Вярнуць адносіны на ўстойлівую траекторыю развіцця

- 10:09Інфармацыйная гадзіна

Расія чула заявы Трампа аб намеры аднаўляць адносіны ЗША — РФ і разумее, што гэта будзе складана, але гатова да гэтага. Аб гэтым заявіў Уладзімір Пуцін, выступаючы на цырымоніі ўручэння даверчых грамат паслоў.

“Мы чулі перадвыбарныя заявы яшчэ кандыдата ў Прэзідэнты ЗША, якія былі накіраваны на аднаўленне адносін паміж Расіяй і ЗША. Мы разумеем, што гэта будзе няпросты шлях з улікам той дэградацыі, у якой, на жаль, знаходзяцца адносіны ЗША і Расіі”, — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі падкрэсліў, што ў Расіі за ходам прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША сачылі ўважліва. “Хачу павіншаваць амерыканскі народ з завяршэннем выбарчага цыкла, а спадара Дональда Трампа — з перамогай на гэтых выбарах”, — сказаў расійскі лідар.

Гаворачы пра дэградацыю двухбаковых адносін з ЗША, Прэзідэнт Расіі чарговы раз падкрэсліў, што “гэта не наша віна, што расійска-амерыканскія адносіны знаходзяцца менавіта ў такім стане”.

“Расія гатова і хоча аднаўлення поўнафарматных адносін з ЗША, — дадаў расійскі лідар. — Паўтараю: зыходзім з таго, што гэта будзе няпросты шлях, але мы гатовы прайсці і сваю частку і зрабіць усё, каб вярнуць расійска-амерыканскія адносіны на ўстойлівую траекторыю развіцця”.

Уладзімір Пуцін лічыць, што гэта пойдзе на карысць як расійскаму, так і амерыканскаму народу, пазітыўна паўплывае на агульны клімат у сусветных справах, улічваючы асаблівую адказнасць Расіі і ЗША за падтрыманне глабальнай стабільнасці і бяспекі.