Вернасць традыцыям і нацэленасць на наватарства

- 10:45Актуально, Апошнія запісы

Урачысты сход, прысвечаны 90-годдзю Нацыянальнага інстытута адукацыі, прайшоў у Ліцэі БДУ з удзелам міністра адукацыі І.В.Карпенкі.

Узнагароду атрымлівае Н.У.Антонава.

“А сноўныя вехі ў развіцці адукацыі краіны непарыўна звязаны з дасягненнямі калектыву інстытута, шматгадовай працай пакаленняў навукоўцаў і метадыстаў, высокім узроўнем навуковых школ, адказным і творчым падыходам да вырашэння актуальных навуковых і метадычных задач, вернасцю традыцыям і нацэленасцю на наватарства”, — адзначыў у сваім віншаванні І.В.Карпенка.

Нацыянальны інстытут адукацыі атрымаў прызнанне не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі, пра што сведчаць міжнародныя сувязі, кааперацыя з міжнароднымі і замежнымі арганізацыямі і ўстановамі, удзел у даследчых праектах, правядзенне на высокім узроўні навуковых мерапрыемстваў, выстаў, дзейсная падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.

На працягу дзевяці дзесяцігоддзяў найважнейшай задачай інстытута было і застаецца правядзенне навуковых даследаванняў, якія вызначаюць змест і методыкі навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Пад навукова-метадычным кіраўніцтвам інстытута забяспечваецца распрацоўка канцэпцый і адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, каляндарна-тэматычнага планавання, дыдактычных, дыягнастычных матэрыялаў, электронных сродкаў навучання, метадычных рэкамендацый для дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Нацыянальнаму інстытуту адукацыі ўдалося стварыць сістэму нацыянальнага навучальнага кнігавыдання. Вялікай папулярнасцю карыстаецца створаны інстытутам Нацыянальны адукацыйны партал (www.adu.by), які стаў рэальным памочнікам для бацькоў і навучэнцаў, настаўнікаў, метадыстаў, кіраўнікоў сістэмы адукацыі. Згодна з даручэннем міністра адукацыі, у НІА ствараецца падраздзяленне, якое будзе займацца распрацоўкай ІТ-метадычнага кантэнту для агульнай сярэдняй адукацыі, што дазволіць сучасным настаўнікам разнастаіць заняткі, формы іх візуалізацыі і віды дзейнасці. 

І.В.Карпенка ўручыў дырэктару НІА В.В.Гінчук прывітальны адрас Міністэрства адукацыі, а таксама ўзнагародзіў работнікаў, навукоўцаў, педагогаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё інстытута. Знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” атрымала начальнік аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі метадычнага цэнтра, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Надзея Уладзіславаўна Антонава.

Да віншаванняў далучыліся кіраўнікі вядучых устаноў адукацыі і навукі краіны і іх лепшыя творчыя калектывы.


Як адзначыла ў сваім выступленні дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Васільеўна Гінчук, інстытут можа ганарыцца сваёй гісторыяй і сваімі дасягненнямі, якія сталі магчымымі дзякуючы шматгадовай працы многіх пакаленняў вучоных і метадыстаў, высокага ўзроўню навуковых школ, створаных у інстытуце. Канцэптуальныя асновы сучаснай літаратурнай адукацыі былі распрацаваны М.А.Лазаруком і В.У.Івашыным. Іх ідэі рэалізоўваюцца ў сучасных кампанентах вучэбна-метадычнага комплексу па беларускай літаратуры. Навуковыя падыходы да адбору зместу моўнай адукацыі вызначаны В.У.Протчанкам. А.Я.Супрун стаў заснавальнікам навуковай школы методыкі навучання рускай мове ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя. Л.А.Мурына — заснавальнік навуковай школы тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы. Доктар псіхалагічных навук Т.М.Савельева заснавала навуковую школу па распрацоўцы тэорыі і практыкі рэалізацыі развіццёвай адукацыі ў сучаснай школе.

Сёння ў НІА працуюць 284 супрацоўнікі, сярод іх 9 дактароў навук і 25 кандыдатаў навук. У структуры інстытута дзейнічаюць 4 цэнтры, 5 упраўленняў, аспірантура і дактарантура, 4 аддзелы і 1 сектар. Сучасныя навуковыя школы інстытута захоўваюць і развіваюць ідэі сваіх папярэднікаў і настаўнікаў і працуюць пад кіраўніцтвам дактароў навук — М.Г.Яленскага, Г.М.Валочка, В.Ф.Русецкага, Н.С.Старжынскай, В.А.Салееў. Сфарміравана навуковая школа Т.Л.Ляшчынскай — яна і яе вучні працуюць у галіне карэкцыйнай педагогікі і інклюзіўнай адукацыі.

НІА ўносіць значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі. Адной з асноўных задач, якія вызначаны канцэптуальнымі падыходамі да развіцця сістэмы адукацыі, з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі. Механізмы рэалізацыі гэтай задачы прадугледжваюць абнаўленне адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў, вучэбных праграм, распрацоўку на конкурснай аснове новых школьных падручнікаў, распрацоўку навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу з улікам рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў, распрацоўку сучасных ЭАР.

У інстытуце ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры і дактарантуры па 4 галінах навук і 8 спецыяльнасцях. Пры ўстанове плённа працуюць два саветы па абароне дысертацый на саісканне вучоных ступеней доктара і кандыдата педагагічных навук.

У апошнія гады сфера дзейнасці інстытута значна пашырылася. Яго спецыялісты распрацоўваюць новыя механізмы фінансавання сістэмы адукацыі; ажыццяўляецца комплекснае аснашчэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі інтэрактыўнымі панэлямі, вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі; рэалізоўваецца праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пагадненнямі аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Праект прадугледжвае капітальны рамонт устаноў агульнай сярэдняй адукацыі; закупку вучэбна-лабараторнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі; даследаванне якасці адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі з выкарыстаннем міжнароднага інструментарыю; умацаванне нацыянальнай сістэмы ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў; правядзенне пашыранага даследавання якасці адукацыі на аснове вынікаў PISA 2018 і 2021 гадоў і інш.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Настассі ХРЫШЧАНОВІЧ.