Вялікія поспехі пры маленькіх дамашніх заданнях

- 9:56Адукацыйная прастора

Ірына Віктараўна Ефрамкова дваццаць гадоў выкладае гісторыю і грамадазнаўства ў Кадзінскай сярэдняй школе, што на Магілёўшчыне. За апошнія шэсць гадоў яе вучні заваявалі больш за 10 дыпломаў абласнога і 5 — заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Яе выпускнікі зараз вучацца ў БДУ на факультэтах міжнароджных адносін і філасофіі і ў іншых ВНУ, выбраўшы шлях гісторыкаў, юрыстаў, спецыялістаў па сацыяльных камунікацыях. Настаўніца па выніках 2018/2019 года была ўзнагароджана прэміяй за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў і студэнтаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Усё жыццё Ірыны Віктараўны непарыўна звязана з Кадзінскай сярэдняй школай. Тут яна вучылася, тут, на малой радзіме, знайшла адзінае на доўгія гады месца працы. Называе сябе стапрацэнтным сельскім настаўнікам. Пераканана, што геаграфічнае становішча ўстановы адукацыі не ўплывае на якасць ведаў і паспяховасць вучняў.

Лепшая матывацыя — уласныя поспехі

— Асаблівага сакрэту паспяховага выступлення вучняў на алімпіядах у мяне няма. Алімпіяда — вялікі стрэс і выпрабаванне і для вучня, і для настаўніка. Каб паспяхова з гэтым справіцца, неабходна, каб навучэнец сам зрабіў самастойны і асэнсаваны выбар на карысць пэўнага вучэбнага прадмета і быў гатовы працаваць. Таму ў мяне такое правіла: не я выбіраю вучняў — яны выбіраюць мае прадметы. У нашым тандэме я хутчэй займаю месца цьютара, які су­праваджае распрацоўку і рэалізацыю індывідуальных адукацыйных праграм.

У чым жа асаблівасці падрыхтоўкі да алімпіяд? Я хутчэй адношуся да кансерватараў, але ні ў якім выпадку не да рэтраградаў. У педагагічнай дзейнасці раблю ўпор на фарміраванне і развіццё паняційнага апарату і паняційнага мыслення вучняў. Яшчэ Рэнэ Дэкарт казаў: “Вызначыўшы дакладнае значэнне слоў, вы пазбавіце свет ад паловы памылак”. У мяне дастаткова рацыяналістычны падыход да пазнання на ўроках, бо адчуванні і ўспрыманні суб’ектыўныя. Эмпірычны, практыка-арыентаваны падыход мае плюсы, але на першым месцы — падыход ра­цыянальны.

Нічога не можа так матываваць чалавека на працяг якой-небудзь дзейнасці, як яго ўласная паспяховасць. Як правіла, устойлівую цікавасць у нас выклікае тое, што атрымліваецца. Таму важна ўцягваць вучняў у працэс навучання, выкарыстоўваючы дыферэнцыраваныя, пасільныя заданні, пабудаваныя па прынцыпе ад простага да складанага, і не забываць заахвочваць за поспехі.

Тут важна “не гнаць коней”, правільна падыходзіць не толькі да адукацыйных патрэб вучняў, але і да іх магчымасцей у канкрэтны перыяд часу. Уцягненню ў адукацыйны працэс і стварэнню сітуацыі поспеху добра дапамагаюць гульнявыя, част­кова пошукавыя, інтэрактыўныя метады навучання, арганізацыя работы ў групах і камандах, разнастайнасць і змена відаў дзейнасці. Усё гэта адпавядае прынцыпам асобасна арыентаванага падыходу да навучання. Калі вучні адчуваюць у настаўніку апору, падтрымку, бачаць шчырае жаданне ім дапамагчы, радасць і суперажыванне іх поспехам, яны ідуць насустрач, яны гатовы прыкладаць намаганні і браць на сябе адказнасць за канчатковы вынік.

Дэмакратычнасць урока і прынцып ненасілля

— Раблю стаўку на дэмакратычнасць урока, адыход ад пасіўнага суб’ектна-аб’ектнага навучання. Вучні не баяцца выказваць свае пункты гледжання, ведаюць, што крытыч­насць, крэатыўнасць і творчы падыход на ўроках і пры выкананні дамашніх заданняў заўсёды заахвочваюцца.

