Ваша праца неацэнная

- 10:40Адукацыйная прастора

Заслужаныя ўзнагароды ўручылі педагогам Гомельшчыны на свяце, прысвечаным Дню настаўніка. У холе грамадска-культурнага цэнтра гасцей вечара чакалі тэматычныя выставы і фотазоны. Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Конюшка падкрэсліў, што настаўнік — не проста прафесія, а прызванне.

— Педагог — другі чалавек пасля мамы. Ён не толькі вучыць спачатку складаць лічбы, затым здабываць квадратны корань і знаёміцца са светам, але і нароўні з сям’ёй фарміруе светапогляд новага пакалення, — сказаў А.Канюшка. — Шчыры вам дзякуй, дарагія настаўнікі, за тое, што ў сваю штодзённую працу, у сваіх вучняў вы ўкладваеце ўменні, веды, душу. Прафесія настаўніка складаная і, на жаль, не заўсёды ўдзячная. Між тым менавіта настаўнікі ўкладаюць у выхаванне дзяцей сваю душу і сілы. Міру вам і дабра, поспехаў і цярпення.

У Гомельскай вобласці зараз працуе 1165 устаноў адукацыі. Сістэма аб’ядноўвае амаль 60 тысяч чалавек.

— Мы падыходзім да Дня настаўніка з дастаткова сур’ёзнымі вынікамі. У мінулым навучальным годзе мы занялі першае месца па цэнтралізаваным тэсціраванні. Мы другія па алімпіядным руху. Ёсць поспехі на міжнародных алімпіядах, у розных відах турніраў. Ганаруся, што я настаўнік і ўваходжу ў склад 60-тысячнага войска настаўнікаў вобласці, , — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

На імпрэзе ўручылі ганаровыя граматы Гомельскага аблвыканкама, нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі Беларусі”, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, а таксама граматы і падзякі Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Словы віншавання ў адрас настаўнікаў выказаў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Філіпцоў:

— Настаўнік — гэта стан душы. І ў гэтым стане сапраўдны педагог знаходзіцца ўсё жыццё. Любоў да дзяцей, імкненне аддаць сябе і свае веды вучням вызначаюць аснову выбранай прафесіі. Жадаю вам здароўя, аптымізму, настрою, добрых вучняў. Няхай усё атрымаецца!

Між тым Мікалай Філіпцоў заклікаў усіх, хто яшчэ не вакцынаваўся ад каранавіруснай інфекцыі, зрабіць прышчэпку, бо гэта дазволіць захаваць не толькі ўласнае здароўе, але і здароўе тых, хто вакол.

Ганаровай граматай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначана настаўніца пачатковых класаў Струкачоўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы Кармянскага раёна Валянціна Мартынюк. Працоўны стаж педагога, атрыманы ў адной установе, — 34 гады. Яна гаворыць, што ніколі не шкадавала пра свой выбар.

— Любоў да дзяцей — вось тое, на чым будуецца работа настаўніка. Мяняюцца часы, але дзеці застаюцца такімі ж дапытлівымі і цікаўнымі, — упэўнена В.Мартынюк.

Падзея, якую чакаюць увесь год, — узнагароджанне пераможцаў рэгіянальнага конкурсу “Педагагічны Алімп — 2021”. Сёлета ў намінацыі “Свет — дзецям” адзначаны кіраўнік абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. “За вернасць прафесіі” ўзнагароджаны дырэктар Жлобінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Алейнік. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Мазырскага абласнога ліцэя Ала Ліс — першая ў намінацыі “На ўсе 100”. У скарбонцы выхаванцаў педагога — пяць 100-бальных сертыфікатаў. Тры з іх — сёлета. Метадыст Светлагорскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Явар — лепшая ў намінацыі “Яркі свет дзяцінства — рукамі прафесіянала”. Толькі за апошнія тры гады яна выдала 9 аўтарскіх метадычных дапаможнікаў, арганізавала звыш 20 выязных адукацыйных майстар-класаў. Пераможцам у намінацыі “Хутчэй! Вышэй! Мацней!” прызнана выкладчыца Гомельскага машынабудаўнічага каледжа Алена Понька. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы каледжа неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню. Сёлета на п’едэсталы спаборніцтваў падняліся 25 яе выхаванцаў.

Прыемным падарункам для ўсіх настаўнікаў сталі выступленні ад вучняў і калег, а таксама арт-групы “Беларусы”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.