Валянціна Шарапава: “Мой прадмет дазваляе раскрыць асобу дзіцяці”

- 11:16Адукацыйная прастора

Працоўнае навучанне Валянціна Яўстаф’еўна Шарапава выкладае больш за 36 гадоў. Свой прадмет педагог лічыць адным з тых важных, якія закладваюцца ў падмурак дарослага жыцця дзіцяці. “Кім бы сённяшнія школьнікі ні выраслі, але гаспадыняй і гаспадаром яны будуць заўсёды”, — упэўнівае настаўніца.

Акрамя выкладання працоўнага навучання ў сталічнай школе № 26, Валянціна Яўстаф’еўна з’яўляецца метадыстам па працоўным навучанні і чарчэнні Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, аўтарам некалькіх падручнікаў па абслуговай працы, а таксама пяты год узначальвае рэсурсны цэнтр прыродазнаўча-матэматычнай накіраванасці па вучэбных прадметах “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” і “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”.

Прафесійны шлях педагога бярэ пачатак з Гродзенскага політэхнічнага тэхнікума па спецыяльнасці “Настаўнік працоўнага навучання і чарчэння”. Пасля яна працавала ў адной з сельскіх школ Ваўкавыскага раёна, 10 гадоў рыхтавала настаўнікаў абслугоўвай працы ў Ваўкавыскім педагагічным вучылішчы. Калі прыйшлося пераехаць у сталіцу, таксама засталася вернай любімай справе: 20 гадоў аддала выкладанню любімага прадмета ў сярэдняй школе № 33 Мінска. Адначасова чытала лекцыі па павышэнні кваліфікацыі ў МГІРА.

“На жаль, сталічная школа № 33 была закрыта як малакамплектная, і я аказалася метадыстам, але, як кажуць, без рук і без крылаў. На маю думку, метадыст абавязкова павінен быць дзеючым настаўнікам, каб была магчымасць прыводзіць у прыклад аўдыторыі, якой чытаеш лекцыі, свой вопыт выкладання. Я вельмі пакутавала ад таго, што страціла пастаянную сувязь са школай і з дзецьмі. Але праз нейкі час была запрошана на работу ў сярэднюю школу № 26 Мінска”, — расказвае Валянціна Яўстаф’еўна.

Менавіта на базе сталічнай школы № 26 4 снежня 2013 года пад яе кіраўніцтвам быў створаны рэсурсны цэнтр па працоўным навучанні.

“Працягваючы чытаць лекцыі ў МГІРА, я пачала заўважаць, што нашым спецыялістам недастаткова толькі лекцыйных заняткаў, трэба выходзіць яшчэ і на практычныя веды, вывучаць метадычныя асаблівасці правядзення ўрокаў, распаўсюджваць перспектыўны педагагічны вопыт. Такім чынам, дзякуючы падтрымцы адміністрацыі раёна, дырэктара школы Алега Іванавіча Жука і калег-прадметнікаў, быў створаны рэсурсны цэнтр прыродазнаўча-матэматычнай накіраванасці па вучэбных прадметах “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” і “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”. Пачыналі сваю дзейнасць па заахвочванні прадметам… з цеснага супрацоўніцтва з бацькамі. Знаёміліся з бацькамі будучых 5-класнікаў яшчэ вясной: выступалі перад імі з прапановамі, партфоліа, уручалі запрашальныя білеты, дзе былі звесткі пра прадмет “Працоўнае навучанне” і спіс таго, што неабходна мець да ўрокаў.

Ужо некалькі гадоў на базе рэсурснага цэнтра праводзіцца гарадскі творчы інтэрнэт-конкурс “Свет майстэрства, фантазіі і творчасці” для вучняў 5—8 класаў. Акрамя гэтага, дзейнічае творчая майстэрня для вучняў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыканцы навучальнага года мы праводзім фестываль творчасці, дзе вучні дэманструюць, чаго дасягнулі за год. Кожнай дзяўчынцы ўручаем грамату за паспяховае вывучэнне курса па прадмеце “Працоўнае навучанне”, бацькам — падзячныя пісьмы. Пасля фестывалю запрашаем у творчыя майстэрні на выставу, дзе кожную работу прэзентуе юны аўтар, — працягвае кіраўнік рэсурснага цэнтра. — Не маглі не ахапіць сваёй дзейнасцю і вучняў малодшых класаў: для іх створана і працуе ўжо трэці год Школа юных кухараў “Вітамінка”. Наведваюць яе школьнікі 2—4 класаў, але, прызнаюся шчыра, часта просяцца паўдзельнічаць і старэйшыя вучні. Вядзе школу прафесіянал, кухар 6-га разраду, улюбёны ў сваю справу”.

У мінскай школе № 26 вучыцца шмат дзяцей з небяспечным сацыяльным статусам, таму, па прызнанні Валянціны Яўстаф’еўны, важная мэта існавання цэнтра — дзякуючы разнапланавым мерапрыемствам, прыцягнуць увагу школьнікаў, заняць карыснымі справамі іх вольны час і раскрыць творчы патэнцыял.

