Візуалізацыя на ўроку беларускай літаратуры: стужка часу

- 14:42Образование, Портфолио, Приложение

Візуалізацыя — важны інструмент на ўроку, які спрыяе лепшаму засваенню інфармацыі навучэнцамі. Сёння мы разгледзім адну  з яе мадэлей — стужку часу.

Таццяна Адамчык,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 16 Баранавіч Брэсцкай вобласці

Стужка часу, або таймлайн (англ. timeline), — гэта шкала, на якую ў храналагічнай паслядоўнас­ці наносяцца падзеі. Такім чынам атрымліваем наглядную гісторыю развіцця асобы, эпохі, навукі, краіны і г.д.

Да з’яўлення камп’ютараў і адпаведнага праграмнага забеспячэння стужкі часу часцей за ўсё рабілі з паперы: некалькі лістоў у клетку са сшытка падклейвалі так, каб атрымалася стужка. Унізе малявалі гарызантальную лінію з разметкамі па гадах або перыядах з указаннем падзей, якія адбываліся. Сучасны спосаб прадстаўлення стужкі часу — электронныя спісы або таб­ліцы з пералічанай храналогіяй.

Выкарыстоўваць стужку часу можна на любым прадмеце, звязаным з храналогіяй: у якасці задання для самастойнай работы вучняў па вывучэнні якога-не­будзь храналагічнага пра­цэсу; для складання стужак планавання падзей; складання біяграфій знакамітых людзей; складання асабістай біяграфіі ці гісторыі сваёй сям’і; складання партфоліа ў выглядзе таймлайна; арганізацыі сумеснай распрацоўкі вучэбнага задання.

Я выкарыстоўваю гэты метад візуалізацыі на ўроках беларускай літаратуры.

Так, у выглядзе стужкі часу можна прадставіць жыццёвы шлях пісьменнікаў і паэтаў; развіццё падзей у творы на працягу пэўнага прамежку часу; раскрыццё літаратурнага персанажа, калі ў творы ён згадваецца даволі доўгі час, і г.д.

Стужка часу на ўроках роднай літаратуры дапамагае ўсталяваць міжпрадметныя сувязі: на пазначаны жыццёвы шлях пісьменніка дадаюцца важныя гістарычныя падзеі, якія паўплывалі на яго станаўленне, па­дзеі са свету мастац­тва, таксама можна дапоўніць стужку важнымі навуковымі адкрыццямі, якія прыйшліся на той перыяд. Дзякуючы такім варыянтам выкарыстання стужкі часу, у навучэнцаў складваецца цэласная карціна свету.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю стужкі часу для вывучэння ролі Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага ў гісторыі беларускай літаратуры. Напрыклад, у 9 класе пры вывучэнні твора “Жыціе Ефрасінні Полацкай” пры дапамозе шкалы часу навучэнцы знаёмяцца з асноўнымі этапамі біяграфіі святой па­дзвіжніцы, жыцця і творчасці класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, сучасных пісьменнікаў Івана Шамякіна, Юрася Свіркі, Васіля Быкава, тым самым пашыра­юць свае веды не толькі па беларускай літаратуры, але і па гісторыі краіны.

Бясспрэчны плюс стужкі часу — яе можна ства­рыць на спецыяльных сайтах, не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Сучасныя распрацоўкі дазваляюць дадаваць на стужку часу ўсё: ад тэксту да малюнкаў, відэа і гуку.

Выкарыстоўваючы стужку часу ў сваёй практыцы, я прыйшла да наступных высноў: увя­дзенне гэтага прыёму візуалізацыі ў адукацыйны пра­цэс — неабходнасць сучаснасці; яна спрыяе захопленасці дзяцей, павышае здольнасць аналіза­ваць матэрыял і ўстанаўлі­ваць прычынна-выніковыя сувязі; выкарыстанне гэтага прыёму спрыяе лепшаму засваенню навучэнцамі складанага і аб’ёмнага матэрыялу; створаныя стужкі часу па розных вучэбных дысцыплінах дазваляюць настаўнікам аблегчыць успрыманне матэрыя­лу навучэнцамі.

Госць з высокага неба

Звернемся да тэмы “Госць з высокага неба”. Жыццёвы і творчы шлях Максіма Багдановіча. Вершы “Песняру”, “Кніга”, “Жывеш не вечна, чалавек…”, “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”.

Мэта ўрока: аднавіць, пашырыць, паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў пра жыццё, творчасць, асобу паэта Максіма Багдановіча; развіваць культуру вуснага і пісьмо­вага маўлення; садзейнічаць выяў­ленню індыві­дуальных адносін да асобы паэта.

Задачы: стварыць умовы для фарміравання і развіцця ўмення праца­ваць з тэкстам; аналізаваць, структураваць і параўноўваць інфармацыю; выказваць і аргументаваць свае думкі; садзейнічаць выхаванню эмпатыі, асуджэння эстэтычнай неразвітасці, чэрствасці і абыякавасці.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для 10 класа; вершы “Песняру”, “Кніга”, “Жывеш не вечна, чалавек…”,  “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”; фотаздымкі Максіма Багдановіча.

Эпіграф:

…Песняй абвостраны слых,

Чуеш, Максім? — не ўмірае!

Гэта з табой. І для ўсіх

Зорка Венера світае.

