Вясёлая і займальная французская мова

- 10:21Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Работа з навучэнцамі, якія цікавяцца французскай мовай і якія жадаюць ведаць больш, чым прапанавана ў праграме, вялася мной пастаянна. Цікавасць да гэтай праблемы вялікая, асабліва ў апошні час. Я сабрала пэўны матэрыял па такой арганізацыі ўрока, каб адоранае дзіця не згубілася, не стала сумаваць і, у канчатковым выніку, не страціла цікавасць да мовы; па арганізацыі практычнай работы з адоранымі навучэнцамі.
Я пастаянна разважаю над тым, што трэба зрабіць, каб прыметы адоранасці, якія праявіліся ў дзіцячыя гады, не зніклі пазней, пастаянна знаходжуся ў пошуку актуальных форм работы з адоранымі.

Працуючы ў школе шмат гадоў, я зразумела, што дасягнуць найбольш значных вынікаў у рабоце з адоранымі навучэнцамі па французскай мове можна, выкарыстоўваючы камунікатыўныя і праектныя методыкі, якія заснаваны на ІКТ. Урок павінен быць пабудаваны на прынцыпах рознаўзроўневага навучання і грунтавацца на інтэрактыўных метадах навучання. І самае важнае ва ўмовах нашай малакамплектнай сельскай школы — гэта індывідуальныя заданні-кансультацыі і пазакласная работа па прадмеце.

У мяне выбудавалася наступная сістэма работы з адоранымі дзецьмі:
— выяўленне адораных дзяцей;
— складанне плана работы на год;
— распрацоўка індывідуальнага маршрутнага ліста на кожнага вучня;
— стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця адораных дзяцей (стварэнне такой атмасферы, калі настаўнік і вучань ідуць побач і разам працуюць у пошуку ісціны);
— распрацоўка творчых заданняў для выкарыстання іх на ўроках, пазакласных і індывідуальных занятках (алімпіяды, конкурсы, праекты, даследчыя работы).

Перш за ўсё выяўляю павышаную цікавасць навучэнцаў да прадмета. Часцей за ўсё яна ўзнікае ў 3—4 класах. Дзецям вельмі падабаецца вучыць лічылкі, вершыкі, спяваць французскія песенькі пад фанаграмы, выкарыстоўваць іх на фізкультхвілінках. Прымяняю розныя гульні, у якія дзеці з задавальненнем гуляюць. Далучаю малодшых школьнікаў да ўдзелу ў тыднях французскай мовы, выкарыстоўваю відэаролікі пры вывучэнні розных тэм (лічэнне, часткі цела, школьныя прылады, колеры, ежа і г.д.). Выкарыстоўваю розныя камп’ютарныя праграмы для навучання фанетыцы, чытанню, разуменню і ўспрыманню мовы на слых: “Французская мова. Практычны курс для пачаткоўцаў”; “Французская для школьнікаў 1—4 класаў”. Маляўнічасць, займальнасць камп’ютарных праграм выклікае вялікую цікавасць у дзяцей. Навучэнцам, якія хутчэй за ўсіх спраўляюцца з заданнямі, прапаноўваю падрыхтаваць узорнае чытанне тэксту, знайсці ў тэксце словы, якія нагадваюць словы роднай мовы, знайсці лішняе слова, рыхтую для іх карткі з рознымі заданнямі на разуменне тэксту (выберы правільны адказ, правільнае ці няправільнае сцвярджэнне, знайдзі словы, дзе літара -с- чытаецца па-рознаму, і г.д.). Галоўная задача на гэтым этапе — дапамагчы дзецям пераадолець страх рабіць памылкі, стварыць сітуацыю поспеху. Кемлівым дзецям можна прапанаваць наступныя заданні: напішы апавяданне (падрыхтуй міні-праект) пра свайго гадаванца, школу, кватэру, поры года, напішы і аформі віншавальную паштоўку да Новага года, Каляд. Для павышэння цікавасці да французскай мовы на пачатковым этапе выкарыстоўваю наступныя выданні: “Вясёлыя словы”, “Займальная азбука”, “Le franais – c’est super!”.
