“Ведай сваю гісторыю!”

- 11:05Адукацыйная прастора

Які айчынны замак называюць “беларускім Версалем”? На тэрыторыі якога замка штогод праводзяцца рыцарскія фестывалі? Каго з беларускіх спартсменаў называюць “белая маланка”? Адказаць на гэтыя і многія іншыя пытанні, а таксама здзейсніць анлайн-тур па Беларусі, пазнаёміцца з цэнтрамі культурнага жыцця краіны, прыгадаць вядомых алімпійскіх чэмпіёнаў дазволіць інтэрактыўны дапаможнік “Ведай сваю гісторыю!”, распрацаваны настаўніцай інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святланай Рыгораўнай Пузіноўскай. Педагог удастоена дыплома ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны вучэбны модуль для ІІ і ІІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі”.

Сёння навучэнцы з малодшага школь­нага ўзросту праяўляюць непадробную цікавасць да выкарыстання ўсялякіх электронных прылад. Накіраваць гэтую захопле­насць у адукацыйнае рэчышча — задача сучаснага педагога. У выніку стварэнне адукацыйнага кантэнту распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў выходзіць на першы план. На думку Святланы Пузіноўскай, для таго каб электронны сродак навучання быў эфектыўным, неабходна, каб ён, па-першае, не толькі абагульняў суму ведаў і навыкаў вучэбнай і практычнай дзейнасці, але і забяспечваў неабходны ўзровень іх засваення дзякуючы зваротнай сувязі, якая рэалізоўваецца сродкамі праграмы; па-другое, з’яўляўся інтэрактыўным.

Работа над праектам вялася не адзін месяц. ЭСН ствараўся з мэтай сістэматызацыі ведаў вучняў аб гісторыка-культурных аб’ек­тах на тэрыторыі нашай краіны, знаёмства з гарадамі, якія былі ў розныя гады аб’яўлены культурнымі сталіцамі Беларусі, фарміравання ў школьнікаў уяўлення аб дасягненнях беларускіх спартсменаў, а таксама разумення ролі гістарычных асоб і дзеячаў культуры ў гісторыі нашай краіны.

Інтэрактыўны дапаможнік мае вялікае практычнае значэнне. І гэта адзначыла журы конкурсу. Электронны рэсурс, па-першае, уключае ў сябе варыятыўныя заданні, якія змяшчаюць матэрыял аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, дасягненнях беларускіх спартсме­наў; па-другое, забяспечвае варыятыўнасць пры выкананні практычных заданняў навучэнцамі; па-трэцяе, ажыццяўляе кантроль выніковасці выканання тэставых заданняў. Акрамя таго, ён характарызуецца зразумелай і выразнай структурай, мае зручную сістэму навігацы, не залежыць ад устаноўленага праграмнага забеспячэння, можа працаваць з любога носьбіта, валодае стыльным і прывабным інтэрфейсам, які адпавядае эрганамічным патрабаванням. Дапаможнік ствараўся ў праграме Adobe Flash CS6 з выкарыстаннем мовы праграмавання Action Script 3.0.

Усе заданні дапаможніка размеркаваны па чатырох раздзелах: “Помнікі гістарычным асобам”, “Культурныя сталіцы Беларусі”, “Беларусь — краіна замкаў”, “Беларусь — краіна спартыўная”. Яны сапраўды разнапланавыя (іх каля 150), і правільна выканаць іх без папярэдняй падрыхтоўкі ўдасца далёка не кожнаму карыстальніку. Сярод іх ёсць тэставыя заданні з адзінкавым і множным выбарам, заданні на запаўненне пропускаў, на ўстанаўленне паслядоўнасці, адпаведнасці. Так, раздзел “Помнікі гістарычным асобам” змяшчае два заданні. Заданне “Пазнай помнік па фотаздымку” арганізавана ў выглядзе інтэрактыўнай віктарыны з дзесяці пытанняў, якія з’яўляюцца ў адвольным парадку. Для адказу на кожнае пытанне неабходна выбраць адзін з двух прапанаваных варыянтаў. Час для адказу на адно пытанне не абмежаваны. Пасля выканання задання выстаўляецца адзнака і адлюстроўваецца колькасць дапушчаных памылак, у выніку становіцца зразумела, на якіх пытаннях трэба засяродзіць асаблівую ўвагу. А вось у заданні “Знайдзі помнік на карце” вучням неабходна вызначыць, у якім горадзе размешчаны помнік кожнай з дзесяці гістарычных асоб. Выявы ў заданні з’яўляюцца таксама ў адвольным парадку. Пасля праверкі выніку выявы помнікаў, якія аказаліся на сваіх месцах, становяцца яркімі, а тыя выявы, становішча якіх было вызначана недакладна, становяцца напаўпразрыстымі.

