Вучымся ў тых, каго больш за ўсіх любім

- 12:06Спецыяльная адукацыя

Забеспячэнне цеснай узаемасувязі паміж бацькамі і настаўнікамі-дэфектолагамі — важны аспект у карэкцыйна-адукацыйнай дзейнасці дашкольнай установы. Бацькі нярэдка адхіляюцца ад работы з дзіцем па выпраўленні маўленчых дэфектаў, таму што не валодаюць неабходнымі ведамі і ўменнямі і дастатковай колькасцю вольнага часу для заняткаў дома. Адсюль узнікае неабходнасць даць бацькам пэўны ўзровень ведаў і ўменняў па пытаннях маўленчага развіцця дзяцей.

Узаемадзеянне настаўніка-дэфектолага з бацькамі дазваляе значна павысіць эфектыўнасць карэкцыйнай работы. Мы, настаўнікі-дэфектолагі, выкарыстоўваем у рабоце не толькі традыцыйныя, але і сучасныя формы з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сістэматычна наведваем бацькоўскія сходы ў групах, абнаўляем змест інфармацыйнай папкі “Парады настаўніка-дэфектолага” і стэнда “Для вас, бацькі”, прапануем індывідуальны матэрыял для замацавання атрыманых ведаў і аўтаматызацыі гукаў з дзіцем дома. Таксама на працягу навучальнага года праводзяцца індывідуальныя кансультацыі з бацькамі. Актыўна выкарыстоўваюцца рэсурсы інтэрнэт-сайта нашай дашкольнай установы, дзе размяшчаюцца матэрыялы кансультацый для бацькоў, фота- і відэаматэрыял.

Каб бацькі дапамагалі педагогу, іх трэба “ўпусціць” у дашкольную ўстанову. Кіруючыся прынцыпам і дэвізам “Бацькі — не госці ў дзіцячым садзе, а паўнапраўныя члены каманды”, мы наладжваем зносіны з імі. Адной з самых эфектыўных і пазнавальных, а таксама запатрабаванай формай узаемадзеяння з сям’ёй з’яўляецца семінар-практыкум. Такую выснову дазваляе зрабіць праведзенае намі анкетаванне, у якім прынялі ўд зел бацькі выхаванцаў, якія наведваюць ПКПД, і бацькі выхаванцаў, якія не наведваюць яго. Штогод мы з калегамі праводзім семінар-практыкум па тэме “Маўленчая гатоўнасць дзяцей да школы”. Мэта семінара — паказаць бацькам актуальнасць фарміравання ў дзяцей 5—6 гадоў маўленчай гатоўнасці да школы. Мы дзелімся з бацькамі аўдыя- і відэазапісамі з індывідуальных і падгрупавых заняткаў, прэзентацый. Гэта дапамагае высветліць хібы ў маўленні дзяцей, да якіх прывыклі бацькі, а таксама ўбачыць прагрэс у маўленні. Прапануем паглядзець, як іх малыя гавораць у побыце і як яны могуць сказаць па просьбе настаўніка-дэфектолага. Дзеянні дзяцей каменціруюцца. Мы вучым бацькоў гульнявым прыёмам, развіваем навыкі зносін з дзіцем і карэкцыі яго маўленчых парушэнняў.

Удзельнікі семінара знаёмяцца з паказчыкамі маўленчай гатоўнасці да школы, метадамі і прыёмамі прафілактыкі такіх маўленчых парушэнняў, як дысграфія і дыслексія. Бацькі самі выконваюць прапанаваныя намі практыкаванні і заданні, накіраваныя на фарміраванне складовай структуры слова, развіццё фанематычнага ўспрымання, фарміраванне лексіка-граматычных катэгорый маўлення, развіццё прасадычнага боку маўлення.

Гэтая форма работы спрыяе практычнаму ўключэнню бацькоў у карэкцыйна-педагагічны працэс, дае эфект “зваротнай сувязі” паміж настаўнікам-дэфектолагам і бацькамі, нацэльвае на далейшае супрацоўніцтва. Правядзенне семінара патрабуе ад нас стараннай і працяглай падрыхтоўкі, але і вынік адчувальны, таму працэнт наведвання бацькамі гэтага мерапрыемства даволі высокі.

Выкарыстанне разнастайных форм узаемадзеяння дало плён: бацькі з гледачоў і назіральнікаў сталі актыўнымі ўдзельнікамі сустрэч і памочнікамі настаўніка-дэфектолага.

Святлана БАБКО,
Аксана НІКАН,
настаўнікі-дэфектолагі ясляў-сада № 103 Гродна.