Веды аб Зямлі, памножаныя на тэхналогіі

- 16:22Адукацыйная прастора, Рознае

16 і 17 красавіка на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў вочны практычны тур для навучэнцаў Рэспубліканскай вочна-завочнай (дыстанцыйнай) школы дадатковай геаграфічнай адукацыі дзяцей і моладзі.

Як паведаміла намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Андрэеўна Жур, Рэспубліканская дыстанцыйная школа дадатковай геаграфічнай адукацыі дзяцей і моладзі створана пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства сумесна з выкладчыкамі геафака БДУ з мэтай выяўлення і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, якія цікавяцца навукай аб Зямлі, падрыхтоўкай абітурыентаў для паступлення на профільныя спецыяльнасці. Спецыялізаваная падрыхтоўка па разнастайных кірунках геаграфічнай навукі праводзіцца для навучэнцаў 7—11 класаў ужо другі год запар. Праграма дадатковай геаграфічнай адукацыі, якая грунтуецца на паглыбленым вывучэнні школьнай праграмы, прадугледжвае не толькі грунтоўную падрыхтоўку навучэнцаў па геаграфіі, але і фарміраванне ў іх навыкаў выкарыстання тэхналогій дыстанцыйнага навучання, работы з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, самаарганізацыі і самаадукацыі.

Акрамя пісьмовага тура, заняткаў у камп’ютарным класе па тэме “Геаінфармацыйныя сістэмы ў навуках пра Зямлю”, юных географаў з розных куточкаў краіны чакала сустрэча з дэканам геаграфічнага факультэта доктарам геаграфічных навук Дзмітрыем Леанідавічам Івановым. Ён разам са старшым выкладчыкам кафедры фізічнай геа-графіі свету і адукацыйных тэхналогій кіраўніком школы географаў, геолагаў і краязнаўцаў факультэта Марынай Міхайлаўнай Ермаловіч пазнаёміў юнакоў і дзяўчат з асаблівасцямі дзейнасці факультэта, спецыяльнасцямі і спецыялізацыямі, на якіх рыхтуюць студэнтаў. Цікавым атрымалася і наведванне ўніверсітэцкага музея земля-знаўства, экскурсію па якім правяла геолаг Алена Мікалаеўна Дземяшкевіч. Падчас экскурсіі навучэнцы маглі азнаёміцца з багатай калекцыяй мінералаў, беларускай нафты і солі. Але гэта яшчэ не ўсё. Арганізатары школы геаграфіі зрабілі яе навучэнцам яшчэ адзін падарунак: экскурсію па Мінску, у Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр, а таксама Інстытут глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі.

І ўсё ж гэта былі другасныя мерапрыемствы, асноўнае — удзел у вочным туры, распрацаваным старшым выкладчыкам кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій Яўгенам Анатольевічам Казловым, а таксама лекцыі. Выкладчык кафедры эканамічнай геаграфіі Беларусі і дзяржаў Садружнасці Ілья Ігаравіч Запрудскі правёў інтэрактыўны трэнінг, падчас якога пазнаёміў старшакласнікаў з простымі прыёмамі выкарыстання ведаў па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі для паляпшэння якасці жыцця. Пра тое, якія расліны растуць на далёкіх паўднёвых кантынентах, хлопцы і дзяўчаты даведаліся ад загадчыцы зімняга саду факультэта Таццяны Вадзімаўны Кавалеўскай. А вось дацэнт кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм Дзмітрый Міраслававіч Курловіч расказаў пра сучасныя кірункі ў геаграфіі, якія прымяняюцца ў геатэхналогіях і геаграфічным мадэляванні, касмічным маніторынгу стану Зямлі.

Па выніках вочнага тура лепшыя навучэнцы школы атрымалі пасведчанні. Але самае галоўнае, яны набылі глыбокія веды і, што больш важна, вырашылі звязаць сваё далейшай жыццё з навукай аб Зямлі.

 

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.