: “Педагог — гэта той, хто здольны спусціцца з вышынь сваіх ведаў да няведання вучня і разам з ім здзейсніць узыходжанне”. Толькі разам можна прыйсці да поспеху: разам спазнаваць, разам рабіць адкрыцці, разам вучыцца.
З вопытам разумееш: патрабуеш выніку ад людзей — навучыся працаваць над сабой. Працаваць над сабой павінен і вучань, і настаўнік, і намеснік дырэктара, і сам дырэктар.
Кіраваць заўсёды складана. Кіраўнік — гэта не столькі чалавек, які раздае каманды і загады, колькі той, хто, прымаючы тое ці іншае рашэнне, бярэ на сябе адказнасць за вялікі калектыў людзей. Гэта ад цябе будзе залежаць, як ты згуртуеш вакол сябе каманду аднадумцаў, з якімі разам створыш спрыяльнае асяроддзе для далейшага функцыянавання і развіцця ўстановы.
Спрыяльны мікраклімат
—Удалося згуртаваць каманду аднадумцаў?
— Наша гімназія сёння — гэта вялікі калектыў дзяцей і дарослых. Самаму малодшаму — 6 гадоў, самаму старэйшаму — за 70. І кожны хоча быць патрэбным, паспяховым, рэалізаваным.
Я як кіраўнік упэўнена, што ў нас у гімназіі ў цяперашні час склаўся дасведчаны, творчы педагагічны калектыў, які можа ў кароткія тэрміны перабудавацца ў адказ на выклікі сучаснага зменлівага свету. Натхнёна і творча працуюць настаўніцы рускай мовы і літаратуры Святлана Эктава, беларускай мовы і літаратуры Людміла Каспяровіч, матэматыкі Лідзія Пянко, Іна Чыжык, гісторыі Наталля Шарамецьева, геаграфіі Іна Радчанка. Свет ведаў адкрываюць вучням настаўніцы пачатковых класаў Аксана Маскалёва, Наталля Ермалінская, Маргарыта Войцік.
Менавіта дзякуючы гэтаму калектыву, створаны той спрыяльны клімат, у якім камфортна і дарослым, і дзецям. Мы дакладна ведаем, што ў пагоні за новым важна не разгубіць тое патрэбнае старое, што было назапашана папярэднімі пакаленнямі. Лічу, што менавіта гэты баланс інавацый і традыцый робіць нашу гімназію запатрабаванай сярод бацькоў і навучэнцаў.
Для малодшых школьнікаў мы прапануем заняткі па інтарэсах “Шахматы”, “Вясёлыя ноткі”, спартыўныя секцыі па футболе, гандболе, усходніх адзінаборствах. У гуртку па лепцы з салёнага цеста “Фантазія”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Аляксандр Бакавец, вучні сваімі рукамі робяць падарункі, сувеніры, якія ўручаюцца пераможцам усемагчымых спаборніцтваў. Згадзіцеся, сувеніры, зробленыя рукамі дзяцей, нясуць асаблівае цяпло! Гэта вельмі актуальна ў наш час: купіць зараз можна калі не ўсё, то многае. З 10 гадоў дзеці маюць магчымасць наведваць заняткі ў ціры, дзе працуюць сапраўды захопленыя настаўнікі дапрызыўнай падрыхтоўкі. У выніку вучні перамагаюць у конкурсах ваенна-спартыўнай накіраванасці. А перамогі не даюцца тыднем ці месяцам падрыхтоўкі, а менавіта сістэмнай мэтанакіраванай работай пачынаючы з пачатковых класаў.
Гімназія № 43 Мінска атрымала статус установы адукацыі новага тыпу ў 2016 годзе. Сёння яна — цэнтр не толькі адукацыі, а і вольнага часу, грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва. З 2012 года тут дзейнічае Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна. Юнакі і дзяўчаты атрымліваюць веды па медыцынскай падрыхтоўцы, вучацца абыходзіцца са зброяй. Тут жа працуе лепшы ў горадзе цір, дзе можна патрэніравацца ў электронным сектары і пастраляць з пнеўматычнай зброі.