Будзе даспадобы вучням і заданне “Культурныя сталіцы Беларусі”, у якім неабходна размясціць у храналагічным парадку назвы і гербы гарадоў, якія ў розныя гады былі абвешчаны культурнымі сталіцамі Беларусі. Прычым назвы гарадоў у выпадку няправільнага размяшчэння мяняюць колер з сіняга на чырвоны.

У адным з заданняў раздзела “Беларусь — краіна замкаў” навучэнцам неабходна вызначыць замак па яго апісанні. Заданне арга­нізавана ў выгля­дзе інтэрактыўнага тэс­та, 7 пытанняў якога з’яўляюцца ў адвольным парадку. Некаторыя пытанні прадугле­джваюць выбар аднаго варыянта адказу з некалькіх прапанаваных, іншыя — уста­наўленне адпаведнасці паміж выявай замка і яго назвай. Напрыклад, навучэнцам прапаноўваецца вызначыць па фотаздымку і наступным апісанні: “Старажытная гістарычная башня, цагляная, з тоўстымі сценамі, высокая, з байніцамі для стральбы з пушкі і ружжаў…”, дзе размяшчаецца гістарычны аб’ект. Пры гэтым прапаноўваецца чатыры варыянты адказу: у Крэве, у Любчы, у Камянцы, у вёсцы Смаляны. У выглядзе інтэрактыўнай віктарыны з 10 пытанняў арганізавана заданне “Пазнай помнік архітэктуры”. Прычым прапанаваныя пытанні звязаны з помнікамі, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Для адказу на кожнае з іх неабходна выбраць адзін з двух прапанаваных варыянтаў.

Практыка паказвае, што школьнікам больш падабаецца вывучаць прадмет у інтэрактыўным рэжыме, чым унікаць у доўгія тэкставыя апісанні. З ЭСН вывучэнне гісторыі становіцца больш прадукцыйным.

— Усе заданні інтэрактыўнага вучэбнага дапаможніка “Ведай сваю гісторыю!” можна выкарыстоўваць як для індывідуальнай работы вучняў за камп’ютарам, так і ў якасці праграмнага сродку для інтэрактыўнай дош­кі, — адзначае настаўніца. — Дапаможнік быў апрабаваны на занятках у школе, выклікаў вялікую цікавасць сярод навучэнцаў і педагогаў. Ён актыўна выкарыстоўваецца на ўроках гісторыі ў 11 класах. Асобныя заданні дапаможніка актыўна прымяняюцца на класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах з навучэнцамі 5—11 класаў. Дапамагае ён і ў падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання.

Для работы з ЭСН на камп’ютары навучэнцам неабходна запусціць файл Start.exe. Карыстальнік трапляе ў акно аўтарызацыі. Пры першым звароце трэба ўвесці сваё прозвішча і імя. Пры паўторным звароце неабходна проста выбраць сваё прозвішча са спіса. У дапаможніку рэалізавана магчымасць захоўваць звесткі аб усіх карыстальніках, якія працавалі з ім на гэтым камп’ютары. Пасля аўтарызацыі карыстальнік трапляе ў галоўнае меню.

У электронным рэсурсе прадугледжа­на магчымасць для педагога на сваім камп’ю­тары кантраляваць выніковасць выканання заданняў навучэнцамі. Для гэтага неабходна запусціць выніковы файл Result.exe. Гэта можна зрабіць непасрэдна з папкі або з меню дапамогі, націснуўшы на ярлык. Пасля выбару прозвішча карыстальніка са спіса з’явіцца магчымасць прагледзець яго адзнакі, атрыманыя за выкананне любога задання з дапаможніка, і колькасць спроб, выкарыстаных ім на выкананне кожнага задання.

С.Р.Пузіноўская плануе ўдасканаліць свой інтэрактыўны дапаможнік. Па задуме аўтара, палепшацца яго дызайн і навігацыя, з’явяцца варыянты работы над памылкамі, а таксама будзе распрацаваны новы раздзел, звязаны з гісторыяй Дзяржыншчыны.