Пастаянна паўтараю дзецям: спецыфіка гісторыі і грамадазнаўства ў тым, што не можа быць аднаго абсалютна правільнага пункту гледжання на з’явы і падзеі. Кожны мае права на свае вывады і меркаванні, але пры адной абавязковай умове — аргументацыі. Запомніўся выпадак яшчэ з маіх школьных гадоў. Я выдатна паспявала па гуманітарных дысцыплінах, але аднойчы не вывучыла верш Уладзіміра Маякоў­скага “Праз чатыры гады тут будзе горад-сад”, бо ён мне не спадабаўся. Настаўніца не паставіла мне двойку, а пацікавілася прычынамі неўласцівых мне паводзін, а затым дазволіла вывучыць любы іншы верш любога аўтара і ўзяла з мяне абяцанне праз некаторы час яшчэ раз пазнаёміцца з творчасцю У.Маякоўскага. Апошняе я зрабіла праз дзесяць гадоў і адкрыла для сябе гэтага паэта, і верш пра горад-сад прыйшоўся мне па душы.

Прынцып ненасілля ў педагагічнай дзейнасці я зрабіла сваім. Не навязваю дзецям свайго светапогляду, а вучу іх мець уласны, перажыты, заснаваны на зыходных аб’ектыўных даных. І, безумоўна, важна ўмець адстаяць свой пункт гледжання, пры гэтым не забываючыся, што трэба чуць і прымаць іншых. Усё гэта неабходна для таго, каб у будучыні стаць самадастатковай асобай.

Максімум зрабіць на ўроку, мінімум — дома

— На дом задаю вучням толькі аднавіць інфармацыю па падручніку, успомніць. На мой погляд, у звычайнай школе мала­эфектыўна аддаваць на водкуп дзецям самастойнае здабыванне ведаў. Такі падыход добра працуе толькі пры рабоце з высокаматываванымі, інтэлектуальна адоранымі вучнямі. Безумоўна, няправільна ператвараць урок у тэатр аднаго акцёра, але аўтарытарны дырыжор усё ж заўсёды павінен быць.

Бяру львіную долю работы на ўроку на сябе. Рыхтую апорныя канспекты для дзяцей, каб не губляць час на падрабязнае запісванне, прадумваю, як данесці вучэбны матэрыял максімальна проста і цікава, бо канчатковая мэта — гэта разуменне зместу новага матэрыялу.

Тэхналогію сторытэлінгу пачала выкарыстоўваць задоўга да таго, як пазнаёмілася з самім тэрмінам. Вучні ў класах заўсёды розныя, але абсалютна ўсе зацікаўлены матэрыялам, які падаецца максімальна проста, зразумела, сюжэтна і сваімі словамі. Менавіта такі стыль тлумачэння дапамагае мне ўтрымліваць увагу ўсіх дзяцей, аказваючы ўздзеянне на іх думкі і пачуцці. А я як настаўнік па ходзе ўрока правільна расстаўляю акцэнты, прыцягваю ўвагу да важных дэталей (даты, тэрміны і г.д.) і прычынна-выніковых сувязей. Мая задача — каб дзеці ўбачылі і зразумелі логіку гістарычнага, грамадскага працэсу, падзеі ці з’явы. Калі відаць, што вынікі адной падзеі ці з’явы становяцца прычынамі наступнай — матэрыял запамінаецца лёгка, трывала і застаецца ў памяці на доўгі час. Лічу, мне як настаўніку гісторыі і грамадазнаўства пашчасціла: выкладаю вусныя прадметы з вялікай прасторай для інтэрактыўнай дзейнасці ў працэсе ўрока. Таксама вельмі выручаюць вялікія магчымасці міждысцыплінарнай інтэграцыі маіх прадметаў і зварот да аналогій і асацыяцый.

Усяму пачатак — разуменне паняцця

— Гісторыя і грамадазнаўства абапіраюцца на абстрактна-лагічнае мысленне і адрозніваюцца вялікай колькасцю тэрмінаў, паняццяў, разнастайных эканамічных, палітычных, сацыялагічных тэорый, філасофскіх сістэм. Многія з іх засвойваюцца няпроста. Таму сваёй задачай стаўлю планамернае фарміраванне базы паняційнага апарату і паступовае, паэтапнае развіццё паняційнага мыслення. Для таго каб свабодна аперыраваць паняццямі, вучні павінны іх правільна разумець. Інакш яны не змогуць прымяняць свае веды на практыцы, будуць адсутнічаць навыкі работы з інфармацыяй.