“Галоўнае, дзеля чаго адкрываўся цэнтр, — стварыць спрыяльныя педагагічныя ўмовы для навучання дзіцяці. І падчас заняткаў у творчых майстэрнях, і падчас звычайных урокаў працоўнага навучання падтрымліваецца атмасфера даверу і шчырасці. Наш прадмет як ніякі іншы дазваляе раскрыць асобу дзіцяці, дае магчымасць адчуць сябе спакойна і ўпэўнена. Бацькам сваіх вучаніц час ад часу кажу: хочаце даведацца больш пра вашу дачку — прыходзьце, я вам усё пра яе раскажу, — дадае Валянціна Яўстаф’еўна. — Пасля пачатковай школы дзеці рэдка калі прыходзяць добра падрыхтаваныя для ручной карпатлівай працы. Гэта ні ў якім разе не недахоп настаўнікаў-пачаткоўцаў, а сведчанне таго, што яны пастаўлены ў цяжкія ўмовы: 30 дзяцей у класе, адсутнасць майстэрань, патрабаванні тэхнікі бяспекі і г.д. Наўрад ці на такіх уроках удаецца зрабіць шмат. Таму пачынаючы з першай чвэрці 5 класа мы з вучаніцамі вывучаем тканіну і працуем над развіццём рукі, пасля, натрэніраваўшы руку, пераходзім да вышыўкі, дзе я распрацавала ўласную методыку. Такім чынам, паступова развіваем здольнасці”.

На базе рэсурснага цэнтра таксама дзейнічае Школа падрыхтоўкі да алімпіяды для вучняў сталіцы, праводзяцца першы, другі і трэці этапы Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”.

“Магчыма, мы б і не рашыліся адкрыць гарадскую школу па падрыхтоўцы да алімпіяды, калі б не адзін выпадак: да мяне звярнулася маці адной з удзельніц алімпіяды па працоўным навучанні і папрасіла адкрыць нейкія заняткі, на якія магло б трапіць яе дзіця. Жанчына прызналася, што па прафесіі яна ўрач, таму як ніхто разумее, што развіццё рукі неабходна для таго, каб дабіцца поспеху і на алімпіядзе, і ў будучай прафесіі. “Падчас падрыхтоўкі да алімпіяды асаблівую ўвагу ўдзяляем адпрацоўцы практычных навыкаў. Тэарэтычны матэрыял можна падрыхтаваць і з настаўнікам у сваёй школе, і самому, а вось практычны бок з-за рознай кваліфікацыі настаўнікаў, якія выкладаюць прадмет, часта аказваецца слабым. Школа працуе па суботах на працягу ўсяго навучальнага года. Наведвальнікаў стараемся не губляць “па дарозе”: тыя, хто займаўся, але не трапіў на чарговы тур прадметнай алімпіяды, не адсейваюцца, а займаюцца далей, рыхтуючыся да творчага інтэрнэт-конкурсу”.

Зразумела, значную ўвагу ў рэсурсным цэнтры ўдзяляюць і павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў абслуговай і тэхнічнай працы. Дзейнічае Школа педагагічнага майстэрства, якая збірае настаўнікаў з усяго горада. На базе школы праходзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, семінары-практыкумы, дні адкрытых дзвярэй, збіраюцца творчыя мікрагрупы і стажорскія пляцоўкі. Метадычная падтрымка настаўнікаў будуецца на прынцыпах дыферэнцыяцыі, бесперапыннасці і адраснасці. На базе цэнтра сістэматычна праводзіцца маркетынг-аналіз, які дапамагае вылучыць праблемы выкладання вучэбных прадметаў. Па выніках даследавання вызначаюцца тэма і форма правядзення заняткаў па павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў абслуговай і тэхнічнай працы.

“На апошніх занятках для педагогаў сталіцы разбіралі падрыхтоўку навучэнцаў да алімпіяды, разам з настаўнікамі выраблялі тыя аб’екты працы, якія сустракаюцца ў алімпіядных заданнях. Выступаючы аўтарам новага падручніка за 5 клас па прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца”, які днямі выйшаў з друкарні, я дзялілася з калегамі методыкай выкладання прадмета і асаблівасцямі правядзення вучэбных заняткаў. Знаёміла з новым падручнікам, расказвала, з якіх раздзелаў ён складаецца, аргументавала, чаму менавіта так прадстаўлены раздзелы. Звяртала ўвагу педагогаў, што кожны параграф пачынаецца з уводных рубрык, у якіх пералічаны асноўныя пытанні параграфа. QR-коды — спасылкі на электронныя рэсурсы — дазваляюць праверыць сябе, а таксама атрымаць больш шырокую інфармацыю па тэме. Для тых, каму цікава творчасць, упершыню ўведзены рубрыкі “Запрашаем да творчасці” і “Творчая майстэрня”.

