Вадзіца-жывіца з крыніцы

- 20:41Адукацыйная прастора

У казках і паданнях нашы продкі нярэдка расказвалі аб жывой вадзе. Яна гаіла раны і вяртала чалавека да жыцця. І хоць гэты цуд існуе толькі ў казках, магчыма, кроплі гэтай вады ўсё ж прасачыліся ў наша сапраўднае жыццё  і трапілі ў крыніцы. Нездарма ж крынічную ваду ва ўсе часы лічылі цудадзейнай. Менавіта гэтым рэальным цудам — крыніцам — прысвечаны конкурс, які ладзіўся на Брэстчыне.

Каманда Баранавіцкага ДПТК сферы абслугоўвання ля добраўпарадкаванай крыніцы.

Конкурс даследчых работ “Жыві, крыніца!” прысвечаны 80-годдзю прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У абласным конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі 21 установы адукацыі, сярод якіх 8 устаноў прафесійнай адукацыі, што праявілі сябе найлепшым чынам. Конкурс даў магчы­масць удзельнікам не толькі значна пашырыць свае веды ў розных напрамках, але і адправіцца ў цікавае падарожжа і акунуцца ў чароўны свет легенд і паданняў. Работа над даследаваннямі ператварылася ў цікавыя прыгоды і прынесла шмат новых ідэй. І самае галоўнае, гэтыя падзеі прымусілі кожнага задумацца над тым, што трэба зрабіць, как жывая вада мела шанс на жыццё.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна было сабраць і прааналізаваць інфармацыю аб крыніцах, спланаваць і арганізаваць паход, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол крыніцы, усталяваць памятную шыльдачку. Ход работы трэба было асвятляць у сацыяльных сетках і сродках масавай інфармацыі. Па выніках работы ўдзельнікі падрыхтавалі падрабязныя справаздачы, якія і ацэньвала журы.

У пошуках гаючай вады

Надзвычай грунтоўная работа была праведзена камандай Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. Гэтая работа была адзначана дыпломам І ступені конкурсу “Жыві, крыніца!”.

Даследчая дзейнасць навучэнцам і педагогам каледжа добра знаёмая. Штогод тут праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню”, дзе навучэнцы прадстаўля­юць свае шматлікія вынаходкі ў розных напрамках — па гуманітарных  і дакладных навуках, спецдысцыплінах і прадметах прыродазнаўчага цыкла. Таму і да прапанаванага конкурсу падышлі з усёй адказнасцю і цікавасцю. За справу ўзялася каманда педагогаў — Вольга Іосіфаўна Буйкевіч, выкладчык геаграфіі і біялогіі, Таццяна Мікалаеўна Калюта, выкладчык біялогіі і хіміі, Людміла Аляксандраўна Васільева, выкладчык беларускай мовы і літаратуры, і Алена Леанідаўна Дмухоўская, выкладчык спецдысцыплін.

Спачатку здавалася, што знайсці крыніцу будзе нескладана — Брэсцкая вобласць даволі багатая на крыніцы. Значная іх коль­касць знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне — усяго каля 40, на када­стравую карту нанесена 17. Аднак знайсці такую крыніцу, якая была б практычна ў некранутым стане, аказалася складана. Першыя самастойныя пошукі не прынеслі поспеху. Аднак Алена Леанідаўна Дмухоўская ўспом­ніла, што чула пра такую крыніцу на сваёй малой радзіме — недалёка ад вёскі Яжоны. Звярнуліся ў Баранавіцкую гаррайінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там пацвердзілі, што ёсць крыніца ля вёскі Яжоны бліз возера Басіны ва ўрочышчы Маргач.

І вось даследчыкі адправіліся на пошукі гаючай вады. Ля вёскі Яжоны знайшлі дзве крыніцы. Адна знаходзіцца практычная ля берага возера. Яна выглядае акуратнай і дагледжанай, відавочна, мясцовыя жыхары  сочаць за яе станам, добраўпарадкоўваюць.

— Другая крынічка хавалася ў лесе. Да яе вяла ледзь прыметная сцяжынка, якая спускалася ў нізіну да падножжа крутога схілу, — расказвае аб першым падарожжы выкладчыца Людміла Аляксандраўна Васільева. — Бурлівая вада раптам з’яўлялася і зноў хавалася ў траве. Нехта з наведвальнікаў паклаў тут дошку для зручнасці, паставіў вядро. У астатнім жа крыніца была практычна некранутая чалавекам. 