Пачынаючы з 5 класа, далучаю навучэнцаў да творчай дзейнасці праз чытанне адаптаваных казак (Ш.Пяро), апавяданняў на французскай мове, праводжу КВЗ, у якім трэба павітаць адно аднаго на французскай мове, перакласці тэкст, хутчэй палічыць, назваць скорагаворкі, інсцэніраваць казку, праверыць веданне алфавіта, разгадаць крыжаванку на пэўную тэму. Разам з навучэнцамі вучым песенькі на французскай мове, выконваем іх на розных школьных мерапрыемствах. Навучэнцы спрабуюць ствараць прэзентацыі па тэмах, робяць паведамленні аб спорце і прыдумваюць загадкі аб спартсменах (7 клас), Францыі (6 клас) і прыгожа іх афармляюць. Дзеці з задавальненнем карыстаюцца інтэрнэт-рэсурсамі і шукаюць інфармацыю пра вядомых людзей Францыі (Жэрар Дзепардзье, Сафі Марсо, Патрысія Каас — 7 клас). На дадатковых занятках з адоранымі навучэнцамі стараюся стымуляваць іх творчае мысленне пры дапамозе разгадвання крыжаванак. З вялікай цікавасцю дзеці шукаюць эквіваленты французскіх прыказак у рускай мове, складаюць апавяданні-загадкі (Quelle maladie est-ce? — 5 клас), малююць ілюстрацыі да аднаго з тэкстаў, астатнія дзеці вызначаюць, што гэта за тэкст, шукаюць аднакаранёвыя словы, тым самым папаўняючы свой слоўнікавы запас. Адным з самых дзейсных метадаў навучання з’яўляецца інтэрактыўнае навучанне. Падчас дыялогавага навучання дзеці авалодваюць уменнямі: крытычна мысліць, вырашаць складаныя праблемы, прымаць рашэнні, удзельнічаць у дыскусіях, ладзіць зносіны з іншымі людзьмі. Для гэтага на ўроках арганізоўваецца індывідуальная, парная і групавая работа. Маё месца ў інтэрактыўным уроку зводзіцца да накіравання дзейнасці навучэнцаў на дасягненне мэтаў урока. Незаменнымі памочнікамі настаўніка пры арганізацыі такой работы становяцца адораныя дзеці.
Дзеці з задавальненнем працуюць у групах па 3—4 чалавекі. Ім даецца агульнае заданне, пры гэтым агаворваюцца ролі кожнага вучня ў выкананні задання. Кожны адказвае за сябе, але і, што асабліва важна, за вынік усёй групы. Моцны вучань выконвае ролю настаўніка: у працэсе абмеркавання выпраўляе памылкі, дапамагае зразумець прачытанае, граматычныя структуры, засвоіць лексіку. Ён навучае і навучаецца сам (гульні “Дэтэктывы”, “Аднаві апавяданне”, “Мой дом”, “Пяць па пяць”, метад Pierre, pâtes, Paris).
На гэтай ступені вучу выкарыстоўваць веды па гісторыі, геаграфіі пры рашэнні тэстаў краіназнаўчага характару. Больш увагі ўдзяляю лексіка-граматычным навыкам падчас індывідуальных заняткаў. Яны неабходны для ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах. Для навучання ўспрыманню і разуменню мовы на слых выкарыстоўваю інтэрнэт-рэсурсы (сайт TV5monde). Прапаную адораным дзецям наступныя заданні: напішы рэкламу свайму гуртку або спартыўнай секцыі (8 клас), перакладзі кулінарныя рэцэпты сваёй бабулі на французскую мову (9 клас), складзі меню для школьнай сталовай на французскай мове (5 клас).
