Веды больш чым на выдатна

- 9:20Адукацыйная прастора

У абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па 18 вучэбных прадметах на Гродзеншчыне прынялі ўдзел амаль 900 навучэнцаў, якія праявілі сябе на раённых і гарадскіх этапах. На працягу некалькіх дзён яны дэманстравалі свае веды і практычныя навыкі ў Гродне і Скідзелі.

— Традыцыйна ў алімпіядзе прынялі ўдзел падрыхтаваныя, матываваныя навучэнцы, якія праяўляюць павышаную цікавасць да прадметаў, імкнуцца паглыбіць свае веды. Школьнікам неабходна было не толькі прайсці выпрабаванні ў веданні тэорыі, але і выканаць практычныя заданні па шэрагу прадметаў. Вучні, якія сталі лепшымі ў рэйтынгу ў кожнай паралелі, будуць прадстаўляць вобласць на заключным, рэспубліканскім, этапе, — расказала начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Мячына.

У абласным туры прынялі ўдзел не толькі старшакласнікі, але і два шасцікласнікі, тры сямікласнікі. Вучань 6 класа гімназіі № 1 Ліды Мацвей Мальцаў стаў самым малодшым сярод тых, хто дэманстраваў свае веды ў інфарматыцы. Прытым ён ужо другі год запар паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядзе па гэтым прадмеце, у мінулым годзе ў яго быў дыплом III ступені, а сёлета ўжо II ступені.

Цікава, што алімпіяда па інфарматыцы для некаторых удзельнікаў стала сямейнай справай. Вучань 10 класа Іўеўскай сярэдняй школы Рынат Байтасаў, які атрымаў дыплом I ступені, сваім прыкладам натхніў і малодшага брата. Вучань 8 класа гімназіі № 1 Іўя Ільдар Байтасаў упершыню паспрабаваў свае сілы на алімпіядзе і атрымаў дыплом III ступені.

— Я расказаў брату, чым займаюся, і яму таксама стала цікава, — прызнаўся Рынат. — У абласным этапе алімпіяды па інфарматыцы я прымаю ўдзел ужо чацвёрты раз. Мне цікава ісці ў гэтым кірунку, падабаецца думаць над задачай і ўсведамляць, что нешта атрымліваецца, прыходзіць ідэя для яе рашэння. Думаю, што сваю будучыню звяжу з праграмаваннем.

Настаўнік інфарматыкі Васіль Кеўра займаецца з двума братамі.

— Рынат вывучае інфарматыку на павышаным узроўні з шостага класа, ён вельмі працаздольны, старанны, адказны, прымае ўдзел у розных алімпіядах, сёлета прайшоў на абласны этап яшчэ і па матэматыцы. Праяўляе сябе ў розных сферах, займаецца спортам. Акрамя ўрокаў, заняткаў на школьных і міжшкольных факультатывах, ён шмат працуе самастойна. Вельмі падтрымліваюць сыноў бацькі, — расказаў Васіль Кеўра.

На алімпіядзе па матэматыцы ў гэтым го­дзе вызначылася гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна. Усе сем прадстаўнікоў установы адукацыі сталі пераможцамі. Добра праявілі сябе самыя малодшыя сярод матэматыкаў. Сямікласнік гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Глеб Сцяпанычаў стаў абсалютным пераможцам сярод вучняў 8-х класаў, атрымаўшы дыплом I ступені, а вучань 7 класа гімназіі № 3 Гродна Арцём Кергет стаў уладальнікам дыплома III ступені.

Максім Мяшкоў, вучань 11 класа сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна, на працягу трох гадоў заваёўвае дыпломы I ступені на алімпіядзе па геаграфіі.

