Вучыцца быць здаровым

- 11:56Сацыяльны ракурс

Чым раней чалавек пачне клапаціцца пра сваё здароўе, тым на большы тэрмін яго захавае. А значыць, даводзіць важнасць прафілактыкі трэба да дзяцей, якія потым стануць здаровымі дарослымі. Менавіта на гэты пастулат і абапіраліся студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, калі крыху больш за 2 гады назад пачалі інфармацыйна-прафілактычны праект “На шляху да моцнага здароўя”.

Завадатарамі і каардынатарамі валанцёрскага праекта, накіраванага на ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу (навучэнцаў, бацькоў, педагогаў), сталі студэнты і супрацоўнікі медыка-прафілактычнага факультэта — толькі на гэтым факультэце зараз дзейнічаюць 10 атрадаў, якія ажыццяўляюць праект (прыкладна 130 чалавек). Да іх далучаюцца і валанцёры з іншых факультэтаў БДМУ, а таксама члены БРСМ, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, педагогі і навучэнцы Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, удзельнікі дабрачыннага аб’яднання “Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства”, іншыя добраахвотнікі. Кірункі іх асветніцкай работы — прафілактыка інфекцыйных хвароб, хвароб органаў дыхання, наркаўжывання, алкагалізму, фарміраванне культуры здаровага харчавання і г.д.

Сёлета праект “На шляху да моцнага здароўя” стаў адным з лаўрэатаў прэміі “Дзякуй” Біржы сацыяльных праектаў — крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Валанцёры таксама маюць падзякі і граматы Міністэрства аховы здароўя, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўлення па наркакантролі і гандлі людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама.

Што ж, работа ацэнена, але валанцёры збіраюцца даць ёй і сваю ацэнку. Студэнты на працягу ўсяго часу сваёй дабрачыннай дзейнасці праводзяць анкетаванне школьнікаў да пачатку работы з імі і пасля яе, высвятляюць, наколькі дзеці і падлеткі павысілі ўзровень сваіх ведаў. А ў наступным годзе плануюць аб’яднаць і прааналізаваць вынікі гэтага анкетавання, каб дакладна высветліць рэальную эфектыўнасць сваёй работы.

— У 2016 годзе мы запусцілі праект на базе сярэдняй сталічнай школы № 26, якая знаходзіцца ў нашым раёне, недалёка ад універсітэта, — расказвае намеснік дэкана медыка-прафілактычнага факультэта аўтар праекта Вольга Уладзіміраўна Рымік. — Мэтай, канечне, ставілі і ставім выхаванне актыўнай жыццёвай пазіцыі ў дзяцей і дарослых, адказных адносін да свайго здароўя. Але яшчэ адна важная задача — развіццё прафесійных якасцей будучых медыцынскіх спецыялістаў, фарміраванне і развіццё сацыяльна-камунікатыўных, творчых і арганізатарскіх навыкаў студэнтаў. Будучым медыкам, асабліва студэнтам нашага факультэта, многія з якіх у далейшым будуць займацца менавіта прафілактыкай, гэта надзвычай важна.

Дэкан медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ Андрэй Уладзіміравіч Гіндзюк дадае, што факультэт імкнецца задзейнічаць у валанцёрскім руху як мага больш студэнтаў, якія, перш чым пачаць работу са школьнікамі, бацькамі і педагогамі, праходзяць падрыхтоўку на кафедрах. Канечне, паспяховай рабоце з навучэнцамі спрыяе і задзейнічанне прынцыпу “роўны вучыць роўнага” — маладыя людзі хутчэй знаходзяць агульную мову з дзецьмі і падлеткамі.

— Лічу, што мы толькі ў пачатку такой работы, — заўважае Андрэй Уладзіміравіч. — Рух будзем пашыраць, бо нашы студэнты яшчэ толькі вучацца, але ўжо могуць данесці і даносяць свае веды да школьнікаў і іншых людзей. Калі гэта ўдаецца, то чалавек атрымлівае правільны зарад назаўсёды, прытрымліваецца прынцыпаў здаровага ладу жыцця.