Толькі спачатку можа падацца, што гэта нейкая звышзадача. Калі займацца развіццём паняційнага мыслення паступова, ад простага да складанага, то хутка высвятляецца: у гэтым няма нічога немагчымага, і ўсім дзецям у той ці іншай меры яно даступна. Мой падыход да фарміравання паняційнага мыслення заснаваны на работах расійскіх вучоных В.А.Далінгера, А.В.Усавай, Г.І.Жалязоўскай. Ён дастаткова ўніверсальны і дапамагае развіваць міжпрадметныя кампетэнцыі ў вучняў шляхам паэтапнага фарміравання паняційнага мыслення.

Пры арганізацыі працэсу навучання раблю стаўку на дзейнасць вучняў, каб пера­даць ім не проста веды, а менавіта дзейнасныя спосабы работы з ведамі. У такім выпадку і само паняцце становіцца ўжо дзейнаснай адзінкай зместу. Дарэчы, апошнія этапы развіцця паняційнага мыслення звязаны менавіта з міждысцыплінарнай інтэграцыяй. Толькі міждысцыплінарная інтэграцыя прыводзіць да з’яўлення міжпрадметных і метапрадметных кампетэнцый, а значыць, закладае аснову функцыянальнай пісьменнасці. Гэта з’явы ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя.

Міждысцыплінарная інтэграцыя вельмі захапляльная і дазваляе вучням адтачыць свае паняційныя і тэарэтычныя веды. Функцыя інтэграцыі якраз і заключаецца ў фарміраванні ў вучняў сістэмнасці ведаў, сістэмнага мыслення, развіцця здольнасцей да пераносу і прымянення ведаў і спосабаў дзейнасці. Такі падыход раскрывае патэнцыял вучняў, пабуджае да актыўнага пазнання наваколля, да асэнсавання і знаходжання прычынна-выніковых сувязей.

У нас у школе з 2018 года рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”. Спачатку настаўнікам-наватарам было складана знаходзіць і ўзгадняць міжпрадметныя сувязі, а зараз пачалі бачыць іх усюды. У нашых размовах цяпер часта гучыць фраза: “Вось жа табе і міждысцыплінарная інтэграцыя…”.

На сваіх уроках у першую чаргу право­джу міждысцыплінарныя сувязі з сацыяльна-гуманітарнымі прадметамі. Гэта вельмі проста. Напрыклад, настаўнік літаратуры можа на сваіх уроках звярнуцца да гісторыі. Паўтарыць гістарычныя паняцці, храналогію, характарыстыку гістарычнага перыяду з мэтай больш поўнага раскрыцця і разумення вучнямі літаратурнага твора. Погляд на твор праз прызму гісторыі дапамагае ўжыцца ў вобразы літаратурных герояў, зразумець іх думкі і матывы дзеянняў у кантэксце гістарычнага перыяду. Сухая гісторыя, наадварот, напаўняецца “фруктовым сокам” мастацкіх вобразаў герояў літаратурных твораў. Напрыклад, ёсць тэма на ўроку па гісторыі Беларусі ў 9 класе “Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў БССР”. На ўроку беларускай літаратуры ў 10 класе вучні праходзяць літаратурны твор І.Мележа “Людзі на балоце”, які таксама раскрывае гэтую тэму. А на ўроках грамадазнаўства ёсць тэма “Роля эканомікі ў жыцці чалавека і грамадства” і падобныя, дзе таксама закранаюцца некаторыя аспекты гэтай тэмы. Усё гэта варта спалу­чаць на ўроках, каб у вучняў склалася адзіная паўнавартасная карціна.