На старшай ступені арганізавана профільнае навучанне. Мы рэалізуем два напрамкі: фізіка-матэматычны і філалагічны, дзе на павышаным узроўні вывучаюцца руская і англійская або нямецкая мовы.
З самага адкрыцця ўстановы прыярытэт аддаецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Толькі на любові да сваёй сям’і, гімназіі, свайго раёна, горада, сваёй краіны можна выхаваць сапраўднага патрыёта. У нас створана дзейсная музейная прастора. З 2014 года ва ўстанове працуе музей “Гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў” — лепшы па напаўняльнасці і змесце ў горадзе, а таксама музей “Пра подзвіг вялікі і вечны”. Экспазіцыя апошняга музея ўключае элементы ваеннага абмундзіравання і экіпіроўкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узоры зброі і снарадаў, салдацкі палявы кацялок, ордэны і ўзнагароды, перададзеныя школе ў дар ветэранамі Фрунзенскага раёна. Большая частка экспанатаў была сабрана вучнямі школы — членамі атрада “Пошук”. На стэндах — інфармацыя аб асноўных этапах і пераломных момантах вайны. Асноўная ўвага ўдзелена падзеям і баявым дзеянням на беларускай зямлі. Аднак самы галоўны аб’ект цікавасці ў музеі — макет танка Т-34 узору 1940 года, створаны “Студыяй 25”. Старэйшыя вучні праводзяць даследчую работу і перамагаюць на ўсемагчымых даследчых конкурсах. Пачынаючы з 1 класа мы арганізоўваем музейныя ўрокі. Іх праводзяць як супрацоўнікі музея, так і класныя кіраўнікі, юныя экскурсаводы на рускай, беларускай, англійскай і нават нямецкай мове.
У школе маладых
— Марыя Фёдараўна, калі да вас прыходзяць маладыя спецыялісты, як вы ацэньваеце іх метадычныя здольнасці і веды па прадмеце?
— Кожны год да нас у гімназію прыходзяць маладыя спецыялісты. Гэта дасведчаныя педагогі з неабходным багажом ведаў. Яны поўныя энергіі і энтузіязму. Аднак для таго каб быць настаўнікам, гэтага недастаткова. Каб быць настаўнікам — трэба вучыцца. І на гэтым шляху пачынаючы педагог адчувае цяжкасці з прычыны адсутнасці вопыту. Менавіта ў гэты момант вельмі важна, каб побач апынуліся тыя, хто дапаможа, падкажа і падтрымае. Калі пакінуць маладога настаўніка сам-насам з першымі цяжкасцямі, у яго могуць з’явіцца сумненні ва ўласнай прафесійнай і асобаснай дасведчанасці. Для таго каб такіх праблем не ўзнікала, у нас у гімназіі арганізавана работа па суправаджэнні маладога спецыяліста, пачынаючы ад вучэбных заняткаў і заканчваючы пазаўрочнай дзейнасцю. Гэта школа маладога настаўніка, а таксама настаўніцтва вопытных педагогаў, якія дапамагаюць пераадолець псіхалагічныя цяжкасці, вырашыць арганізацыйныя пытанні, што ўзнікаюць у маладога спецыяліста. Лічу, усё гэта дапаможа пачынаючаму педагогу пераадолець гэты самы цяжкі этап у прафесіі, не расчараваўшыся ў ёй.
Сёлета наш калектыў папоўніўся настаўніцай біялогіі Дзіянай Халяўкінай, настаўніцай англійскай мовы Алінай Пінчук, педагогам сацыяльным Уладзіславай Хмарай. Гэта мэтанакіраваная, творчая, энергічная моладзь, за якой цягнуцца дзеці. Нам пашчасціла з такімі педагогамі. Мы вельмі задаволены іх падрыхтоўкай.
