Вучымся апрацоўваць тэкставыя дакументы

- 11:20Навіны рэгіёнаў

Вывучэнне інфарматыкі ў школе накіравана на практычную падрыхтоўку выпускнікоў да жыцця ў інфармацыйным грамадстве.

Тэкставыя інфармацыйныя тэхналогіі найбольш часта выкарыстоўваюцца на практыцы. Больш за палову часу работы за камп’ютарам людзі трацяць на работу з тэкстам. Таму вельмі важна ўмець правільна апрацоўваць тэкставую інфармацыю і максімальна прымяняць вялікія магчымасці тэкставага рэдактара MS WORD.

Навыкі ўвядзення і рэдагавання тэксту з’яўляюцца базавымі пры рабоце з любымі відамі праграмнага забеспячэння з інтэрактыўным рэжымам. Набіраць тэксты даводзіцца пры ўвядзенні каманд аперацыйнай сістэмы, адказах на запыты ў дыялогавых вокнах сістэмных і прыкладных праграм, увядзенні інфармацыі ў базы даных і электронныя табліцы. Навыкі апрацоўкі тэкставай інфармацыі адыгрываюць важную ролю не толькі для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці, паспяховай сацыялізацыі і прафесійнай дзейнасці, але і для лепшага засваення іншых вучэбных прадметаў. Таму дзеці павінны атрымаць доб­рую базавую падрыхтоўку ў школе, каб пазбегнуць цяжкасцей у будучыні.

Рэгулярнае выкарыстанне практычных работ на ўроках інфарматыкі павышае якасць уменняў і навыкаў вучняў. Гэтыя работы развіваюць самастойнасць, фарміруюць спецыяльныя веды і ўменні, даюць дакладныя ўяўленні пра тэхналогіі апрацоўкі інфармацыі. Практычныя заданні павінны адпавядаць вывучанаму тэарэтычнаму матэрыялу, быць максімальна набліжанымі да рэаль­насці. 

Сістэматычнае правядзенне практычных работ дапамагае вырашыць важныя дыдактычныя задачы з улікам узроставых асаблівасцей і здольнасцей вучняў: атрымаць новыя веды, выпраца­ваць практычныя ўменні, назапасіць вопыт вучэбнай дзейнасці, замацаваць вывучаны матэрыял, сфарміраваць алгарытмічнае мысленне і павысіць агульнаадукацыйную падрыхтоўку вучняў. Як правіла, практычныя работы выклікаюць у дзяцей вялікую цікавасць.  

Выкарыстоўваю франтальную, калектыўную і індывідуальную формы навучання. Прымяняю практычныя (практыкаванні, практычныя работы), наглядныя (дэманстрацыі, ілюстрацыі) і слоўныя (тлумачэнні, гутаркі) метады работы. Звяртаюся да рознаўзроўневых практычных работ рэпрадуктыўнага характару, дзе выкананне заданняў распісваецца па парадку, з іх паступовым ускладненнем. Не абыходжу ўвагай практычныя работы творчага і камбінаванага характару.

Арганізацыя і правядзенне практычных работ прадугледжваюць іх дыдактычную падтрымку і пэўны алгарытм. Дыдактычная падтрымка ўключае пакрокавыя інструкцыі, рознаўзроўневыя прак­тычныя работы, тэсты і выніковыя практычныя работы. Алгарытм выканання практычнай работы на ўроку вывучэння новага матэрыялу складаецца з дэманстрацыі гатовага ўзору, мультымедыйнай дэманстрацыі парадку выканання работы, выканання работы вучнямі, у тым ліку практыкаванняў з падручніка з унясеннем пэўных змен (колер, шрыфт, заліўка) і дадатковых заданняў, якія патрабуюць прымянення атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў у змененай ці новай сітуацыі, а таксама з кантролю і ацэньвання работы. Падчас выканання ўсіх заданняў вучні могуць звярнуцца па дапамогу да аднакласнікаў ці настаўніка.

Урок замацавання вывучанага матэрыялу складаецца з выканання рознаўзроўневых заданняў (па ўзоры, у змененай сітуацыі, творчага характару), агучвання крытэрыяў ацэньвання работы, яе кантролю і ацэньвання. Каб атрымаць максімальную адзнаку, дзеці павінны выканаць усе прапанаваныя заданні, у тым ліку дадатковыя.

Урок абагульнення і паўтарэння з выкарыстаннем практычных работ складаецца з двух заданняў на выбар. Пры выбары першага задання па маім матэрыяле вучні выконваюць яго па пунктах. Пры выбары другога (творчага) задання вучні самі загадзя падбіраюць матэрыял, з якім будуць праца­ваць, і вызначаюць, што ў ім выкарыстоўваць (малюнкі, мастацкі тэкст, табліцы), як фармаціра­ваць. Вынікі практычных работ можна прымяняць для афармлення класнага кутка і партфоліа, на ўроках па іншых прадметах.

Першае заданне можа быць такім: набраць прапанаваны тэкст; устанавіць палі, арыентацыю старонкі; загаловак выраўняць па цэнтры; устанавіць абзацныя водступы; уставіць карцінку; уставіць мастацкі тэкст; уставіць табліцу, увесці ў табліцу тэкст і г.д. Чым больш пунктаў выконваюць вучні, тым вышэй адзнака.

Высокаматываваныя дзеці падыходзяць да работы творча. Акрамя звычайнай устаўкі карцінкі, выкарыстоўваюць дадаткова стыль малюнка, устанаўліваюць абцяканне, падбіраюць аптымальны памер. Для мастацкага тэксту прымяняюць заліўку тэкстурай ці малюнкам, настройваюць цень, падсветку, адлюстраванне. Працуючы з табліцамі, мяняюць колер, таўшчыню і тып ліній, выкарыстоўваюць гатовыя стылі.

Дадатковыя веды, уменні і навыкі вучні атрымліваюць падчас выканання заданняў павышанай складанасці ці творчага харак­тару.

Пры рэгулярным выкарыстанні практычных работ школьнікі трывала засвойваюць веды, адпрацоўваюць уменні і навыкі работы з тэкстам, вучацца самастойнасці і пунктуальнасці. Дакладны парадак дзеянняў пры выкананні заданняў дапамагае ўсталя­ваць станоўчы эмацыянальны фон на ўроках.

Практычныя работы мэтазгодна праводзіць пры навучанні рабоце з электроннымі табліцамі, базамі даных і іншымі дадаткамі.

Ларыса ЛАЎРАНЮК,
настаўніца фізікі і інфарматыкі Крыўлянскай сярэдняй школы Жабінкаўскага раёна.