Слуцк — горад з багатымі працоўнымі традыцыямі. Слуцкія паясы сталі гістарычным культурным сімвалам, брэндам Беларусі, а іх стваральнікі — прыкладам працавітасці і высокага майстэрства беларускага народа. Сёння працоўныя традыцыі маленькім беларусам прывіваюць настаўнікі працоўнага навучання, і Слуцк стаў цудоўнай пляцоўкай для іх сустрэчы. Спецыялісты сабраліся на рэспубліканскім семінары, каб абмеркаваць тэму “Вучэбная матывацыя як сродак павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”.
Удзел у семінары ўзялі прадстаўнікі НІА, упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў, настаўнікі працоўнага навучання з усёй краіны.
— Цэнтральны рэгіён не раз прымаў рэспубліканскі семінар педагогаў працоўнага навучання, — звярнулася да ўдзельнікаў семінара Таццяна Валянцінаўна Апраніч, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — У 2007 годзе семінар праходзіў у Станькаве, у 2014 годзе мерапрыемства прымала Жодзіна, і сёння мы зноў сустрэліся на Міншчыне, у горадзе з багатай гісторыяй і традыцыямі. Мы сустрэліся, каб мець прафесійныя зносіны, прафесійна дыскутаваць і каб у нашай невялікай педагагічнай супольнасці знаходзіць адказы на важныя пытанні.
Слуцкія спецыялісты падрыхтавалі для гасцей насычаную праграму. Была прадэманстравана работа з навучэнцамі рознага ўзросту — ад пяцікласнікаў да навучэнцаў каледжа, а таксама пераемнасць у рабоце ўстаноў. Удзельнікі семінара ўбачылі работу на ўроках і пазаўрочных занятках, пазнаёміліся з тым, як ладзіцца работа ў гарадскіх і сельскіх установах. Педагогі Слуцка паказалі, як працуюць з навучэнцамі розных катэгорый, у тым ліку з дзецьмі з АПФР.
Стартаваў семінар у сярэдняй школе № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка. З адукацыйнай прасторай Мінскай вобласці педагогаў пазнаёміў тэматычны відэафільм, аб адукацыі ў Слуцкім рэгіёне расказаў Андрэй Васільевіч Нядзелька, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама. Наталля Іосіфаўна Панфілава, метадыст МАІ РА, паведаміла калегам, як на Міншчыне ажыццяўляецца метадычнае суправаджэнне прафесійнага развіцця настаўнікаў працоўнага навучання. Так, прысутныя даведаліся, што ў верасні 2016 года ва ўстановах адукацыі Міншчыны да работы прыступілі 605 настаўнікаў працоўнага навучання.
Цікавасць калег выклікала выступленне Ігара Вітальевіча Дубіны, настаўніка Грозаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Капыльскага раёна. Ігар Вітальевіч — адзін з чатырох у краіне настаўнікаў-метадыстаў, якія выкладаюць прадмет “Працоўнае навучанне”. Ён расказаў аб павышэнні эфектыўнасці адукацыйнага працэсу па прадмеце з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. На жаль, ІКТ мала выкарыстоўваюцца на ўроках працоўнага навучання і чарчэння, хаця гэтага патрабуе час. Настаўнік-метадыст расказаў аб сваім вопыце выкарыстання на ўроках і факультатывах сістэмы аўтаматызаванага праектавання “Компас 3D”. Навыкамі работы ў гэтым графічным рэдактары настаўнік авалодаў самастойна і сёння актыўна прапануе яго на ўроках чарчэння і працоўнага навучання сваім вучням. Дзеці распрацоўваюць на камп’ютары 3D-мадэлі загатовак, а потым з іх дапамогай ствараюць вырабы. Зыходзячы са свайго вопыту, Ігар Вітальевіч сцвярджае, што, нягледзячы на невялікую колькасць гадзін, якія адводзяцца на чарчэнне і працоўнае навучанне, даць дзецям такія навыкі рэальна. Як гэта ажыццяўляецца, педагог прадэманстраваў на майстар-класе.
Менавіта майстар-класамі прадоўжылася работа семінара ў школе № 10. Іна Юр’еўна Крайнова, настаўніца сярэдняй школы № 11 Салігорска, дзялілася ўменнямі ствараць кветкі з фаамірану. Разам з Інай Віктараўнай Эсмантовіч, настаўніцай сярэдняй школы № 2 Салігорска, удзельнікі семінара выраблялі дэкаратыўны падсвечнік з дапамогай рознакаляровай солі. Аксана Аляксандраўна Піхцерава, педагог Слуцкага ЦДТ, фіналістка Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, правяла майстар-клас “Выраб беларускай лялькі”. Ірына Віктараўна Быліновіч, настаўніца сярэдняй школы № 12 Слуцка, прапанавала розныя тэхнікі вырабу аб’ёмных кветак з паперы, Таццяна Валер’еўна Сямёнава, педагог сярэдняй школы № 9 Слуцка, дзялілася ўменнямі стварэння тапіярыяў. Далей увазе педагогаў было прапанавана моднае дэфіле. Калекцыю адзення “Стылізаваны беларускі касцюм” прадставілі навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка — удзельнікі тэатра моды “Эксклюзіў” пад кіраўніцтвам Святланы Барысаўны Зенавай. Калекцыя была створана на аснове гістарычных элементаў слуцкага касцюма з выкарыстаннем мноства тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Наступным прыпынкам на маршруце ўдзельнікаў семінара стаў Слуцкі ЦКРНіР. Для выхаванцаў гэтай установы працоўнае навучанне мае асаблівы сэнс — ад гэтых навыкаў залежыць іх далейшая сацыялізацыя, сацыяльна-бытавая адаптацыя і ўвогуле тое, наколькі камфортным будзе іх жыццё. Таму ўкараненню працоўных навыкаў спецыялісты ЦКРНіР удзяляюць значную ўвагу. Упэўніцца ў гэтым удзельнікі семінара маглі на майстар-класах, дзе разам з выхаванцамі цэнтра стваралі абярэгі і вырабы з папяровых трубачак.