— Вы ўжо шмат гадоў у педагогіцы. Як змяніліся вучні ў параўнанні з тымі дзецьмі, якія былі 20—30 гадоў назад? Чаго сёння хочуць ад гімназіі дзеці і чаго гімназія хоча ад іх?
— Вядома, час не стаіць на месцы. Тыя, хто вучыўся 20 гадоў назад, адрозніваюцца ад сучасных дзяцей. У сённяшніх навучэнцаў значна больш магчымасцей атрымліваць інфармацыю. Яны больш мабільныя і больш вольныя. Але ёсць тое, што не мяняецца з часам, — гэта імкненне атрымаць прэстыжную прафесію, быць паспяховым у жыцці і запатрабаваным грамадствам. Так, сённяшні час — гэта час інавацыйных тэхналогій. Але ніякія тэхналогіі не заменяць цяпла душы, якое з’яўляецца ў працэсе ўзаемаразумення. Як і 20—30 гадоў назад, сучасныя дзеці маюць патрэбу ў чалавечым цяпле, любові і разуменні. А мы, педагогі, у сваю чаргу хочам навучыць іх думаць, аналізаваць, прымаць рашэнні і несці за гэтыя рашэнні адказнасць. Вось тут і раскрываецца майстэрства педагога, уменне валодаць арсеналам псіхолага-педагагічных сродкаў, пры якім адукацыйны працэс стане эфектыўным.
Бліскучыя веды прадэманстравалі навучэнцы гімназіі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Так, па рускай мове і літаратуры Юлія Арлоўская заваявала дыплом І ступені, Ксенія Грыб — дыплом ІІ ступені (настаўніца Наталля Лапцева), Соф’я Корчанка — дыплом ІІІ ступені (настаўніца Марына Дашкевіч). Дыпломамі па беларускай мове і літаратуры адзначана Ганна Прамушка (настаўніца Жанна Ждановіч), па хіміі — Аляксандр Крыштаповіч (настаўніца Валянціна Раманава), па фізіцы — Данііл Сыцько (настаўніца Наталля Аўсяновіч), па фізічнай культуры і здароўі — Яраслаў Пахабаў (настаўнік Максім Нелюб). Такога поспеху гімназія яшчэ не ведала!
— Наколькі змест школьнай адукацыі адпавядае сучаснасці?
— Адукацыя ніколі не знаходзіцца ў адрыве ад жыцця грамадства. З развіццём грамадства трансфармуецца, развіваецца і мяняецца адукацыя. Напрыклад, стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу Effor.by — яркі прыклад, дзе дзеці маюць магчымасць самастойна вывучыць прапушчаны матэрыял.
— Марыя Фёдараўна, на ваш погляд, што дапаможа ўмацаваць сувязь пакаленняў? У Год гістарычнай памяці якія праекты плануеце рэалізаваць?
— Лічу, што залогам захавання сувязі пакаленняў з’яўляецца моцная сям’я, дзе закладваюцца ўсе тыя сувязі і традыцыі, што выхоўваюць асобу, якая ўсведамляе сваю прыналежнасць да этнасу і дзяржавы. Год гістарычнай памяці пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа.
Ва ўроках мінулага закладзены дабрабыт будучыні. Для нас гістарычная памяць пачынаецца з успамінаў дзядулі, які вярнуўся з вайны, і родных, якія перажылі акупацыю. Аб гістарычнай памяці як найважнейшым кампаненце патрыятычнага выхавання будуць весціся дыялогі на даследчых канферэнцыях, дыялогавых пляцоўках і ўроках мужнасці. Гераічным подзвігам продкаў навучэнцы прысвецяць даследчыя праекты. Напрыклад, пачалася работа над праектам “Стварэнне мабільнай інтэрактыўнай музейнай экспазіцыі на аснове модульных сістэм на матэрыяле аб былым нацысцкім лагеры для савецкіх ваеннапалонных “Шталаг-352”.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.