Выбар прафесіі — справа сур’ёзная

- 12:13Выбар прафесіі

Але пачуццё гумару ў такой важнай справе таксама не лішняе, а нагода крытычна ацаніць свае магчымасці і здольнасці. Гульня “Я выбіраю…” прадэманстравала, што сённяшнія адзінаццацікласнікі ставяцца да выбару свайго прафесійнага шляху адказна і крэатыўна.

— У Ленінскім раёне Грод­на з навучэнцамі ў адпаведнасці з іх узростам актыўна вядзецца прафарыентацыйная работа па розных кірунках. Арганізоўваюцца гульні, квесты, праводзяцца вытворчыя экскурсіі на прадпрыемствы, — гаворыць метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Марына Ярома. — Вось і гульню накшталт “Клуба вясёлых і знаходлівых” таксама арганізавалі. Падчас падрыхтоўкі да яе школьнікі даведаліся шмат новага пра розныя прафесіі, спраектавалі прафесіі будучыні і ўявілі, якімі спецыялістамі яны ста­нуць праз 10 гадоў.

Гульня складалася з трох конкурсаў: візітоўкі “Раскрый прафесію!”, конкурсу відэаролікаў “Я выбіраю…”, дамашняга задання “Сучаснай вытворчасці — прафесійныя кадры”.

Пяць каманд: “Недапрофі” з сярэдняй школы № 8, “Біржа працы” — школы № 23, “Ланкастары” — школы № 27, “Серп і молат” — школы № 28 і “Формула 1” з сярэдняй школы № 32 — творча і весела прадэманстравалі свой выбар жыццёвага шляху.

“Прафесій шмат, а я адзін. Як выбрац­ь?” — задавалі пытанне хлопцы з 23-й школы. “І гэта адно з самых галоўных рашэнняў, якое мы прымаем у жыцці”, — дадавалі вучні 8-й школы. Каманда 27-й школы вярнулася ў мінулае і перанеслася ў будучыню, паказаўшы работу настаўніка ў 1975, 2019 і 2055 годзе. “Віртуальны юрыст”, “Галактычны архітэктар”, “Інжынер унутраных органаў” — такія прафесіі будучыні ўжо сёння прадставіла каманда 32-й школы. Хлопцы з 28-й школы прадэманстравалі, што, гуляючы, можна рабіць сур’ёзныя вывады.

Адметнасцю мерапрыемства стала і тое, што ў склад журы ўвайшлі прадстаўнікі гродзенскіх прадпрыемстваў “БелТАПАЗ”, “ЗОВ”, упраўлення па працы, занятасцi і сацыяльнай абароне Гро­дзенскага гарвыканкама. І пакуль журы вызначала пераможцаў, сцэну сярэдняй школы № 27, дзе адбываўся конкурс “Я выбіраю…”, занялі студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сваю прафарыентацыйную работу яны правялі таксама незвычайна — прадэманстравалі фізічныя фокусы і расказалі, чаму, акрамя гэтага, можна навучыцца на факультэце.

— Прафарыентацыйную работу можна арганізаваць вельмі разнастайна: мы праводзім квесты, конкурсы, майстар-класы і сустрэчы з прадстаўнікамі навучальных устаноў і прадпрыемстваў. Арганізавалі нават сапраўднае субяседаванне ў адной арганізацыі, каб нашы вучні ведалі, як трэба працаўладкоўвацца, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы № 27 Ірына Клыс. — Педагог-арганізатар Таццяна Максімчык і група адзінаццацікласнікаў стварылі добрую каманду, а наш вучань Уладзіслаў Дубатоўка стаў адным з самых яркіх гульцоў і быў асобна адзначаны журы. Дарэчы, Уладзіслаў ужо вызначыўся са сваім прафесійным шляхам — марыць паступіць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.