Віншаванні народнаму настаўніку

- 13:08Адукацыйная прастора

Першы народны настаўнік Беларусі настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкаў адзначыў 70-годдзе. Са значнай юбілейнай датай выбітнага педагога павіншаваў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт назваў уклад Валерыя Барашкава ў развіццё і выхаванне падрастаючага пакалення неацэнным, а яго прафесійны шлях і шматгадовую плённую працу — яркім прыкладам служэння беларускаму народу.

Са значнай датай Валерыя Барашкава таксама павіншавалі прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, калегі-педагогі. Падчас святочнага мерапрыемства, якое праходзіла ў сценах першага абласнога ліцэя, выдатнаму педагогу жадалі моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, творчага натхнення і дабрабыту.

Са словамі падзякі за развіццё беларускай сістэмы адукацыі да юбіляра звярнуўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Акрамя асабістых віншаванняў, ён зачытаў імянінніку віншавальны адрас ад губернатара рэгіёна Леаніда Зайца.

“Ваша працоўная біяграфія — узор добрасумленнай працы, адказных адносін да сваёй справы. За гады плённай педагагічнай дзейнасці Вы заслужылі павагу і прызнанне навучэнцаў і калег. Вас ведаюць далёка за межамі вобласці як дзейснага чалавека, таленавітага педагога, першага ў гісторыі суверэннай Беларусі народнага настаўніка. Час мяняе арыенціры ў эканоміцы, дзяржаўным укла­дзе, але нязменнымі застаюцца духоўныя каштоўнасці, тое, што вызначае ў чалавеку асобу. Вашы прафесійныя якасці, актыўная жыццёвая пазіцыя будуць яшчэ вельмі доўга служыць найважнейшай справе — выхаванню грамадзяніна і патрыёта”, — гаворыцца ў віншаванні старшыні аблвыканкама.

Шчыра павіншавалі Валерыя Барашкава і іншыя ганаровыя госці святочнага мерапрыемства.

— Вы таленавіты педагог. Але каб дасягнуць такіх працоўных поспехаў, аднаго таленту недастаткова. Вы чалавек незвычайнай працавітасці. Менавіта спалучэнне таленту і працавітасці дазволіла Вам стаць першым народным настаўнікам Беларусі. Але для Вас галоўнае не прызнанне працоўных заслуг, а любоў вучняў, якія з Вашай падтрымкай дасягнулі многіх вучэбных вышынь, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч, падзякаваўшы Валерыю Васільевічу за ўклад у развіццё сістэмы адукацыі рэгіёна.

— Слава пра Вас ідзе далёка наперадзе Вас. Прозвішча Барашкаў — своеасаблівы адукацыйны брэнд Магілёўскай вобласці. Вы Настаўнік з вялікай літары, які захаваў вернасць прафесіі. Вы сапраў­дны падзвіжнік на ніве асветы, прыклад для калег і моладзі, — падкрэсліў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова Алег Дзячэнка, пасля чаго зачытаў віншавальны ліст ад кіраўніцтва ўніверсітэта.

Валерый Барашкаў аддаў педагогіцы больш як 45 гадоў жыцця. Для яго гэта не прафесія, а сапраўды прызванне. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Валерый Васільевіч да гэтай пары працягвае настаўнічаць.

Народны настаўнік упэўнены, што паспяховасць вучняў шмат у чым залежыць ад прафесіяналізму педагога, таму выкладчыкам трэба заўсёды крытычна адносіцца да сябе, нягледзячы на пэўныя дасягненні, імкнуцца да ўдасканалення сваёй працы. Сам Валерый Васільевіч так і робіць. Ён пастаянна знаходзіцца ў прафесійным развіцці і актыўна дзеліцца вопытам з калегамі. Акрамя таго, Валерый Барашкаў займаецца распрацоўкай аўтарскіх вучэбных кніг і дапаможнікаў.

Важнае месца Валерый Васільевіч адводзіць рабоце з адоранымі навучэнцамі. Ён стараецца своечасова разгледзець здольнасці кожнага вучня і дапамагчы іх рэалізацыі. Трэба сказаць, у яго гэта вельмі добра атрымліваецца. Толькі за час працы настаўнікам у першым абласным ліцэі Валерый Барашкаў падрыхтаваў 99 пераможцаў трэцяга і 77 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Яго вучні заваявалі 9 прызавых медалёў і адзін пахвальны водгук на міжнародных фізічных алімпіядах. Поспехі навучэнцаў, тое, што многія з іх выбіраюць фізіку як аснову сваёй прафесіі, — лепшая ўзнагарода для гэтага настаўніка. Дасягненні выпускнікоў матывуюць яго на яшчэ больш плённую працу з цяперашнімі вучнямі.

Калектыў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” далучаецца да віншаванняў і зычыць юбіляру доўгага і плённага жыцця.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.