Пачынаючы з 9 класа, на ўроках выкарыстоўваю заданні для падрыхтоўкі да ЦТ (вызначыць правільную паслядоўнасць рэплік, выбраць пытанне, дарэчнае ў прапанаванай сітуацыі, вызначыць адпаведнасць паміж рэплікамі-стымуламі і рэплікамі ў адказ, выбраць рэпліку ў адказ, якая падыходзіць да прапанаванай; у якой сітуацыі можна выкарыстоўваць тыя ці іншыя выразы), заданні краіназнаўчага характару (паведамленні аб французскіх спеваках, зорках кіно, вялікіх вучоных і мастаках).
Выступаю ў ролі пасрэдніка паміж культурай і асобай. Лічу, што ў цяперашні час дзеці ведаюць пра гэта няшмат. Мае ўрокі, я спадзяюся, дапамогуць ім стаць больш адукаванымі. Адораныя дзеці дапамагаюць у падборы матэрыялу, кантралююць працэс падрыхтоўкі, размяркоўваюць абавязкі. Прапаную навучэнцам такія заданні: прачытай урыўкі з тэксту і злучы іх у лагічным парадку; дай загаловак прачытанаму тэксту, аргументуй свой выбар; параўнай тэксты і назаві іх адрозненні; прыдумай працяг апавядання; падрыхтуй прэзентацыю тваіх любімых фільмаў або кніг.
З мэтай фарміравання камунікатыўных навыкаў выкарыстоўваю спецыяльныя практыкаванні для работы з фатаграфіяй або карцінкай.
Вялікую ўвагу ўдзяляю праектнай дзейнасці. Падчас падрыхтоўкі праектаў улічваю тэхнічныя, музычныя, даследчыцкія, артыстычныя здольнасці дзяцей, узровень іх інтэлекту. Першы наш вялікі праект — “Цудоўны свет французскай музыкі”. Падчас работы над ім рыхтаваўся матэрыял пра гісторыю французскай музыкі, дзеці вывучылі і выканалі вядомыя французскія песні, падрыхтавалі паведамленні з прэзентацыямі пра вялікіх французскіх шансанье Джо Дассена, Эдзіт Піяф, Шарля Азнавура, аркестр Поля Марыя, Лару Фабіян, Zaz, былі паказаны ўрыўкі з кінафільмаў, дзе гучала выдатная французская музыка. На гэтае мерапрыемства былі запрошаны школы раёна, у якіх вывучаецца французская мова.
Другі праект — “Краіны франкафоніі” — рэалізоўваўся ў рамках Тыдня французскай мовы. Навучэнцы даведаліся шмат новага не толькі пра Францыю, але і пра іншыя краіны: Канаду, Алжыр, Марока, Бельгію, Швейцарыю, Мадагаскар, Камерун.
На старшай ступені навучання я ўключаю таленавітых навучэнцаў у даследчую дзейнасць. Гэта далучае дзяцей да самаадукацыі і, у нейкай меры, арыентуе іх на выбар прафесіі. На гэтым этапе я імкнуся быць партнёрам дзіцяці, не навязваць яму свае ідэі, а накіроўваць яго, не прымушаць, а вучыць, паважаць яго меркаванне. На працягу некалькіх гадоў былі падрыхтаваны выступленні на НПК “Першы крок у навуку” па тэмах: “Сакрэты французскай і беларускай кухні” — заваяваны дыплом ІІ ступені; “Французскі рэспубліканскі каляндар” — дыплом ІІІ ступені; “Знаёмыя незнаёмцы” — дыплом ІІІ ступені; “Францыя і французы”.
Традыцыйным для нашай школы з’яўляецца правядзенне тыдняў французскай мовы, падчас падрыхтоўкі да якіх дзеці даведаліся пра паходжанне французскай мовы, падрыхтаваліся да віктарыны “Ці ведаеце вы Францыю?”, паспаборнічалі ў пошуку эквівалентаў французскіх прыказак у рускай мове, склалі меню для школьнай сталовай на французскай мове, пазнаёміліся з творчасцю В.Гюго і мюзіклам “Notre-Dame de Paris”, выпусцілі газету на французскай мове “Кулінарныя сакрэты Францыі”, даведаліся, у якія гульні гуляюць французскія дзеці, паглядзелі фільм “Бум” і пазнаёміліся з творчасцю Сафі Марсо.
