Верная прафесіі

- 11:34Людзі адукацыі

Настаўніца пачатковых класаў Чэрнеўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Наталля Шурпіна лічыць сябе шчаслівай. Часткова яе шчасце складаецца з магчымасці займацца любімай справай, тым, да чаго ляжыць душа. Педагогіка для яе — прафесійны шлях, вернасць якому яна мае намер захаваць назаўсёды.

— Прафесія настаўніка нібы сама абрала мяне. Не маючы ў родзе ні аднаго педагога, я быццам нарадзілася з указкай і крэйдай у руцэ. З самага ранняга дзяцінства цэлымі днямі была занята сваёй школай. Вучыла мядзведзяў і зайцоў, правярала сшыткі. І ўжо тады адчувала ад усяго гэтага вялікую радасць і задавальненне, марыла, што калі-небудзь буду праводзіць сапраўдныя ўрокі, — успамінае Наталля Міхайлаўна.

Атрымаўшы школьны атэстат, Наталля Шурпіна адправілася ажыццяўляць сваю мару. Без складанасці здаўшы ўступныя іспыты, яна стала студэнткай Горацкага педагагічнага каледжа. Пасля працягнула адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.Куляшова.

З двума дыпломамі настаўніцкага профілю Наталля Міхайлаўна накіравалася на малую радзіму мужа — у аграгарадок Чэрнеўка, што на Дрыбіншчыне. Там і пачала працаваць у мясцовым вучэбна-педагагічным комплексе.

— З таго моманту прайшло ўжо амаль пяць гадоў, я ні разу не пашкадавала аб тым, што працую з сельскімі дзецьмі. У вясковай школе магчымасцей для прафесійнай рэалізацыі не менш, чым у гарадскіх установах, — лічыць Наталля Шурпіна.

За непрацяглы час педагагічнай дзейнасці гэтая маладая настаўніца ўжо выпрацавала свае прынцыпы працы. На яе думку, адзін з найважнейшых фактараў паспяховага навучання — любоў педагога.

— Быць настаўнікам для мяне — не проста займацца перадачай ведаў. Імкнуся да ўсіх вучняў знайсці падыход. Цярпліва падбіраю ключык да кожнага дзіцяці. Хачу, каб у кожным з іх з’явілася жаданне вучыцца, здабываць веды самастойна. Без любові да справы і да дзяцей дасягнуць гэтага немагчыма, — адзначае Наталля Міхайлаўна.

Для прывіцця дзецям цікавасці да вучобы на сваіх уроках Наталля Шурпіна выкарыстоўвае разнастайныя методыкі. Пазнавальную актыўнасць вучняў яна стымулюе дыдактычнымі гульнямі і заданнямі, праблемным навучаннем, пазакласнымі мерапрыемствамі па прадметах, інтэграванымі заняткамі, інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Практыкуе настаўніца і ўрокі з элементамі навукова-даследчай работы: назіранне, гутаркі, досведы. Па яе меркаванні, гэта развівае ў дзяцей уменні бачыць праблему, даваць азначэнні паняццям, рабіць высновы, даказваць свае думкі і ідэі.

— Матывацыя дзяцей да навучання шмат у чым залежыць ад мяне як ад педагога. Таму нястомна заахвочваю вучняў, з разуменнем і падтрымкай стаўлюся да іх перамог і памылак. Стараюся, каб навучэнцы пастаянна знаходзіліся ў сітуацыі поспеху. Заўсёды кажу дзецям, што ў іх усё атрымаецца, што я ў іх веру, — падкрэслівае Наталля Шурпіна.

Для Наталлі Міхайлаўны навучанне непарыўна звязана з выхаваннем. На асабістым прыкладзе яна прывівае дзецям такія якасці, як дабрыня, чуласць, прыстойнасць, самастойнасць, мэтанакіраванасць. Выхаванню вельмі спрыяе пазакласная работа. Са сваімі вучнямі Наталля Шурпіна рэгулярна сустракаецца на гуртках па рукадзеллі “Школа чараўнікоў” і “Пачатковае мадэляванне”. Сумесна яны наведваюць сельскую бібліятэку, удзельнічаюць ва ўсіх школьных і раённых мерапрыемствах.

— У мяне яшчэ невялікі працоўны стаж, але я адчуваю, як разам з жаданнем працаваць незаўважна, крок за крокам расце мой прафесіяналізм, назапашваецца вопыт, з’яўляецца разуменне, што ўсё, што я раблю, недарэмна. Мае вучні радуюць добрай вучэбнай паспяховасцю, перамогамі ў творчых конкурсах, — расказвае Наталля Міхайлаўна.

Па словах педагога, няхай пакуль маленькія, але іх сумесныя з дзецьмі перамогі не дазваляюць ёй спыняцца на дасягнутым: падахвочваюць вучыцца новаму, адточваць ужо напрацаваныя прафесійныя навыкі, каб у далейшым прывесці сваіх вучняў да большых поспехаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Наталлі ШУРПІНОЙ.