Дасканаласці няма меж. Практычна ўсе вучэбныя дысцыпліны валодаюць свое­асаблівым інтэграцыйным патэнцыялам. Так, на працоўным навучанні можна зрабіць рэканструкцыю даўнейшай рэчы, выраб па нейкай падзеі, лэпбук па любімым прадмеце, на інфарматыцы — прэзентацыю ці вэб-квест, а на матэматыцы — разлічыць рэальныя гістарычныя даныя, адсачыць дынаміку ў лічбах ці працэнтах…

Здольнасць вучэбных прадметаў спалучацца і эфектыўнасць інтэграцыі залежаць ад многіх умоў. Перш за ўсё вялікую ролю адыгрывае ўзровень падрыхтаванасці вучняў пэўнага класа. Безумоўна, урок трэба будаваць з улікам спецыфікі класа. Часта паспяховае вывучэнне аднаго прадмета залежыць ад наяўнасці ў вучняў пэўных ведаў і ўменняў па другім прадмеце, таму важна дакладна ведаць, ці ёсць такая база. Міждысцыплінарнасць патрабуе каардынацыі, узаемадзеяння педагогаў, і такая работа бачыцца мне каманднай.

Бегчы з усіх ног, каб не стаяць на месцы

— У апошні час у Беларусі пры ацэнцы якасці адукацыйнага працэсу прасочваецца арыентацыя на міжнародныя праграмы (PISA, PIRLS, TIMSS і інш.), у якіх за аснову прымаецца такі вынік адукацыі, як інтэграваныя якасці і жыццёва важныя кампетэнцыі асобы. Сучасная адукацыя нацэлена на фарміраванне кампетэнтнасцей, інфармацыйнай і функцыянальнай пісьменнасці вучняў.

Вучыць функцыянальнай пісьменнасці важна, бо гэта здольнасць асобы выкарыстоўваць усе набытыя ў жыцці веды, уменні і навыкі для вырашэння жыццёвых задач у розных сферах дзейнасці. Пры такім падыходзе веды з’яўляюцца базай для фарміравання кампетэнтнаснай і функцыянальнай пісьменнасці.

Зараз усё часцей гавораць аб тым, што ў найбліжэйшай будучыні функцыянальная пісьменнасць стане індыкатарам грамад­скага дабрабыту і паказчыкам развітасці асобы, нацыі, дзяржавы і цывілізацыі. Значыць, без функцыянальнай пісьменнасці выпускнікам школ бу­дзе складана самарэалізавацца. Для мяне функцыянальная пісьменнасць і самарэалізацыя ўзаемазвязаны як прычына і вынік. Самымі запатрабаванымі становяцца спецыялісты з міждысцыплінарнымі кампетэнцыямі. Таму ўзнікае неабход­насць фарміравання ў сучасных выпускнікоў функцыянальнай пісьменнасці падчас вучэбнага працэсу.

Вучні вельмі тонка адчуваюць няпраўду. Таму нашы словы не павінны разыходзіцца са справамі, як я люблю казаць: у добрае не трэба верыць, добрае трэба рабіць. Маё педагагічнае крэда: “Ува­сабляць тое, чаму вучыш, таму што дзеці вучацца таму, што ты робіш, а не таму, што ты гаворыш”. Мы можам перадаць іншым толькі тое, што ўмеем самі і чым валодаем. Дзяцей часам параўноўваюць з сасудам, які трэба напоўніць. Аднак настаўнік таксама сасуд, прычым звязаны з вучнем. І ён можа напоўніць іншы сасуд толькі тым, чым напоўнены сам. Калі педагог не валодае soft skills (4К-кампетэнцыямі), як ён можа прывіць іх іншым?

Яшчэ К.Д.Ушынскі гаварыў аб тым, што настаўнік, які перастае працаваць над сабой, губляе права на званне настаўніка. Гэтая цытата не згубіла сваёй актуальнасці і сёння. Педагогу, як у казцы Л.Кэрала, “трэба бегчы з усіх ног, каб толькі застацца на месцы; а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум у два разы хутчэй”. Выклік нашага часу — пастаяннае і бесперапыннае павышэнне ўзроўню сваёй прафесійнай кампетэнцыі. На мой погляд, не толькі ў вучняў, але і ў кожнага настаўніка павінен быць праект уласнага адукацыйнага маршруту. Без умення рэфлекса­ваць, жадання і гатоўнасці пастаянна мяняцца немагчыма паспяхова праца­ваць. А сілы на ўсё гэта можна знасці толькі ў любові — да таго, што робіш, і да тых, для каго робіш.

Гутарыла Таццяна ШЫМКО.