Настаўніца юнака Вераніка Садомцава расказала:

— Максім удумлівы, абавязковы, з ім вельмі прыемна працаваць. Ён цікавіцца і фізічнай, і эканамічнай геаграфіяй, мае дастаткова шырокае кола інтарэсаў. Прыемна ўсведамляць, што ты фарміруеш гэтыя інтарэсы і бачыш, як юнак расце ў сваім унутраным развіцці, праяўляе дапытлівасць, вучыцца аналізаваць, разважаць, рабіць высновы. Часам ён ведае больш за настаўніка, і тады я прыслухоўваюся да яго. Пры гэтым геаграфія для яго хутчэй захапленне, думаю, ён усё ж накіраваны на тэхнічныя спецыяльнасці. Вельмі цікава працаваць з вучнем, калі знаходзіш з ім узаемаразуменне. Ты даеш яму веды, а ён адказвае цікавасцю да прадмета.

Вучаніца сярэдняй школы № 3 імя В.М.Уса­ва Гродна Марта Пілецкая таксама атрымлівае дыпломы I ступені на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Яна займаецца з настаўніцай Настассяй Целеш і на працягу шэрага гадоў становіцца пераможцай абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяды.

Абсалютным пераможцам алімпіяды па гісторыі сярод навучэнцаў 10 класаў стаў дзевяцікласнік гімназіі № 1 Ваўкавыска Аляксандр Ляшко.

На алімпіядзе па рускай мове і літаратуры за 9-ты клас паспяхова выступілі чатыры васьмікласнікі, два з іх узнагароджаны дыпломамі II ступені і прадставяць вобласць на заключным этапе алімпіяды. У 10-м класе водгук Паліны Жыліч з сярэдняй школы № 3 Слоніма журы ацаніла максімальнай колькасцю балаў (40), што з’яўляецца практычна беспрэцэдэнтным выпадкам у практыцы ацэньвання гэтага складанага і адначасова цікавага віду творчай працы.

Па тры пераможцы алімпіяды па грамадазнаўстве падрыхтавалі настаўнікі Андрэй Ушчэнчык (сярэдняя школа № 38 Гродна), Марына Паляшчук (Гродзенская гарадская гімназія) і Таццяна Сурконт (сярэдняя школа № 8 Ліды).

Сёлета найбольш удала алімпіяда па астраноміі прайшла для навучэнцаў ліцэя № 1 Гродна. З 11 дыпломаў яны заваявалі 8 і ўпершыню на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі каманда Гродзенскай вобласці будзе складацца цалкам з прадстаўнікоў адной установы — ліцэя № 1 Гродна.

На працягу многіх гадоў навучэнцы настаўніцы іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юліі Касталомавай становяцца пераможцамі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды. Сёлета ў іх 6 дыпломаў з 8.

Вырасла колькасць удзельнікаў па кітайскай мове — 16 чалавек (у мінулым годзе — 11). З 12 удзельнікаў алімпіяды ў 10-м класе 11 — навучэнцы 8—9-х класаў.

Вучнні гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна сталі пераможцамі па чатырох замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай) і атрымалі 9 дыпломаў. Штогод гімназісты становяцца пераможцамі на абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды.

Навучэнец 6 класа Аляксандр Лучкін (сярэдняя школа № 28 Гродна) прымаў удзел у алімпіядзе па нямецкай мове за 10 клас. А вучаніца 11 класа ліцэя № 1 Гродна Кацярына Шумская набрала 50 балаў з 50 магчымых за вусны тур “Маўленне”.

Самая юная ўдзельніца алімпіяды па абслуговай працы другі год запар — Кацярына Каранкевіч, навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 3 Шчучына. На гэты раз у яе дыплом II ступені.

Па выніках трэцяга, абласнога, этапу рэспубліканскай алімпіяды дыпломамі I, II і III ступені ў Гродзенскай вобласці ўзнагароджаны 406 чалавек, з іх дыпломамі I ступені — 85, II — 122, III — 199 удзельнікаў.

Увогуле на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Гродзенскую вобласць будуць прадстаўляць больш як 200 вучняў, якія сталі лепшымі ў рэйтынгу па кожным з 18 прадметаў. У гэтым годзе ўпершыню на рэспубліку адправяцца і пераможцы абласнога этапу мінулага года, якія не змаглі прыняць удзел у алімпіядзе 2020 года ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай.

Гродзеншчына будзе прымаць чацвёрты этап рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, беларускай мове і літаратуры.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Кацярыны САЗАНОВІЧ.