Вялікабрытанія: студэнты праверылі зрок Вока Саўрона

- 12:18Паралелі

Студэнты Універсітэта Лестэра ў Вялікабрытаніі вылічылі мінімальны памер зрэнкі ў Вока Саўрона з сагі “Уладар Пярсцёнкаў”, паведамляюць заходнія СМІ.

Аўтары даследавання звярнулі ўвагу на эпізод апошняй часткі трылогіі. Хобіты Фрода і Сэм дабіраюцца да вулкана Арадруіна, у жарале якога трэба знішчыць Пярсцёнак Усеўладдзя, але там іх заўважае Усёвідушчае Вока. Пры гэтым Вока знаходзіцца на адлегласці ў некалькі кіламетраў ад вулкана.

Зрэнка Вока мае выцягнутую форму, і таму студэнты разглядалі з’яву дыфракцыі на адзіночнай шчыліне. Яны вызначылі мінімальны вугал, пры якім адрозныя дзве дыфракцыйныя карціны, зыходзячы з росту Фрода (1,07 м), вышыні размяшчэння Вока (1500 м) і адлегласці паміж імі (48 280 м). Таксама студэнты вылічылі даўжыню успрымальнай Вокам хвалі — 555 нанаметраў.

Даследаванні паказалі, што мінімальная шырыня зрэнкі Вока Саўрона складае 3,08 см (у 26 разоў больш за зрэнку кошкі).

Раней паведамлялася, што жыхары Нарвегіі наважыліся назваць новы раён краіны Мордарам. Мясцовая газета праводзіла апытанне і ўключыла гэты варыянт у якасці жарту, але менавіта ён набраў максімальную колькасць галасоў — 65%. Пра гэта паведамляе МІР-24.