Ведаем свае правы

- 14:34Нам пішуць

Тыдзень прававых ведаў ужо шмат гадоў праводзіцца ў нашай школе, але кожны раз яго змест напаўняецца новымі мерапрыемствамі. У рамках тыдня былі арганізаваны і праведзены мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства непаўналетніх з іх правамі і абавязкамі, замацаванне ведаў аб правах чалавека, прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.

У дзень адкрыцця тыдня была арганізавана выстава літаратуры “Маю правы і абавязкі”. Кожны вучань пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў ці проста з-за цікавасці мог выкарыстаць прапанаваную літаратуру. З навучэнцамі школы была праведзена iнфармацыйная гадзiна “Правы дзіцяці — правы грамадзяніна”, арганiзавана сустрэча з начальнікам iнспекцыі па справах непаўналетнiх Ю.Г.Садоўскім, які правёў прававую гутарку з навучэнцамі 5—9 класаў на тэму “Адміністратыўная адказнасць непаўналетніх”, адказаў на ўсе пытаннi школьнiкаў.

У рамках тыдня для навучэнцаў старшых класаў былi праведзены дзелавая гульня “Падлетак і закон”, віртуальнае інтэрнэт-падарожжа па дзіцячым прававым сайце, анкетаванне па тэме “Ці ведаеш ты свае правы і абавязкі?”. Дзеці актыўна адказвалі на пытанні, ацэньвалі прававыя сітуацыі, вялі дыскусію, працавалі з інтэрнэт-рэсурсамі.

Пазнаваўча прайшла інтэлектуальная гульня “Скарбонка прававых ведаў” з навучэнцамi пачатковых класаў.

У шосты дзень для малодшых класаў прайшла віктарына “Казкі вачамі юрыста”. На прыкладзе герояў розных казак навучэнцы пазнаёміліся з асноўнымі правамі дзяцей і адзначылі, што на абароне іх правоў заўсёды стаяць клапатлівыя бацькі і дзяржава, якія стараюцца стварыць добрыя ўмовы для развіцця дзяцей. Завяршыўся тыдзень прававым рынгам і дыскатэкай “Мае правы, мае абавязкі”.

Мэтанакіраваная праца педагогаў школы спрыяе таму, што навучэнцы не адчуваюць сябе разгубленымі ў свеце прававой культуры і ведаюць не толькі свае правы, але і абавязкі.

Святлана НІЧЫПАРУК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце;
Святлана МАЕР,
настаўніца гісторыі Дварчанскага дзіцячага сада — базавай школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.