Цуд прыроды зачараваў падарожнікаў з Баранавіцкага каледжа,  і яны вырашылі, што трэба больш даведацца пра крыніцу, спадзяваліся, што з ёй звязана цікавае паданне ці легенда. Даследчыкі адправіліся ў навакольныя вёскі, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. На жаль, ніякіх таямнічых гісторый пра крыніцу не знайшлі. Даведаліся толькі, што раней крыніц тут было шмат і, хутчэй за ўсё, менавіта дзякуючы ім узнікла возера Басіны.

Выкарыстаўшы магчымасць, завіталі ў мясцовую школу, што знаходзіцца ў вёсцы Падгорная. Там не толькі наведалі надзвычай цікавы краязнаўчы школьны музей, але і правялі прафарыентацыйную сустрэчу з вучнямі.

Вярнуўшыся дадому, адразу пачалі планаваць маштабны паход. Ранішні збор, інструктаж  — і вось група з 16 чалавек ужо ў аўтобусе і гатова адправіцца ў дарогу. Папярэдне быў складзены турыстычны маршрут. Спачатку паехалі ў вёску Яжоны, пазнаёміліся з яе гісторыяй. У вёсцы Падгорная наведалі Падгорненскі яслі-сад — сярэднюю школу, царкву Святога Антонія Кіева-Пячэрскага, помнікі героям ВАВ. Ва ўрочышчы Маргач знайшлі валун, які мясцовыя жыхары лічаць цудадзейным. Палюбаваліся жывапісным возерам Басіны. І, нарэшце, дабраліся да крыніцы і ўзяліся за яе добраўпарадкаванне.

— Пракапалі імправізаваныя прыступкі, умацавалі іх дошкамі, перасыпалі зямлёй для большай трываласці. Замацавалі парэнчы для зручнага спуску. Таксама навучэнцы ачысцілі тэрыторыю каля крыніцы,  — расказвае Л.А.Васільева. — Сваёй дзейнасцю мы не змянілі натуральнага цячэння крыніцы, а толькі зрабілі тэрыторыю навокал больш прыгожай, эстэтычнай і камфортнай. Дарэчы, для добраўпарадкавання выкары­стоўвалі толькі экалагічна чысты будаўнічы матэрыял.

Працавалі пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў каледжа Івана Іванавіча Жыжы, Дзмітрыя Мікалаевіча Сакольчыка і Мікалая Арка­дзьевіча Райко. А пасля заканчэння ўсіх работ замілаваліся навакольнай прыгажосцю і заспявалі народную песню “Крынічанька” пад акампанемент бурлівай крынічнай вады.

На гэтым работа над даследаваннем не спынілася — пробы крынічнай вады былі прааналізаваны па арганалептычных паказчыках. У выніку даследчыкі прыйшлі да высновы, што вада прыдатная для піцця. Быў складзены экалагічны пашпарт крыніцы.

Падчас даследавання да тэмы, над якой мы працавалі, імкнуліся прыцягнуць увагу як мага большай колькасці навучэнцаў, даць магчымасць праявіць сябе ўсім жадаючым. Напрыклад, правялі конкурс плакатаў “Жыві, крыніца”, прадставілі работу на навукова-практычнай канферэнцыі, расказалі аб ёй у сацыяльных сетках. Плануецца выкарыстоўваць сабраны матэрыял на выхаваўчых мерапрыем­ствах.

Вось так даследаванне пера­тварылася ў маштабную па­дзею для ўсяго каледжа, аб’яднала мноства людзей. Для кожнага знайшлася справа — для тых, хто любіць навуку, хто любіць творчасць, хто любіць прыгоды і падарожжы, хто цікавіцца гісторыяй і геаграфіяй, хто не баіцца фізічнай працы. Падчас работы над крынічным праектам займаліся не толькі навукова-даследчай дзейнасцю, але і творчай, турыстычнай, валанцёр­скай, прафарыентацыйнай, спазнавалі свой край і атрымлівалі экалагічныя веды. А яшчэ знаёміліся і сябравалі.

