Вяртанне да сям’і,

- 11:43Сацыяльны ракурс

або Шанс для нядбайных бацькоў

Практыка часовага адабрання дзяцей у нядбайных бацькоў і змяшчэнне іх у сацыяльны прытулак, дом дзіцяці, дзіцячы дом або дзяжурны дом дзіцячага тыпу (а ў краіне ёсць і такія) склалася даўно. Тое, куды трапіць дзіця, залежыць ад яго ўзросту і магчымасцей мясцовых улад, сістэмы ўстаноў па ахове дзяцінства, якая існуе ў тым або іншым рэгіёне. Галоўнае, на што спецыялісты гэтай сістэмы накіроўваюць свае намаганні, — дапамога дзіцяці і работа з біялагічнай сям’ёй дзеля таго, каб хлопчыкаў і дзяўчынак можна было вярнуць бацькам. Атрымліваецца, канечне, не заўсёды, але любы поспех у гэтым кірунку — вялікая перамога.

Аб рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі мы пагутарылі з намеснікам дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Заводскага раёна Мінска Таццянай Яўгеньеўнай Лукомскай, якая нядаўна атрымала Ганаровую грамату камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за сумленную працу.

— У СПЦ дзейнічае некалькі праграм па рэабілітацыі сем’яў і дапамозе дзецям, падлеткам. Адна з іх тычыцца сем’яў з зусім маленькімі дзецьмі — ад нуля да трох гадоў, — расказвае спецыяліст, якая працуе ў цэнтры ўжо дзесяць гадоў. — У прытулак змяшчаюць непаўналетніх ад трох да васямнаццаці гадоў, але, на жаль, ёсць і зусім маленькія, якіх накіроўваюць у дзіцячы дом № 3, калі дзіцяці ўжо споўніўся год, а калі гэта немаўля, то яго накіроўваюць на абследаванне ў інфекцыйную бальніцу, а затым — у гарадскія дамы дзіцяці № 1 або № 2.

Менавіта для маці і татаў хлопчыкаў і дзяўчынак да трох гадоў, якія стаяць на ўліку ў СПЦ, бо знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або адабраны ў бацькоў, і прызначана праграма цэнтра “Гармонія ў сям’і”. Яна рэалізоўваецца ўжо некалькі гадоў і заклікана дапамагчы нядбайным бацькам самых маленькіх дзяцей вярнуць іх, наладзіць нармальнае жыццё ў сям’і. Пачатковы курс заняткаў разлічаны на паўгода, і праводзяцца яны два разы ў тыдзень па чатырох тэмах: “Роля сям’і ў развіцці асобы дзіцяці”, “Памятка для бацькоў: што павінен ведаць кожны”, “Галоўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці ад нуля да трох гадоў”, “Стылі сямейнага выхавання”. Займаецца з бацькамі педагог-псіхолаг СПЦ.

Катэгорыя бацькоў, з якімі даводзіцца працаваць па гэтай праграме, — алкаголе- і нарказалежныя — вельмі спецыфічная, таму першыя заняткі для іх праводзяцца па тэме “Уплыў ладу жыцця бацькоў на фарміраванне паводзінскіх і характаралагічных асаблівасцей дзяцей”. І, канечне, не даводзіцца здзіўляцца, што не ўсе яны даходзяць да СПЦ на заняткі. Бывае і так, што асабістая справа дзіцяці, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з СПЦ перадаецца ў дзіцячы сад, потым у школу. У выніку дзіця трапляе ў прытулак.

Пачынаецца ўсё з таго, што, калі нараджае нядобранадзейная маці, якая раней была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, медыцынскія работнікі паведамляюць пра гэта ў СПЦ. Спецыялісты цэнтра ідуць да жанчыны дадому, каб высветліць, якія там умовы на бягучы момант: магчыма, дзіця наогул нельга прывозіць у такое жыллё. Таксама супрацоўнікі цэнтра праводзяць сацыяльнае міні-расследаванне: робяць запыт у міліцыю аб тым, ці не прыцягвалася маці да адказнасці за якія-небудзь парушэнні, даведваюцца ў паліклініцы і раддоме, ці выконвала жанчына неабходныя прадпісанні, калі назіралася па цяжарнасці, ці ўжывала наркотыкі або алкаголь у гэты час.

