Вясна ў Студэнцкай вёсцы

- 10:32Актуально, Апошнія запісы

Сучасны 25-павярховы інтэрнат у Студэнцкай вёсцы сталіцы па адрасе вуліца Чурлёніса, 1 прыме першых студэнтаў да новага навучальнага года. Але раней у ім будуць жыць госці  ІІ Еўрапейскіх гульняў, і да іх прыезду тут амаль усё гатова. Працягваюцца работы па ўборцы памяшканняў і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Менавіта тут падчас Рэспубліканскага суботніка працавалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка і частка супрацоўнікаў галіновага міністэрства.

— Суботнік — гэта добрая традыцыя беларускай дзяржавы, — упэўнены Ігар Васільевіч. — Наводзім бляск, прыводзім усё у парадак, у прыватнасці, выпраўляем недапрацоўкі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі каля гэтага  інтэрната на 1800 месцаў, які пабудаваны тут апошнім. З яго ўводам дадатковыя месцы атрымаюць эканамічны, тэхналагічны ўніверсітэты, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, часова частку месцаў прадаставім студэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у сувязі з тым, што іх інтэрнат закрываецца на капітальны рамонт.  Вёска прырастае, тут уведзены інтэрнат на 1100 месцаў, пабудаваны за сродкі тэхнічнай дапамогі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Ён будзе прадастаўлены Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту.

Кіраўнік галіновага міністэрства заўважыў, што з 1 мая пачнецца перадача аб’екта Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў, хаця некаторыя работы працягнуцца і пазней, напрыклад, афарбоўка фасадаў некалькіх інтэрнатаў. Ён таксама дадаў, што ўся сістэма адукацыі актыўна ўдзельнічае ў суботніку. Ва ўсіх абласцях краіны, ва ўсіх установах адукацыі лю­дзі займаюцца пасадкай дрэў, добраўпарадкаваннем тэры­торый, у тым ліку працу­юць начальнікі ўпраўленняў адукацыі рай- і аблвыканкамаў: са сваімі службамі выехалі на добраўпарадкаванне дзіцячых аздараўленчых лагераў, бо сезон не за гарамі. Апарат Міністэрства адукацыі, частка якога працуе на рабочых месцах,  у прыватнасці, плануе пералічыць у фонд суботніка каля 2 тысяч рублёў.

— У нас невялікі апарат, усяго 92 дзяржслужачыя, так мы ўносім пасільны ўклад у рэспубліканскі суботнік, — дадаў І.В.Карпенка.

Супрацоўнікаў міністэрства мы адшукалі і ў двары будынка, і на яго 25-м паверсе.

— Нашы супрацоўнікі ахвотна ўключыліся ў работу, у прыватнасці, члены пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якое я ўзначальваю ў міністэрстве, — расказала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Ларыса Васільеўна Емяльянчык. — Хочацца прынесці карысць, тым больш што гэта асабліва значны аб’ект. Ён будзе сустракаць Еўрапейскія гульні, якія, безумоўна, узнімуць прэстыж Беларусі. Ну, і, зразумела, прыемна, што ў такіх добрых умовах потым будуць жыць нашы студэнты.

У памяшканні інтэрната № 9 і побач з ім падчас суботніка працавалі не толькі прадстаўнікі міністэрства, але і іншыя добраахвотнікі, у прыватнасці, супрацоўнікі, студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які атрымае ў новым будынку роўна палову месцаў — 900. Інтэрнат блочнага тыпу, пакоі на 2 або на 3 месцы, санвузел у блоку, усё зручна, сучасна, прыгожа, на 1-м паверсе — аддзяленне 33-й студэнцкай паліклінікі, ёсць іншыя службы. Як расказаў першы прарэктар БДЭУ Вячаслаў Юр’евіч Шуцілін, засяленне інтэрната забяспечыць універсітэт жыллём для студэнтаў прыкладна на 85%. 

Студэнты, дарэчы, працуюць тут не толькі ў суботнік. Для членаў БРСМ, напрыклад, работа знаходзіцца і ў іншыя дні. Так, дзяўчаты, якія працавалі там жа, на 25-м паверсе, расказалі, што прыходзяць сюды не першы раз і рады, што працуюць у інтэрнаце, у якім, магчыма, потым самі ж і будуць жыць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.