Цяпер у праекце задзейнічаны, акрамя 26-й школы, сярэднія школы №№ 10 і 143, гімназія № 12, ліцэй № 1, SOS-дзіцячая вёска Бараўляны. Гэта пастаянныя партнёры праекта, а ёсць яшчэ і такія ўстановы адукацыі, якія запрашаюць валанцёраў для правядзення заняткаў на канкрэтныя актуальныя тэмы. Так, былі запыты на правядзенне заняткаў з педагогамі на тэму прафілактыкі туберкулёзу, таксама студэнты, а калі-нікалі і выкладчыкі медуніверсітэта выступаюць на бацькоўскіх сходах. Тэмы бываюць розныя, скажам, “Роля сацыяльных уплываў на фарміраванне сямейных і рэпрадукцыйных установак” або “Хачу ведаць аб прышчэпках”. Прычым запрашэнні паступаюць не толькі са школ, але і з прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў, цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, бібліятэк, устаноў дадатковай адукацыі.

Апошнім часам асабліва папулярнай стала тэма здаровага харчавання, з ёй студэнты выступаюць асабліва часта, што называецца па запытах насельніцтва. Яны расказваюць слухачам, што, згодна з даследаваннямі сучасных спецыялістаў, здароўе чалавека больш чым напалову залежыць ад яго ладу жыцця. Ні спадчыннасць, ні стан навакольнага асяроддзя, ні даступнасць і якасць медыцынскіх паслуг не пераважваюць, нават у сукупнасці, гэты фактар. Дарэчы, у наступным навучальным годзе валанцёры гатовы пашырыць поле сваёй дзейнасці, так што заўсёды можна запрасіць іх у сваю школу ці іншую ўстанову адукацыі.

Заняткі, асабліва для дзяцей, не праводзяцца ў выглядзе лекцый. Канечне, валанцёры ўлічваюць узрост сваіх слухачоў і падбіраюць для іх наглядны матэрыял, у тым ліку інтэрактыўны, мультфільмы, арганізоўваюць трэнінгі, маштабныя акцыі, адна з якіх — узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшы малюнак-лістоўку супраць курэння — нядаўна прайшла ў сярэдняй школе № 111. Дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця нават арганізавалі спаборніцтвы сярод каманд вучылішча алімпійскага рэзерву, медуніверсітэта і школьнікаў. Перамагло, як вы разумееце, здароўе, а значыць, мэта турніру дасягнута.

Сярод самых актыўных валанцёраў — студэнты Вікторыя Занкевіч, Паліна Рыбакова, Арсеній Халілаў, Ганна Гапаненка, Ганна Чычко і многія іншыя. Адзін з іх — чацвёртакурснік Мікіта Каваленка, камандзір атрада “Веды — гэта сіла” кафедры эпідэміялогіі. Атрад працуе на папярэджанне вакцынакіруемых інфекцый і паразітарных захворванняў. З апошніх тэм, якія валанцёры гэтага атрада разглядалі, было шаленства.

— Надышло лета, дзеці едуць за горад, а там небяспека павышаецца, — тлумачыць Мікіта выбар тэмы выступлення перад дзесяцікласнікамі. — Мы растлумачылі, канечне, што пры ўкусах жывёл абавязкова трэба звярнуцца да медыкаў, каб правесці прафілактыку захворвання. А раней мы расказвалі старшакласнікам аб прафілактыцы захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам. Тэматыку прапаноўваем і самі, і ўлічваем пажаданні навучальных устаноў, з якімі працуем.

А для сябе, як кажа хлопец, ён набывае добрую практыку зносін з аўдыторыяй і новыя веды пры падрыхтоўцы да заняткаў. Галоўнае — дапамагчы фарміраванню ў непаўналетніх і дарослых беражлівага стаўлення да здароўя, устойлівай патрэбнасці ў яго ўмацаванні, павысіць узровень кампетэнтнасці слухачоў у гэтых пытаннях.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва медыка-прафілактычнага факультэта БДМУ.