Слуцкі дзяржаўны каледж рыхтуе рабочыя кадры для краіны. Тут павагу да працы прывіваюць навучэнцам каледжа, а апошнім часам і навучэнцам школ Слуцка. На базе каледжа арганізавана работа міжшкольнага факультатыву, на якім вучні спрабуюць сябе ў прафесіі. Удзельнікі семінара наведалі рэсурсны цэнтр вытворчага навучання па прафесіі кухара і лабараторыю “Справа густу”, дзе для іх педагогі і майстры вытворчага навучання каледжа расказалі аб сваёй рабоце і разам з навучэнцамі правялі майстар-класы. Так, выкладчыца Ірына Аляксееўна Канівец падзялілася вопытам стварэння і выкарыстання электронных сродкаў навучання пры падрыхтоўцы навучэнцаў да прафесійнага самавызначэння. Сакрэты здаровага харчавання раскрыла майстар вытворчага навучання Ірына Сяргееўна Леус на майстар-класе, дзе разам з навучэнцамі каледжа і ўдзельнікамі семінара гатавала беларускі штрудзель і яблычны сыр. Пра арганізацыю работы навучэнцаў у зімовым садзе і этнаграфічнай майстэрні “Скарбніца” расказала намеснік дырэктара Надзея Міхайлаўна Лазоўская.
Другі дзень семінара пачаўся ў Гацукоўскай сярэдняй школе Слуцкага раёна. Тут удзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю навучэнскіх бізнес-кампаній устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Школьнікі-бізнесмены падрыхтавалі выставу сваіх вырабаў і расказалі, як арганізавана работа іх кампаній. Генадзь Фёдаравіч Сак, настаўнік Весейскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, прадэманстраваў, як вырабляць мэблю і прадметы інтэр’ера з дрэва з прымяненнем тэхналогіі старэння і элементаў коўкі. Аляксандр Уладзіміравіч Альховік, настаўнік Паўстынскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, на сваім майстар-класе прадэманстраваў старажытнае рамяство — бондарства і навучыў калег ствараць бочкі, тым самым узняўшы тэму аб’яднання нацыянальных і сучасных тэхналогій на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці па вучэбным прадмеце.
Педагогі Слуцкага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі Міхаіл Аляксандравіч Лобан і Віктар Васільевіч Патоцкі разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі майстар-класы па авія- і суднамадэляванні. Дарэчы, суднамадэлістка Валерыя Махлай, з якой удзельнікі семінара пазнаёміліся на майстар-класе, нядаўна стала бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы па суднамадэльным спорце.
Тэму міжшкольных факультатываў прадоўжылі абмяркоўваць у Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Вопытам работы па арганізацыі міжшкольнага факультатыву па аддзелачных будаўнічых работах падзяліўся дырэктар каледжа Сяргей Мікалаевіч Шыловіч.
Вынікі семінара яго ўдзельнікі падводзілі, сабраўшыся за круглым сталом. Усе калегі згадзіліся, што на семінары яны не толькі знайшлі новыя ідэі і думкі для матывацыі дзяцей, але і самі атрымалі матывацыю: прыклад слуцкіх калег натхняе на далейшы творчы пошук.
— У нашай краіне безліч талентаў, мноства таленавітых педагогаў. Важна, каб з гэтымі талентамі знаёмілася педагагічная грамадскасць. Прадмет “Працоўнае навучанне” патрабуе творчага падыходу. Такія семінары дапамагаюць знайсці новыя ідэі, — адзначыла метадыст НІА Алена Мікалаеўна Чарнова, падводзячы вынікі мерапрыемства. — Педагогі Мінскай вобласці праявілі сябе як цудоўныя прафесіяналы, прадэманстравалі, што яны шырока мысляць і на многае здольны. Упэўнена, што кожны ўдзельнік на семінары знайшоў для сябе цікавую ідэю.
Даўняй традыцыяй правядзення семінара па прадмеце “Працоўнае навучанне” з’яўляецца перадача сцяга. Сцяг складаецца з некалькіх частак, кожную з якіх ствараюць у рэгіёне, які прымае семінар. Так сцяг штогод прырастае. Сёлета на ім з’явіўся і элемент, створаны майстрамі працоўнага навучання Слуцка. Сцяг перайшоў да педагогаў Гомельскай вобласці, дзе і адбудзецца наступны семінар.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.