Расследаванне спецыялісты імкнуцца правесці як мага хутчэй. Праўда, бываюць такія абавязаныя асобы, якіх толькі-толькі пазбавілі бацькоўскіх правоў на іншых дзяцей. Ну, а потым, зыходзячы з усіх сабраных даных, спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра вырашаюць, ці можна даверыць немаўля такой маці або лепш пачакаць і ўзяць яго пад апеку дзяржавы на шэсць вызначаных законам месяцаў. А тэрмін гэты — не што іншае, як шанс для маці і бацькі, калі ён ёсць, выправіцца і вярнуць малыша. Бывае, што жанчыны знаходзяцца ў працэсе пазбаўлення бацькоўскіх правоў, тады і ў расследаванні няма патрэбы — усё і так вядома.

Здараюцца таксама нечаканасці, накшталт такой, якая адбылася нядаўна: у СПЦ паведамілі пра маладую маці, у крыві якой на момант выкліку міліцыі знаходзілася 4 праміле алкаголю (пры гэтым 2 праміле сведчаць пра тое, што чалавек выпіў прыкладна бутэльку гарэлкі). Раней сям’я не стаяла на ўліку СНС, таму спецыялісты цэнтра зараз праводзяць сацыяльнае расследаванне, і, шчыра кажучы, шансаў на тое, што дзіця пакінуць маці, практычна няма, бо, акрамя ўсяго іншага, жанчына нават не патэлефанавала, каб даведацца, дзе яе дзіця.

Міліцыю, дарэчы, выклікалі суседзі, як гэта нярэдка бывае. Або гэта робяць блізкія нядобранадзейных бацькоў. І калі ёсць побач нераўнадушныя людзі, якія паведамляюць пра тое, што дзеці знаходзяцца ў небяспецы, іх удаецца выратаваць не толькі ад голаду, безнагляднасці, але, магчыма, і ад смерці. Трэба разумець, што не пра ўсіх наркаманаў, алкаголікаў ведаюць урачы, міліцыя, педагогі: калі чалавек не стаіць на наркалагічным уліку, не здзяйсняў правапарушэнняў, яго няпроста “вылічыць”. Дапамога грамадскасці тут мае першараднае значэнне.

Псіхолагі і сацыяльныя педагогі цэнтра працуюць і з сем’ямі, якія знаходзяцца ў пагранічным стане, напрыклад, з такімі, дзе маці некалькі гадоў назад была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а цяпер вырашыла яшчэ нарадзіць дзіця. Спецыялісты СПЦ таксама праводзяць расследаванне. Калі жанчына падрыхтавалася да з’яўлення немаўляці (у кватэры чыста, усе неабходныя рэчы набыты, урачы ў паліклініцы рэгулярна бачылі маці на прыёмах, пад увагу міліцыі яна не трапляла), то чаму б не даць ёй шанс? У такім выпадку цэнтр робіць станоўчае заключэнне для ўпраўлення адукацыі. Але адказнасці за лёс дзіцяці педагогі з сябе не знімаюць, бо аўтаматычна дзіця такой маці ставяць на ўлік тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Акрамя таго, педагогі складаюць індывідуальныя планы па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія пастаўлены на ўлік СНС, накіраваныя на вырашэнне канкрэтных праблем канкрэтнай сям’і. Так, маці з акагольнай залежнасцю прапануюць наведваць групы самадапамогі. Раней такія групы працавалі непасрэдна ў цэнтры, цяпер жа людзей накіроўваюць у іншыя ўстановы Мінска.