                             Я.Янішчыц

У пачатку ўрока ціха гучыць раманс “Зорка Венера”. Праблемнае пытанне, якое выносіцца настаўнікам на абмеркаванне: “Як вы думаеце, Максім Багдановіч — гэта сапраўды “госць з высокага неба?”.

Настаўнік. Кожны з вас, я думаю, углядаўся ў чыстае зорнае неба. Хтосьці шукаў сузор’е, хтосьці ўглядаўся, каб пабачыць сваю знічку і загадаць жаданне, а хтосьці проста любаваўся зорным небам. А давайце глянем на зорны літаратурны небасхіл. Яркімі зоркамі там гараць у дзівосным сузор’і імёны Ф.Скарыны, Е.Полацкай, Ф.Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, і, вядома, мы не можам не заўважыць вялікую светлую прыгожую зорку, якая ўзышла 9 снежня 1891 года, бо ў гэты час у Мінску ў сям’і настаўнікаў нарадзілася дзіця, будучая зорка беларускай культуры. Я спадзяюся, вы зразумелі, што сёння на ўроку мы будзем гаварыць пра жыццё, творчасць, асобу паэта Максіма Багдановіча. Больш падрабязна спынімся на яго вершах “Песняру”, “Кніга”, “Жывеш не вечна, чалавек…”,  “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”. Спадзяюся, што напрыканцы ўрока вы зможаце запомніць (2—4) факты з біяграфіі Максіма Багдановіча; абгрунтаваць жанр твораў; прааналізаваць тэматыку, праблематыку, будову вершаваных твораў; адказаць на праблемнае пытанне.

Настаўнік прапануе звярнуцца да стужкі часу. На ёй размешчаны вызначальныя даты ў біяграфіі Максіма Багдановіча. Абапіраючыся на веды па гісторыі, вучням трэба назваць падзеі, якія змянілі жыццё ўсёй краіны, і як яны паўплывалі на біяграфію паэта.  

Усяго 25 гадоў доўжыўся зямны век М.Баг­дановіча. У маі 1917 года патухла яго апошняя, тоненькая і пахілая свечка жыцця. Побач не было ні сваякоў, ні сяброў, і выпадковыя людзі, якія пахавалі ў крымскай камяністай зямлі спакутаванага ад хваробы маладога хлопца, не здагадваліся нават, што праводзілі ў апошні шлях выдатнага беларускага паэта. Якой жа “высокаю красою” трэба было валодаць, якую мець сілу, каб незадоўга да смерці ў сваім апошнім вершы так несамотна і светла напісаць пра зробленае ім для краіны, для свайго народа:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

3 друкарні пана Марціна Кухты.

М.Багдановіч памёр, але ён жыве. Жыве ў ахвярным служэнні Бацькаўшчыне, жыве ў мудрых думках, высакародных пачуццях, жыве ў вершах і музыцы да іх. Якім жа быў М.Багдановіч як чалавек, паэт? Паспрабуем глыбей спасцігнуць асобу Багдановіча, намаляваць яго вобраз у сваім уяўленні, звярнуўшыся найперш да старонак біяграфіі, творчасці, помнікаў, успамінаў сучаснікаў. Паспрабуем асэнсаваць месца паэта ў нашым часе, у жыцці кожнага з нас. У “Вянок” Максіму вучні ўплятаюць свае шчырыя выказванні пра паэта, якія ідуць з глыбіні сэрца.

Лірыка М.Баг­дановіча не аднапланавая, яна разнастайная, як і ўсё яго жыццё. У паэта не знойдзеш і двух вершаў, якія б супадалі ў рытміка-інтанацыйным малюнку. Звернемся да яго паэзіі. Асноўныя тэмы творчасці паэта: мастацтва; Радзіма; таленавітасць беларускага народа; філасофская лірыка; каханне.

Работа ў групах.

1-я група.

Тэме мастацтва прысвечаны верш “Песняру” Максіма Багдановіча. Вучням прапаноўваецца паразважаць на гэтую тэму, выказаць свае адносіны да мастацтва.

2-я група.

Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

О, як бы я хацеў спачатку

Дарогу жыцця па парадку

Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,

Сабраць з дарог каменні тыя,

Што губяць сілы маладыя, —

К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Настаўнік. Ці пагаджаецеся вы са словамі Якуба Коласа? Падмацуйце гэтыя радкі вершам “Мяжы” М.Багдановіча.

3-я група.

Сэнс чалавечага жыцця для Багдановіча — у высокай духоўнасці асобы, у развіцці яе творчых сіл, у авалодванні багаццямі чалавечай культуры. Як паэт-філосаф, гуманіст выступаў М.Багдановіч у вершы “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”. Вызначце тэму верша, галоўную думку. Ці актуальны верш сёння? Абгрунтуйце свае меркаванні.

Напрыканцы ўрока клас звяртаецца да праблемнага пытання: “Максім Багдановіч — гэта сапраўды “госць з высокага неба?”. Вершы напісаны сто гадоў назад. Жыццё беларусаў з таго часу значна змянілася. Ці актуальныя праблемы, узнятыя ў творах, сёння? Вучні прыводзяць прыклады.

У якасці дамашняга задання дзецям можна прапанаваць прачытаць вершы У.Ду­боўкі “О Беларусь, мая шыпшына”, “Залатая асенняя раніца”, “Родная мова, цудоўная мова!”.