Найважнейшай формай работы з адоранымі навучэнцамі з’яўляюцца алімпіяды. Падрыхтоўка да іх ажыццяўляецца індывідуальна. Актыўна выкарыстоўваю электронныя дапаможнікі і рэсурсы інтэрнэту. Работа, якая праводзіцца, дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў. Мае вучні займалі прызавыя месцы ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды, удзельнічалі ў трэцім этапе алімпіяды па французскай мове.
Сёння існуе мноства сайтаў на французскай мове, з якімі можна працаваць як на ўроку, так і ў пазаўрочны час. Дзякуючы ім, мае вучні рашаюць анлайн-тэсты, слухаюць маўленне носьбітаў французскай мовы, пашыраюць пры гэтым свой слоўнікавы запас і моўныя веды.
Улічваючы вышэйсказанае, я магу зрабіць выснову, што работа з адоранымі дзецьмі — гэта працаёмкі працэс, які ніколі не спыняецца. Чым больш ты ўдзяляеш увагі такім дзецям, тым больш адчуваеш адказнасць за іх. Ты ўжо не маеш права спыніцца на паўдарозе і павінен ісці да канца. А для гэтага трэба расці, пастаянна абнаўляць веды не толькі па сваім прадмеце, але і па псіхалогіі, а ў цяперашні час — і ва ўменні карыстацца камп’ютарам і іншымі электроннымі сродкамі навучання. Неабходна цесна супрацоўнічаць з бацькамі адораных дзяцей, шукаць у іх апору і падтрымку, як для сябе, так і для іх дзяцей. Эфектыўнасць выкарыстання мной форм і метадаў работы з адоранымі дзецьмі праяўляецца ў тым, што расце матывацыя да вывучэння французскай мовы. Многія мае выпускнікі сталі студэнтамі МДЛУ, многія выкарыстоўваюць французскую мову ў сваёй прафесійнай дзейнасці, не звязанай з яе выкладаннем, у многіх з’явілася жаданне вывучыць і іншыя мовы.
У адораных дзяцей растуць пазнавальныя інтарэсы да французскай літаратуры, краіназнаўства, музыкі. Адсюль іх удзел і прызавыя месцы ў алімпіядах, конкурсах і НПК (конкурс “Лінгвісцяня”, раённы конкурс Intervision).
Вывучыўшы літаратуру і абагульніўшы вопыт сваёй работы, раблю выснову, што правільная арганізацыя вучэбнага працэсу ў рабоце з адоранымі дзецьмі дае высокія вынікі. Такія навучэнцы не толькі маюць добрыя веды па французскай мове, але і імкнуцца да самаадукацыі, пашырэння свайго кругагляду, пазнання свету, развіцця сваіх здольнасцей, што дапаможа ім у будучыні паспяхова сябе рэалізаваць.
Матэрыяламі, распрацаванымі па гэтай тэме, дзялюся са сваімі калегамі, выступаю на педагагічных нарадах школы, на раённых метадычных аб’яднаннях настаўнікаў замежнай мовы, пастаянна вывучаю метадычныя навінкі, матэрыялы педагагічных выданняў і перадавы вопыт сваіх калег.
У рабоце з адоранымі дзецьмі лічу галоўным: добразычлівасць, стварэнне камфортных умоў у навучанні, заахвочванне любога, нават самага маленькага поспеху. Даю магчымасць дзецям задаваць пытанні, прапаноўваю розныя вучэбныя дапаможнікі, літаратуру на французскай мове, дзялюся любой карыснай інфармацыяй, заахвочваю самастойнасць і актыўнасць, дапамагаю пры ўзнікненні аб’ектыўных і суб’ектыўных цяжкасцей.

Святлана АНДРУШОЙЦЬ,
настаўніца французскай мовы
Дакурнішскага ясляў-сада —
сярэдняй школы
Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.