— Канечне, гэтая работа з’яднала ўсіх нас, умацавала добрыя ўзаемаадносіны, — падво­дзіць вынікі Л.А.Васільева. — Крыніца дала нам не толькі чысцюткую ваду, але і падарыла мноства пазітыўных эмоцый!

Легенда аб Іванкавай крыніцы

Эмацыянальна і насычана праходзіла работа над даследаваннем і ў адасобленым падраздзяленні “Ляхавіцкі аграрны каледж” Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пачалі з пошуку крыніц на Ляхавіччыне, паклікаўшы на дапамогу ў гэтай справе  раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама Ляхавіцкі лясгас. Высветлілі, што ў раёне можна знайсці тры крыніцы: на тэрыторыі райцэнтра, у вёсках Мінічы і Смаленікі. Першыя дзве крыніцы добраўпарадкаваны, таму аб’ектам увагі стала крыніца ў Смаленіках. Туды і адправілася каманда каледжа — навучэнцы і педагогі Таццяна Раманаўна Прыхач, Ірына Леанідаўна Дубікоўская, Людміла Вацлаваўна Бецько,Таісія Юльянаўна Шпак. 

Навучэнцы падзяліліся на дзве групы. У склад першай увайшлі ўдзель­нікі літаратурна-лінгві­стычнага гуртка. Гурток дзейнічае ў каледжы ўжо каля 15 гадоў. Пад кіраўніцтвам выкладчыцы рускай мовы і літаратуры каледжа Таісіі Юльянаўны Шпак навучэнцы займаюцца даследаваннямі мовы і літаратурных твораў, спрабуюць сябе ў літаратурнай творчасці, ладзяць разнастайныя літаратуразнаўчыя мерапрыемствы. Кірункаў работы шмат, аднак вопыт этнаграфічнага пошуку для гурткоўцаў быў першым. Але яны цудоўна справіліся. Сустрэчы з мясцовымі жыхарамі далі плён: па крупінках аднаўлялася легенда пра крыніцы. Навучэнцы літаратурна апрацавалі сабраны матэрыял і склалі прыгожую і кранальную  “Легенду аб Іванкавай крыніцы”.

Тым часам другая група навучэнцаў старанна працавала над добраўпарадкаваннем крыніцы. На працягу тыдня навучэнцы, выкладчыкі і супрацоўнікі лясгаса прыбіралі тэрыторыю навокал, майстравалі драўляны насціл для спуску, умацоўвалі камянямі край крыніцы. Яны пастараліся захаваць прыродную ўнікальнасць падземнага ключа і ў той жа час зрабіць гэтае месца зручным і прывабным для людзей.

Спыняцца крынічны дэсант Ляхавіцкага аграрнага каледжа не збіраецца — вырашылі ўзяць шэфства над крынічкай і добраўпарадкоўваць яе і надалей. З’явілася ідэя далучыць да работы арганізацыі і прадпрыемствы раёна і распрацаваць турыстычны маршрут па прасторах Ляхавіччыны для гасцей краю, і крынічка стане адным з яго пунктаў.


Перад усімі ўдзельнікамі конкурсу “Жыві, крыніца!” стаялі аднолькавыя задачы, аднак кожная ўстанова змагла знайсці свой падыход і зрабіць даследаванне ўнікальным. Напрыклад, каманда Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа даследавала адразу 4 крыніцы. І аб кожнай быў сабраны багаты гістарычны і края­знаўчы матэрыял. Прадстаўнікі каледжа для апісання кожнай крыніцы знайшлі цудоўныя паэтычныя радкі. А яшчэ правялі якаснае лабараторнае даследаванне і параўналі якасць вады гэтых крыніц. У выніку работа каледжа адзначана дыпломам ІІІ ступені. Прадстаўнікі Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў выбралі для вывучэння крыніцу, якая лічыцца святой і з якой звязана мноства гісторый пра цуды. Гэта крыніца Нараджэння Прасвятой Багародзіцы каля вёскі Ахова. Навучэнцы і педагогі Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці для таго каб добраўпарадкаваць крыніцу, зладзілі сапраўдны турыстычны паход з палаткамі. Гэтыя ўстановы, а таксама Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і Столін­скі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж атрымалі на конкурсе пахвальныя водгукі.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановамі адукацыі.