Ветэрынар ці заатэхнік?

- 13:11Сацыяльны ракурс

Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж славіцца якасцю падрыхтоўкі спецыялістаў ветэрынарнага і заатэхнічнага профіляў.

З улікам патрэбы ў кадрах прадпрыемстваў аграрна-­прамысловага комплексу вобласці сёння ў каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для жывёлагадоўчай галіны. Прыемным бонусам для навучэнцаў каледжа з’яўляецца тое, што ва ўстанове функцыянуюць курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі “В”. 

“Навучанне па спецыяльнас­цях вядуць высокакваліфікава­ныя педагогі: больш за палову выкладчыкаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у аднаго —  ступень кандыдата ветэрынарных навук, — з гордасцю расказвае пра сваю ўстанову намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Вольга Аляксандраўна Танюкевіч. — Усяго калектыў каледжа налічвае больш за 100 супрацоўнікаў. Вельмі прыемна і ганарова, што наша ўстанова з’яўляецца членам зоаветэрынарнай асацыяцыі “Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць”, якая функцыянуе ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны”.

Сёння ў каледжы вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па дзвюх спецыяльнасцях — “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”. Пачынаючы з наступнага навучальнага года назва апошняй спецыяльнасці зменіцца.

“Па сваім прызначэнні спе­цыяльнасць застанецца такой жа, толькі цяпер яна будзе называцца “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, — працягвае В.Танюкевіч. — Перайменаванне не пашырыць і не звузіць абавязкі выпускнікоў спецыяльнасці. Спецыялісты, якія атрымаюць дыплом па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання”, змогуць працаваць на буйных жывёлагадоўчых комплексах, птушкафабрыках, змогуць быць селекцыянерамі. Увогуле, паўсюль, дзе прафесійная дзейнасць звязана з вырошчваннем, селекцыяй і кармленнем жывёл, нашы выпускнікі будуць запатрабаваны”. 

Кваліфікацыя: “фельчар ветэрынарнай медыцыны”

Тэрмін навучання: 

на аснове агульнай базавай адукацыі — 3 гады 8 месяцаў;
на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 2 гады 8 месяцаў. 
Форма атрымання адукацыі — дзённая. 

Кваліфікацыя: “заатэхнік”

Тэрмін навучання:

на аснове агульнай базавай адукацыі — 3 гады 6 месяцаў.
Форма атрымання адукацыі — дзённая.

Пасля атрымання дыплома па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” выпускнікі кале­джа змогуць працаваць спецыялістамі жывёлагадоўчых комплексаў, у ветэрынарных аптэках, кіналагічных цэнтрах, клініках, на мяса­камбінатах, у дэпартаменце ветэрынарнага нагляду і інш. 

 У заатэхніцы існуе асобны кірунак, які называецца “Ідэнтыфікацыя нумароў жывёл”. Для таго каб авалодаць гэтай кампетэнцыяй, маладыя спецыялісты павінны прайсці дадатковае навучанне. Гэта, у сваю чаргу, пашырае іх прафесійныя абавязкі і магчымасці. 

“На адпаведныя курсы нашых выпускнікоў накіроўваюць тыя гаспадаркі, куды спецыялісты былі размеркаваны на работу, — працягвае Вольга Аляксандраўна. — Пасля заканчэння курсаў заатэхнікі займаюцца біркаваннем жывёл, пераводзяць іх з групы ў групу. Выконваецца такая работа ў асноўным за камп’ютарам, дзе ўсталявана спецыяльная праграма.

У нашым каледжы таксама ёсць магчымасць азнаёміцца са спецыфікай гэтага кірунку, але больш паглыблена ён вывучаецца менавіта на адпаведных курсах”.

І ў навучанні заатэхніцы, і ў ветэрынарнай медыцыне вялікае значэнне мае практычны складнік. Менавіта таму ў Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы значная ўвага ўдзяляецца рабоце ў лабараторыях установы. 

“У нас, акрамя лабараторый, ёсць вучэбная ферма, дзе трымаем буйную рагатую жывёлу, — кажа В. Танюкевіч. — Сюды адносіцца і дойны статак, і цяляты. Таксама ў нас ёсць конь і авечкі. Практычныя навыкі навучэнцы спачатку адпрацоўваюць на нашай ферме. Затым, дзякуючы ўзаемадзеянню з базавымі гаспадаркамі, маюць магчымасць прайсці практыку ў буйных гаспадарках, прадэманстраваць там свае здольнасці і веды”.

Сёння ў каледжы атрымліваюць прафесійную адукацыю 249 навучэнцаў. Большасць з іх — будучыя ветэрынары. Што тычыцца спецыяльнасці “Заатэхнія”, то на ёй вучацца 25 чалавек. “Штогод мы набіраем 100 чалавек, — прыводзіць лічбы прадстаўнік каледжа. — У мінулым годзе набор абітурыентаў ажыццяўлялі на базе 9 і 11 класаў. Адзінаццацікласнікаў да нас прыйшло мала, таму наступным летам прымаць дакументы на навучанне будзем толькі ад дзяцей з базавым узроўнем адукацыі. Уступных экзаменаў у нас няма, навучэнцы залічваюцца па сярэднім бале дакумента аб адукацыі. Дарэчы, у нас вучацца не толькі дзеці з Мінскай вобласці. Ёсць і тыя, хто родам з Гродзенскай, а таксама з Брэсцкай абласцей”.

Наталля САХНО.