Рэсурсны цэнтр наладзіў сувязі з кампаніяй Bosch, якая прадстаўляе дрэваапрацоўчае абсталяванне Dremel. Хутка адбудзецца прэзентацыя майстэрань, абсталяваных апошнімі тэхнічнымі навінкамі. Напрыканцы мінулага навучальнага года на базе рэсурснага цэнтра праходзіў майстар-клас для настаўнікаў тэхнічнай працы горада, дзе малады настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 26 Васіль Георгіевіч Фурсевіч прадэманстраваў спосабы і прыёмы навучання шасцікласнікаў карыстанню электрычнымі прыладамі — электралобзікам, гравёрам і клеевым пісталетам Dremel.

“Калі ў мінулым годзе кампанія прадаставіла нам для карыстання некалькі навінак свайго абсталявання, настаўнікі з задавальненнем назіралі такую карціну: вучні былі настолькі захоплены, што не хацелі пакідаць майстэрні і ўпрошвалі бацькоў, якія чакалі іх пасля заняткаў, пачакаць яшчэ паўгадзінкі”, — прыгадвае Валянціна Яўстаф’еўна.

Надзённая тэма, якая часта ўзнімаецца падчас работы Школы прафесійнай падрыхтоўкі, — колькасны склад гадзін, адзведзеных на выкладанне прадмета “Працоўнае навучанне”. У 5 і 9 класах на заняткі адведзена толькі па 1 гадзіне. У гімназіях з 5 па 8 клас працоўнаму навучанню таксама выдзяляецца 1 гадзіна на тыдзень. “Гэта прыводзіць да таго, што страчваецца і колькасны, і якасны склад спецыялістаў — прадмет пакідаюць кваліфікаваныя педагогі, якія маглі б аддаць свае веды дзецям. Памяншэнне колькасці гадзін прыводзіць і да скарачэння колькасці школьных майстэрань па тэхнічнай працы, — лічыць педагог. — Сучасныя патрабаванні быць падкаваным у робататэхніцы, гаджэтах — гэта, магчыма, і добра, але не трэба забывацца на тое, што дзякуючы элементам працоўнага навучання — вязанню, вышыўцы, пілаванні па дрэве — школьнікі развіваюць нервовыя канчаткі на кончыках пальцаў, а гэта значыць трэніруюць мазгавую дзейнасць. У той жа час працоўнае навучанне развівае творчы пачатак і густ дзіцяці, дае неабходнае пераключэнне з разумовай працы на ручную, дысцыпліну, сабранасць, якія ратуюць ад школьных перагрузак. Прывяду просты прыклад: некалькі гадоў назад у 5 клас, дзе я выкладала, трапіла дзяўчынка, якая сваёй мітуслівасцю і няўпэўненасцю ў сабе выдзялялася сярод аднакласніц. Няўзброеным вокам было відаць павышаную трывожнасць дзіцяці. Мне ўдалося заахвоціць яе прадметам, дзяўчынка шмат часу стала ўдзяляць ручной карпатлівай працы, асабліва ўцягнулася ў вышыўку сурвэтак. Зараз сямікласніцу Кацярыну не пазнаць — сабраная, спакойная, ураўнаважаная, яна стварае на ўроках працоўнага навучання і дома неверагодна прыгожыя вырабы”.

Валянціна Яўстаф’еўна Шарапава ўваходзіла ў творчую групу настаўнікаў, якія працавалі над аднаўленнем школьнай праграмы па прадмеце “Працоўнае навучанне. Абслуговая праца” для 5, 6 і 7 класаў. Спецыяліст звяртае ўвагу: удалося зрабіць вывучэнне прадмета больш паслядоўным і практыка-арыентаваным.

“Раней педагогі пры выкладанні прадмета былі прывязаны да аб’екта працы: так, у 5 класе шылі сурвэткі, у 6 класе — шторы і г.д. Але тыя ж шторы шыліся не ў поўным маштабе, а толькі невялікі іх узор. Такім чынам, аб’екты не мелі ніякай практычнай значнасці. Згодна з новай праграмай, у настаўніка ёсць магчымасць выбраць аб’ект працы дыферэнцыравана, арыентуючыся на здольнасці кожнага вучня. Так, на некаторы час я адыходзіла ад выкладання прадмета і займалася падрыхтоўкай новага падручніка. Калі пасля ішла ў свой 9 клас на заняткі, была пераканана, што пачнуцца размовы кшталту “навошта нам ваша працоўнае навучанне”. Тэма ўрока — “Раскрой швейнага вырабу”. Адразу прапанавала дзяўчатам простыя ў выкананні вырабы, але яны ў адзін голас сказалі: “Хочам шыць для сябе” і выбралі шыццё спадніцы. Вось так на практыцы спрацоўвае магчымасць выбару і практыка-арыентаванасць у працоўным навучанні. Спадзяюся, гэтыя новаўвядзенні зробяць выкладанне прадмета больш карысным для дзяцей і цікавым для настаўнікаў”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.