Велапрабег, высадка дрэў і народныя стравы

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Гомельшчына паўсюдна і разнастайна адзначыла Дзень народнага адзінства. На цэнтральнай плошчы горада ўстановы прафесійнай адукацыі прадставілі выставы тэхнічнай і мастацкай творчасці. У межах абласнога свята ў грамадска-культурным цэнтры педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці падрыхтавалі экспазіцыю творчых работ.

—Д зень народнага адзінства — сімвал галоўных жыццёвых каштоўнасцей беларусаў, — адзначыў падчас свята старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Гэта падзея аб’ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай і верыць у яе дастойную будучыню. Дзень народнага адзінства — гэта свята, падказанае сэрцам нашага прэзідэнта. У ім ёсць глыбокі сімвал галоўных жыццёвых каштоўнасцей беларусаў: жыць у міры і згодзе, ствараць для сённяшняга дня і на стагоддзі, любіць, гадаваць дзяцей, рэалізоўваць свае таленты.

У гонар важнай падзеі ў Гомельскай вобласці, як і па ўсёй краіне, прайшлі самыя розныя мерапрыемствы: лёгкаатлетычныя, аўта- і велапрабегі, азеляненне населеных пунктаў, адкрыццё вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. У Гомелі да свята на фасадзе будынка ў цэнтры горада з’явіўся мурал з сімвалічнай назвай “Мы — адно цэлае”. Падарункам да свята стала новая зона адпачынку з канатным гарадком для дзяцей, спартыўнымі пляцоўкамі па пляжным валейболе, баскетболе, міні-футболе…

Больш як 600 чалавек аб’яднаў велапрабег “У адзінстве сіла”. У мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня народнага адзінства, прынялі ўдзел кіраўнікі вобласці і горада, прадстаўнікі працоўных калектываў, устаноў адукацыі і грамадскіх арганізацый, а таксама моладзь — усяго каля тысячы чалавек. Удзельнікі праехалі па цэнтральных вуліцах вячэрняга Гомеля. У першых радах — кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама начале з яго начальнікам Русланам Смірновым.

Дарэчы, ён таксама пакінуў адбітак сваёй далоні на “Дрэве Яднання” ў толькі што здадзенай гомельскай сярэдняй школе № 75. Усе госці гэтай установы адукацыі, у тым ліку прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, якія зрабілі ўсё, каб з верасня дзеці пачалі тут вучобу, з задавальненнем паўдзельнічалі ў акцыі. Цяпер каляровыя далонькі будуць сімвалізаваць адкрытасць, сяброўства, любоў і адзінства.

У школах Веткаўскага раёна прайшлі ўрокі мужнасці, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства. Так, у веткаўскай сярэдняй школе № 1 імя А.А.Грамыкі для вучняў 5-х класаў заняткі адбыліся на базе школьнага музея баявой і працоўнай славы. Асаблівы акцэнт зроб­лены на гісторыі вызвалення Веткаўшчыны і ваенным подзвігу выхадцаў з раёна.

Кіраўніцтва Рагачоўскага аддзела адукацыі і педагогі прынялі ўдзел у пасадцы саджанцаў язміну, і цяпер у райцэнтры ёсць алея Адзінства. У Брагіне мясцовыя навучэнцы таксама пасадзілі дрэвы. У сярэдняй школе № 5 Рэчыцы прайшоў дзень добрых спраў. Навучэнцы дапамагалі супрацоўнікам школы ў навядзенні парадку на школьнай тэрыторыі.

У светлагорскіх установах адукацыі прайшоў ты­дзень беларускай кухні. Мерапрыемствы аб’ядналі ўсіх: ­удзел прынялі не толькі кухары камбіната школьнага харчавання, але і вучні, іх бацькі і педагогі. Было не толькі вельмі смачна, але і цікава і карысна. Ад дэгустацыі перахо­дзілі да майстар-класа. Напрыклад, у сярэдняй школе № 2 у этнаграфічным кутку адбыўся тэатралізаваны паказ “Снеданне нашых продкаў”. Школьнікі азнаёміліся з бытам продкаў і паласаваліся традыцыйнымі стравамі накшталт яечнi з салам, дранікаў, мачанкі, калдуноў, прасянай кашы… Рагачоўскія гімназісты тым часам правялі незвычайны ўрок, падчас якога ўспомнілі гісторыю з’яўлення страў нацыянальнай кухні і разам з кухарамі згатавалі іх. У рагачоўскай сярэдняй школе № 8 вера­шчаку і бабку не толькі згатавалі, але і дадалі рэцэпты. Давыдаўская сярэдняя школа на сваім гастранамічным свяце прапанавала кашу з гарбузом запіваць нацыянальнымі напіткамі: мядовым кісялём і вішнёвым узварам.

Установы вышэйшай адукацыі таксама не засталіся ў баку ад святкавання. Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога прайшла зарадка “Варушынак”. На вялікім перапынку супрацоўнікі і студэнты выйшлі на пляцоўку ля галоўнага корпуса і пад музыку выконвалі практыкаванні пад кіраўніцтвам інструктараў.


Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.