— Шчыра скажу, што пры ўсіх нашых намаганнях і ўсім нашым жаданні такая дапамога ідзе на карысць толькі тым людзям, якія разумеюць, што ім гэта неабходна, — заўважае Т.Я.Лукомская. — Многія ж упэўнены, што ім нічыя дапамога не патрэбна што і яны могуць кінуць піць у любы момант. Проста пакуль не хочуць. А мы імкнёмся праз нашу праграму высветліць прычыны алкагалізму, якія часта ідуць яшчэ з дзяцінства, асноўваюцца на канфліктах бацькоў, а ў дарослым жыцці трансфармуюцца ў пастаянныя канфлікты паміж жанчынай і яе мужам або сужыцелем. Часта сужыцелі не працуюць, і ўся сям’я жыве на дзяржаўную дапамогу дзіцяці.

Такім чынам, дакапаўшыся да прычын п’янства маці, сацыяльныя работнікі могуць паўплываць на яе рашэнне пазбавіцца гэтай праблемы, а значыць, і звярнуцца па дапамогу псіхолага, прыходзіць на заняткі ў СПЦ. Працуюць тут, безумоўна, і з татамі. Але многія з іх папросту не жывуць у сем’ях, а яшчэ яны цяжка ідуць на кантакт.

— Апошнім часам сярод бацькоў, якія трапляюць у поле нашага зроку, вырасла колькасць наркаманаў, у тым ліку такіх, у каго нараджаецца ўжо другое дзіця, — са шкадаваннем кажа мая суразмоўніца. — І вось нядаўна адбыўся трагічны выпадак: мы пазбаўлялі маці-наркаманку, хворую на СНІД, бацькоўскі правоў, у гэты час яна была зноў цяжарнай, але яе адшукалі мёртвай у кватэры, дзіця нарадзіць яна не паспела.

Наркаманы наогул самая складаная група бацькоў, бо пазбавіцца залежнасці ім цяжэй, чым алкаголікам, ды і многія з такіх бацькоў маюць ВІЧ, СНІД, гепатыт. Хаця пры сапраўдным жаданні і маці, якія ўжываюць наркотыкі, вяртаюцца да нармальнага жыцця, вяртаюць сабе сям’ю. Звычайна гэта тыя, хто яшчэ не паспеў дайсці да наркатычнага дна.

Дапамогу ў СПЦ разам з іншымі адказнымі службамі аказваюць кожнаму, хто гатовы зрабіць хаця б адзін крок наперад. Раз у два месяцы спецыяльная камісія разглядае стан спраў у сем’ях, дзе адабралі дзяцей, і калі ўсё добра, іх вяртаюць. Яшчэ мінімум паўгода сям’я застаецца на патранаце, які ажыццяўляюць работнікі СПЦ сумесна з псіхолагамі і сацыяльнымі педагогамі мясцовых школ. І гэта нягледзячы на тое, што гаворка ідзе пра сем’і з дзецьмі да трох гадоў. Тым не менш у Заводскім раёне зацверджаны менавіта такі алгарытм работы, і ён сябе апраўдвае: раён вялікі і два спецыялісты з СПЦ не паспяваюць дастаткова часта абыходзіць усе сем’і. Каб патранат быў сапраўды якасным, далучаюцца калегі са школ, медыкі.

* * *

Зараз у сацыяльна-педагагічным цэнтры Заводскага раёна на ўліку стаяць трыццаць пяць сем’яў з дзецьмі ад нуля да трох гадоў — гэта 42 дзіцяці, у адносінах да шасці з іх прызнана, што ім неабходна абарона дзяржавы. Гэта далёка не самыя вялікія лічбы, з якімі Таццяна Яўгеньеўна Лукомская сутыкалася за гады сваёй работы ў СПЦ. Калі гэты спад будзе доўгім — цудоўна, але расслабляцца час яшчэ не надышоў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва СПЦ.